Дзяжурны па станцыі «Рэйтанаў». У першую нядзелю жніўня прафесійнае свята – Дзень чыгуначніка

Дыспетчары і інжынеры, касіры і дзяжурныя па станцыі, машыністы і праваднікі ў першую нядзелю жніўня адзначаюць прафесійнае свята – Дзень чыгуначніка.

Дзяжурны па станцыі «Рэйтанаў» Анастасія Герасімовіч.

Станцыі «Ляхавічы» і «Рэйтанаў» Баранавіцкага аддзялення Беларускай чыгункі – частка гэтай вялікай працоўнай сям’і, што прапісана ў нашым раёне і служыць патрэбам насельніцтва і прадпрыемстваў.
Праз станцыю «Рэйтанаў», размешчаную ў каардынатах аграгарадка Русінавічы, за суткі праязджае каля чатырох дзясяткаў пасажырскіх і грузавых цягнікоў.
– Летась было на працэнтаў 20–30 больш. Але стальныя магістралі ўсё ж, нягледзячы на санкцыі, запатрабаваны нават пры наяўнасці іншых транспартных шляхоў, – адзначае начальнік станцыі Эдуард Лагвіновіч.
На чыгунцы ён чалавек аўтарытэтны і вопытны – у сферы 24 гады, з якіх шэсць на чале калектыву. Кадры на станцыі «Рэйтанаў» на-
дзейныя, кампетэнтныя і камунікабельныя. Іх мала, але яны дастойныя ўвагі: дзяжурныя па станцыі Аляксей Сокал, Анастасія Герасімовіч, Вераніка Бублей, Ірына Лобус і станцыйны рабочы Таццяна Козел.
– У нашай справе не бывае дробязяў. Ад кожнага па-асобку супрацоўніка і ў цэлым ад калектыву залежыць і бяспека пасажыраў, і захаванасць грузаў, і своечасовая іх дастаўка, – падкрэслівае Эдуард Лагвіновіч.
Адсюль ТБЗ «Ляхавіцкі» адпраўляе торфабрыкеты на Польшчу, у Прыбалтыку і Расію. Сярод кліентаў і вытворчы ўчастак Баранавіцкага камбіната хлебапрадуктаў, камерцыйныя арганізацыі і г. д. Летась на станцыі для грузаперавозкі загружана 416 вагонаў ці 24500 тон. Сёлета ўжо 622 вагоны і, адпаведна, 34260 тон грузу.
На станцыі «Рэйтанаў» прыпынак робяць цягнікі эканом-класа. І з нядаўняга часу іх канечным прыпынкам у лунінецкім напрамку стала Гарынь. Для многіх гараджан і вяскоўцаў дызель – зручны і камфортны від транспарту.
Яшчэ адзін момант – увага да пасажыраў. У дзяжурных па станцыі маецца не адна гісторыя, як яны вярталі забытыя пасажы-
рамі ў цягніку рэчы: і дарагі тэлефон, і акуляры, і пальчаткі.
Нягледзячы на аддаленасць ад райцэнтра, станцыя трымае і знешнюю марку. Тут заўсёды парадак і чысціня як унутры, так і звонку. Летась побач са станцыяй узведзены новы склад для захоўвання паліва, а перад збудаваннем зроблены і водаадводны латок – каб не стаялі лужыны і не было слізка зімой. Здаецца, незаўважны штрых, але ён важны пазл у агульнай карціне пастаян-
нага абнаўлення і мадэрнізацыі чынункі, а таксама яе аб’ектаў.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.