Эмоцый узлёт – гэта турзлёт. Размешчаная побач з Курганам Славы паляна больш як на суткі перафарбавалася ў настрой і колеры турыстычнага бівака

Маляўнічая, высока-хваёвая, атрымаўшая за апошні год-паўтара новы канцэпт свайго ўпарадкавання тэрыторыя глядзелася па-фестывальнаму ярка. Распраўленыя крылы рознакаляровых турыстычных палатак, ведамасныя сцягі, плакаты-шыльды з абазначэннем асобных турыстычных «княстваў». Не сказаць, што іх было шмат: паўдзельнічаць у турыстычным злёце працоўных калектываў Ляхавіччыны сабралася пяць каманд. Вось іх турыстычныя імёны-прозвішчы: «Як цуп-цоп», «Сланечнік», «Сваякі», «Аграсябар», «Ляхавічок». Бадай, акрамя апошняй у пераліку, гучнай і добравядомай многім назвы-брэнда Ляхавіцкага малочнага завода, чатыры першыя патрабуюць дадатковай расшыфроўкі.
Дык у тым жа парадку: КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ», Ляхавіцкі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, аддзел па адукацыі райвыканкама і ААТ «Жарабковічы», якія, нягледзячы на разгар збожжаўборачнай кампаніі, знайшлі магчымасць для турыстычнага выхаду.
Намеснік старшыні райвыканкама Святлана Юрлевіч дала старт турыстычным гульням. Яна адзначыла, што ў Год гістарычнай памяці злёт пройдзе ў антуражы і з выкарыстаннем абноўленых пляцовак і прысвечаны менавіта гэтай падзеі.
Праграма злёту складалася  з прыкладна дзясятка адмысловых спаборніцтваў і конкурсаў. Большасць з іх патрабавала каманднага ўдзелу, але, канешне ж, мелі месца і агульнакамандную значнасць асобныя «сольныя» выступленні.
Пачыналі з многаэтапнай камбінаванай эстафеты, на розных участках якой абавязаны былі адзначыцца, а лепш – вызначыцца ўменнем і хуткаснай дакладнасцю ўсе ўдзельнікі каманды. Асноўны разлік арганізатары злёту ў асобе Ляхавіцкага раённага фізкультурна-спартыўнага клуба зрабілі на дэманстрацыі турыстычна-пешаходных тэхнік, уменні «фігурна» кіраваць веласіпедам, распальваць касцёр, ставіць турыстычную палатку на хуткасць і іншае.
Разам з традыцыйнымі актыўнасцямі і конкурсамі, такімі як перацягванне каната, «Гатуем разам», конкурс бівака «Наш утульны куточак» і іншымі, прапаноўваліся праграмай сёлетняга злёту і некалькі не зусім звыклых выпрабаванняў. Да ліку такіх можна аднесці конкурс пад назвай «Анаконда». Але палохаючай у гэтым выпрабаванні з’яўляецца толькі назва, не больш – моц рук удзельнікаў з’яўляецца тут адным з крытэрыяў поспеху. Была ў турыстаў і свая «флюараграфія» – конкурс, заснаваны на арыгінальным спосабе пераносу посуду.
А яшчэ валейбол, спаборніцтвы па якім праходзілі ў два дні-этапы.
– Гульня ў выкананні турыстаў-валейбалістаў утрымлівала элемент крэатыву. Праходзіла дастаткова эмацыянальна, актыўнічалі ў імкненні падтрымаць сваіх «валейбалістаў» астатнія ўдзельнікі калектываў, тыя, хто знаходзіўся за перыметрам гульнявой пляцоўкі. У якасці валейбольнага служыў вялікі дыяметрам каля паўметра фітбольны мяч. У складзе кожнай з каманд на пляцоўцы знаходзіліся чатыры чалавекі. Кожны за вугал трымаў прамавугольнік тканіны памерам з прасціну. «Прасціной» і належала прыняць падачу саперніка, перанакіраваць яго праз сетку на зваротны бок пляцоўкі. Даволі хутка прызвычаіліся, усё наладзілася, і пайшла вясёлая гульня, – расказвае галоўны суддзя турыстычнага злёту выконваючая абавязкі дырэктара раённага ФСК  Марына Бусько.
Хацелася б таксама адзначыць, што кожная з каманд мела свой «твар» – фірменную форму. Гэты факт, несумненна, дабавіў тарыстычнаму злёту працоўных калектываў Ляхавіччыны фарбаў.
Пераможца? Імі могуць лічыцца ўсе ўдзельнікі. А мацнейшай па выніках двухдзённых выпрабаванняў камандай стала ЖКГ.
Іван КАВАЛЕНКА.
Фота аўтара.