Самая фотогеничная девушка республики живёт в Ляховичах

З заслужанымі перамогамі з сёлетняй сталіцы рэспубліканскіх “Дажынак” Жлобіна вярталіся не толькі галоўныя героі свята – хлебаробы, але і самыя прыгожыя дзяўчаты краіны. 18 юных прыгажунь (па 3 з кожнай вобласці) сталі ўдзельніцамі конкурсу “Міс Дажынкі-2013”, які ўпершыню ўвайшоў у праграму фестывалю-кірмашу.
Шматлікім гледачам, што сабраліся 27 верасня на пляцоўцы “Маладзёжная”, пашчасціла стаць відавочцамі маляўнічага шоу, падчас якога дзяўчаты змагаліся за права атрымаць жаданы тытул пераможцы. Да фінальнай часткі прэтэндэнткі падрыхтавалі відэапрэзентацыю, у якой расказалі падрабязна пра сябе, свае інтарэсы, захапленні, планы. Запамінальнымі былі выхады канкурсантак у розных вобразах, а таксама яркія харэаграфічныя выступленні. Да іх дзяўчаты рыхтаваліся падчас тыднёвага знаходжання ў Жлобіне. Дарэчы, балельшчыкі зараней маглі аддаваць галасы ў інтэрнэце за сваю фаварытку.
І многія яшчэ загадзя ёю назвалі нашу зямлячку – 11-класніцу СШ № 2 Крысціну Саракавік.
І вось вынікі падведзены. Крысціна прывезла ў Ляхавічы тытул “Міс фота”.
Між іншым, для Крысціны Саракавік гэта перамога не першая ў конкурсах прыгажосці. Былі ўжо тытулы ў рэспубліканскім лагеры “Зубронак” і “Міс Ляхавічы-2012”.
Дамоў Крысціна вярталася ў цудоўным настроі. “Столькі ўражанняў засталося! Усё было, як у казцы. Бясцэнны вопыт атрымала ад удзелу ў конкурсе высокага ўзроўню. Нават паступілі прапановы папрацаваць у якасці мадэлі. Канешне, гэта прыемна і цікава.
Паміж дзяўчатамі панавалі добразычлівасць і шчырасць, падтрымлівалі адна адну”, – дзеліцца ўражаннямі самая фотагенічная дзяўчына краіны.
Магчыма, хутка мы пачуем і ўбачым на мадэльным небасхіле новую зорку Крысціну Саракавік. А сама дзяўчына марыць добра закончыць школу (яна вучыцца на выдатна) і стаць высакакласным спецыялістам у хімічнай прамысловасці. Адно другому не перашкода.

Крысціна вельмі ўдзячна ўсім, хто яе падтрымліваў і  аддаў свой голас  за яе.

Галіна КАНЬКО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *