Тысячы тон беларускага золата. Першыя экіпажы-тысячнікі вызначыліся ў дзвюх гаспадарках Ляхавіцкага раёна

Склалася ўжо добрая традыцыя – калі ў раёне набіраецца тысяча тон збожжа, ці перавезенага, ці намалочанага, то такая падзея з невялікай разбежкай фіксуецца па двух адрасах. Вось і ў мінулую сераду першыя экіпажы-тысячнікі вызначыліся ў дзвюх гаспадарках. І зноў жа, па вядомых адрасах. ААТ «Жарабковічы» і ЗТАА «БелДан» прымалі прама ў полі віншавальныя дэлегацыі.

Першым тысячнікам раёна сёлета стаў зорны тандэм з «Жарабковіч». Асобы вядомыя і ў прадстаўленні не маюць патрэбы, але вітаем-віншуем экіпаж у складзе Андрэя Дзянішчыка і Андрэя Мамчыца. На сваім КЗС-1218 яны першымі перасягнулі тысячны намалот беларускага золата. Віншаванні ад кіраўніцтва раёна і галіновага прафсаюза хлебаробы атрымалі ў разгар працоўнага дня, без адрыву ад вытворчага працэсу. Экіпаж абяцае, што і другая тысяча не за гарамі. І хоць часу на адпачынак няма,
усё ж разляцелася беларуская песня для нашых рупліўцаў.
І літаральна тут жа віншавальная эстафета паімчала па другім адрасе – «белданаўскім». На пару хвілін гул камбайна змяняецца самымі шчырымі і прыемнымі словамі. З першай
маладзёжнай тысячай намалочанага збожжа віншавалі Паўла Канцэлярчыка. Да раённай дэлегацыі з падарункамі далучыўся і райкам БРСМ. Моладзь першая і на жніве. На пытанне, як гэта быць першым тысячнікам, Павел Канцэлярчык адказвае проста: прыемна, адказна і ўжо знаёма. Які год запар яго імя ў ліку лідараў жніва. На прапанову глядзець сябе ў Telegram-канале раёнкі паціскае плячыма:
– Пагляджу пасля ўборачнай. Пакуль галоўнае – ашчадна ўбраць у належны тэрмін, а гаджэты апасля.
І зноў жа самадзейныя артысты гарадскога Дома культуры падарылі шыкоўны настрой галасістым выкананнем роднай песні.
Рыта КРАСАВІЦКАЯ.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.