Адзнакі для сельгастэхнікі і сумленнасці працаўнікоў. Рэйды, накіраваныя на выяўленне злачынстваў і правапарушэнняў на аб’ектах аграпрамысловага комплексу, праводзіць Ляхавіцкая міліцыя

Уборачная кампанія-2022 стала справай не толькі сельгаспрацаўнікоў. Супрацоўнікі РАНС манітораць сітуацыю на прадмет выканання правілаў пажарнай бяспекі. Міліцыя робіць упор на гатоўнасці сельгастэхнікі да выхаду ў поле, мерах па захаванні таварна-матэрыяльных каштоўнасцей, выяўленні фактаў іх крадзяжу, а таксама безгаспадарлівасці і бяздзейнасці з боку службовых асоб. З гэтай мэтай праваахоўныя органы арганізоўваюць тэматычныя. У адным з такіх прыняў удзел і карэспандэнт «ЛВ».

У камбайнераў Валерыя Пстыгі і Уладзіслава Купрыша парушэнняў няма.

У складзе рэйдавай групы – старшы дзяржаўтаінспектар АДАІ Аляксандр Анікевіч, начальнік аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі РАУС Сяргей Хмарук і старшы оперупаўнаважаны групы БЭП Віталій Грынько.
Машына рэйдавай групы накіроўваецца па аўтадарозе Ляхавічы – Нача. Недалёка ад райцэнтра супрацоўнік АДАІ спы-
няе для праверкі трактар з прычэпам «Гаспадар». Вадзіцель тлумачыць, што накіроўваецца на ферму развозіць корм жывёле. У кабіне аказваецца ёмістасць з васьмю літрамі афарбаванага дызпаліва. Супрацоўнікі міліцыі афармляюць пратакол агляду і канфіскацыі, працэдура праходзіць адпаведна літары закону. На пытанне карэспандэнта, ці ведаў трактарыст, што нельга перавозіць дызпаліва, адказвае станоўча, але шчыра прызнаецца, што разлічваў на ўдачу – трэба было аддаць доўг…

Знойдзеная ў трактары каністра з палівам вернута ў сельгаспрадпрыемства.


