З камсамольскім прывітаннем!

На гэтых здымках – гісторыя і асабістая, і агульная – камсамольская. Рэдакцыя ўдзячна музею ЛДАКа за прадастаўленыя фотаматэрыялы

Красуня-восень стойка датрымала на бярозках непаўторнага колеру – пераблытаныя сонца з золатам – лісце. Лёгкі подых ветрыку – і павольны карагод гэтых «медальёнчыкаў» сентыментальна прызямляецца пад ногі прахожых. Светла-пагодліва, месцамі дажджы, праўда, сіноптыкі абяцаюць хуткае пахаладанне. Няўдзячныя прагнозы напрыканцы кастрычніка. Аднак, адзін з іх абавязкова збываецца – у дзень 29-ы: сонечна ад усмешак на не зусім маладых і зусім немаладых тварах. Патлумачу: тыя, чыё юнацтва было камсамольскім, хто не проста спяваў, а дакладна ведаў і ведае, што “комсомол не просто возраст, комсомол – моя судьба” і што “любовь, комсомол і весна” – трыяда непарушная, хто спяшаўся апрануць на сябе будатрадаўскую форму, спяваў пад гітару ля кастра на маёўках, – той гэту дату святкуе абавязкова. 29 кастрычніка – дзень нараджэння камсамола, сёлета – юбілейны.

Якія ж настальгічныя і мілыя сэрцу ўспаміны… Мяркую па сабе і па сваіх сябрах. Мае аднакласнікі камсамольцамі сталі ў 1968-1969-м. Захлыналі эмоцыі, калі сход прагаласаваў: прыняць у члены ВЛКСМ. І значок, і білет, і дэсанты, і дыспуты, і безліч працоўных спраў – усё адтуль, з камсамольскага юнацтва. Яно ў кожнага сваё і непаўторнае, але з агульным знамянальнікам – перакананасцю, дзёрзкасцю планаў, нястомнасцю, гарачынёй сэрцаў, якія стараліся стукаць ва ўнісон з часам, “каб не было пакутліва балюча за бязмэтна пражытыя гады”.

Паверце, гэта не было проста прыгожымі словамі, і справы многіх пакаленняў камсамольцаў даказваюць вартасць іх існасці. Заўсёды з пашанай ставілася і ў гэтым сэнсе да свайго брата Аляксандра Бычкова: працаваў у Брэсцкім абкаме камсамола, а неўзабаве памяняў месца жыхарства на Пінск – яго абралі сакратаром штаба ЦК ВЛКСМ на адзінай у нашай рэспубліцы Усесаюзнай камсамольскай будоўлі – меліярацыі зямель беларускага Палесся. Ён аказаўся і першым, і адзіным за ўсю гісторыю гэтай будоўлі камсоргам. І да сёння ўспамінае, якімі важкімі справамі займаліся, як натхнёна працавалі і ніколі не хаваліся ад цяжкасцяў. Дарэчы, арганізацыі «Галоўпалессеводбуда» актыўнейшым чынам дзейнічалі ў нашым раёне. І моладзі з камсамольскім білетам там хапала. Брату пашанцавала пабываць з “саюзнымі” юнакамі і дзяўчатамі ў Камсамольску-на-Амуры, на БАМе. А спатрэбілася дапамога маладых пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС, камсорг штаба ЦК ВЛКСМ на чале будаўнічага атрада тройчы ездзіў на працоўную вахту ў раён з забруджанай тэрыторыяй. І гэта таксама камсамольская біяграфія з безагаворачным разуменнем слова “трэба”…

Камсамол і сёння для тых, хто прайшоў яго школу, гучыць годна і міла сэрцу. Не было ў ім зайздрасці, не было штучнасці, а толькі радасць дачынення да сапраўдных спраў. І ў 95 ён малады і па-добраму дзёрзкі, рамантык і летуценнік. І форма будатрадаўская яму па-ранейшаму да твару.

Сённяшняя моладзь лічыць сябе пераемнікам той вялікай і, не пабаюся гэтага слова, велічнай арганізацыі. Новы час, новыя ідэалы і мэты і па-ранейшаму шчырыя твары, светлыя думкі, дзёрзкія планы, уменне марыць і імкнуцца, намагацца і дасягаць. Хіба гэтага мала?! Проста вельмі хочацца, каб імкнучыся да каардынат сваіх мар, юнакі і дзяўчаты памяталі, як усё пачыналася. Не модна чытаць пра Паўку Карчагіна і пра маладагвардзейцаў? А гэта па-за модай. Не бойцеся пафасу і болю кніжных старонак – яны з жыцця, не карыстайцеся скарочаным варыянтам сталення. Вы цудоўныя і непаўторныя, дарагія бээрэсэмаўцы, і задумак у вас шмат, а спраўджаныя робяць вам гонар. Проста ведайце: маладосць заўсёды была ў палёце, імклівым, творчым, нераўнадушным. Яна пакідала на зямлі свае стваральныя і прыгожыя аўтографы. На пачатку трэцяга тысячагоддзя час выбраў вас для працягу сагі пра сапраўднага чалавека. Няхай жа яна гучыць жыццесцвярджальна і напісаныя вамі радкі будуць напоўнены глыбокім сэнсам.

З камсамольскім прывітаннем!

One thought on “З камсамольскім прывітаннем!

  • 31/10/2013 в 06:44
    Permalink

    Какое славное время было! Люди горели за идею, за жизненные идеалы.Успевали и результативно работать, и весело отдыхать. Спасибо Ольга Петровна за воспоминания!

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *