Старшыня аблвыканкама Юрый Шулейка з рабочым візітам наведаў Ляхавіччыну

Практыка пазапланавых наведванняў раёнаў старшынёй абласнога выканаўчага камітэта Юрыем Шулейкам працягваецца. У мінулую сераду з рабочым візітам губернатар наведаў Баранавіцкі, Ляхавіцкі, Ганцавіцкі, Івацэвіцкі раёны.
На Ляхавіччыне ў працоўным графіку наведванняў губернатара значыліся два сельгаспрадпрыемствы: ААТ «Шлях новы» і СУП «Ліпнянка».
Ураджайнасць сёлетняга жніва, аналіз у параўнанні з мінулагодняй статыстыкай, пытанні тэхнічнай аснашчанасці таварыства –
гэтыя і многія іншыя рабочыя нюансы кіраўнік вобласці абмеркаваў са старшынёй райвыканкама Мікалаем Марозам і дырэктарам «Шляху новага» Андрэем Коктышам.
Перспектывы росту, на што варта першапачаткова звярнуць увагу,
каб малочныя вынікі падраслі і наблізіліся да жаданых, – пра гэта і
іншае гаварылі падчас наведвання МТФ «Сакуны». Вытворчую абстаноўку праінспектавалі і на МТФ «Галавачы».

Пытанне тэхнічнага характару – нумар адзін падчас любой сельскагаспадарчай кампаніі. Як спраўляюцца з нюансамі на мехдварах гэтага прадпрыемства, даведаліся з першых вуснаў. Увагу прыцягнула тэхніка, якую гаспадарка аднаўляе сваімі сіламі. Напрыклад, некалькі трактароў былі сабраны літаральна з металалому. Юрый Шулейка пацікавіўся, колькі адзінак тэхнікі задзейнічана на палях «Шляху новага», ці ёсць патрэба ў тэхніцы, як спраўляюцца з тэхнічнымі праблемамі.
Яшчэ адной кропкай на маршруце губернатара стала СУП «Ліпнянка». Лёс гэтага прадпрыемства – складаны, яно пакуль стаіць на рэльсах рэканструкцыі. Пра гэта ў дэталях паведаміла кіраўніцтва «Ліпнянкі». Упэўніла, што ў хуткім часе ліпскую МТФ прывядуць у парадак, плануюць засяліць туды каля 700 галоў дойнага статка.
Маргарыта КУХТА-МАСЛОЎСКАЯ.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.