У цэнтры ўвагі – не толькі сельгастэхніка. Аляксандр Анікевіч у вадзіцеляў легкавых аўто правярае дакументы, аглядае і багажнік. Адзін з тых, каго спынілі, – жыхар Начы Аляксандр – адзначае, што для яго выкананне ПДР і ў якасці вадзіцеля, і пешахода – аснова асноў. Як і наяўнасць допуску да ўдзелу ў дарожным руху, афармленне страхавога пасведчання.
І такія станоўчыя «адзнакі» на гэтым адрэзку дарогі былі ва ўсіх вадзіцеляў транспартных сродкаў.
На гадзінніку 15.50. Рэйд працягваецца, і праз пару кіламетраў мілыцыя спыняе КАМАЗ, што перавозіць ваду для рагуль, якія пасвяцца на пашы. Пры праверцы дакументаў высветлілася, што транспартны сродак не зарэгістраваны ў ДАІ… Перш чым аб’явіць вусную заўвагу вадзіцелю, Аляксандр Анікевіч правярае яго па базе «АІЗ-ДАІ ЦЭНТР» на прадмет пазбаўлення вадзіцельскага пасведчання і наяўнасць правапарушэнняў, знаходжання ў вышуку. З дакументамі ўсё ў парадку. Службовая асоба, якая дапусціла машыну да ўдзелу ў дарожным руху, будзе прыцягнута да адміністрацыйнай адказнасці па артыкуле 18.21.
У гараж накіроўваецца камбайн Уладзіслава Купрыша і Валерыя Пстыгі – зламаліся. Аляксандр Анікевіч правярае дакументы камбайнераў і жадае ім шчаслівага шляху.
У ГАЗэлі знойдзены каністры з дызпалівам – не афарбаваным. Вадзіцель тлумачыць: набыў яго на аўтазапраўцы, што пацвярджаюць чэкі з касавага апарата. Супрацоўнік БЭП указвае на парушэнне: перавозіць паліва дазволена толькі ў металічных ёмістасцях.
Пры праверцы трактарыста, які ехаў па населеным пункце, высветлілася, што ён забыў правы дома. Трактарыст да высвятлення абставін і наяўнасці вадзіцельскага пасведчання на час адхілены ад кіравання. Калі дакументы прадастаўлены, транспартны сродак адпраўляецца па зададзеным працоўным накірунку.
На маршруце рэйдавай групы – машынна-трактарны парк сельгаспрадпрыемства, дзе начальнік ААПП Сяргей Хмарук перш-наперш прагледзеў журнал нясення дзяжурства работнікамі вартавой аховы МТП.
Падчас рэйду ажыццяўляўся і маніторынг умацаванасці і выканання службовых абавязкаў супрацоўнікамі вартавой аховы. У адным з прадпрыемстваў АПК раёна быў выяўлены факт знаходжання вартаўніка на працоўным месцы ў стане алкагольнага ап’янення. Складзены пратакол па ч.1 арт. 19.3 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях (распіццё алкагольных, слабаалкагольных напіткаў або піва на вуліцы, стадыёне, у скверы, парку, грамадскім транспарце або ў іншых грамадскіх месцах ці з’яўленне ў грамадскім месцы ў стане алкагольнага ап’янення), што прадугледжвае накладанне штрафу ў памеры да васьмі базавых велічынь.
У гэты ж дзень міліцыя правяла два санкцыянаваныя пракурорам раёна агляды гаспабудоў механізатараў сельгаспрадпрыемстваў. Па аператыўнай інфармацыі, якая паступіла ў міліцыю, быццам яны сістэматычна выкрадаюць гаруча-змазачныя матэрыялы. Інфармацыя пацвярджэння не атрымала.
20.50. У адным з населеных пунктаў раёна супрацоўнікі міліцыі з дапамогай праблісковых сіне-чырвоных маячкоў спынілі аўтамабіль «Фольксваген-Пасат»,  за рулём якога знаходзіўся жыхар раёна. Пры праверцы багажніка выяўлены 20 літраў афарбаванага дызпаліва і
20 кілаграмаў мукі. Падчас высвятлення крыніцы набыцця данай маёмасці ўстаноўлены яе незаконны шлях. Вадзіцель аказаўся брыгадзірам паляводчай брыгады аднаго з сельгаспрадпрыемстваў раёна. У адносінах яго за дробны крадзеж складзены адміністрацыйны пратакол па артыкуле 11.1 КоАП. Паліва і мука вернуты ў сельгаспрадпрыемства.
– З мэтай недапушчэння злачынстваў і правапарушэнняў у аграпрамысловай сферы рэйды будуць працягвацца і далей. Задача міліцыі – папярэдзіць крадзяжы збожжа і гаруча-змазачных матэрыялаў. Калі мілыцыянера няма побач, гэта не значыць што яго няма зусім, – падкрэслівае начальнік ААПП Ляхавіцкага РАУС.
Старшы дзяржаўтаінспектар АДАІ Аляксандр Анікевіч адзначае, што з пачатку ўборачнай кампаніі за допуск да кіравання транспартам асоб, якія не маюць права кіравання, да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнута адна службовая асоба сельгаспрадпрыемства, за допуск няспраўнай тэхнікі – тры, за допуск тэхнікі без дазволу да ўдзелу ў дарожным руху – тры службовыя асобы. На чатырох чалавек складзены пратаколы за тое, што былі не прышчэплены рамянямі бяспекі. Сем вадзіцеляў парушылі правілы перавозкі збожжа. Кантроль у гэтым напрамку супрацоўнікамі РАУС будзе прадоўжаны.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота аўтара.