Дамы прыветна паглядаюць на мяне

Валянціна Пабягайла

Валянціна Пабягайла, будаўнік, паэтка:

Першы раз у Ляхавічы я трапіла 15 кастрычніка 1962 года. Скончыла ўлетку Мінскі архітэктурна-будаўнічы тэхнікум і прыехала працаваць у будтрэст № 25 у г. Баранавічы.У жніўні мне споўнілася 18 гадоў.

У той дзень ярка свяціла сонейка, зіхацела золатам і бурштынам лісце на дрэвах. А на мае вочы пастаянна набягалі слёзы, было сумна і страшна, бо вёз мяне галоўны інжынер БУ-145 Іосіф Антонавіч Бурак майстрам у глухую вёску Ліпск будаваць школу.

У Ліпску пазнаёміліся з дырэктарам школы Аляксандрам Сцяпанавічам Козікам, абазначылі будаўнічую пляцоўку, знайшлі мне жыллё ў вельмі добрай сям’і Лукі Адамавіча Гатоўчыца. Так пачалася мая працоўная біяграфія.

Усе матэрыялы, што завозіліся на будаўніцтва, лічыліся за мной, рабочых наслалі многа, бо да 1 верасня наступнага года школу трэба было ўзвесці. І не толькі сам будынак – воданапорную вежу, кацельню з высокай цаглянай дымавой трубой, інжынерныя сеткі і ачышчальныя збудаванні.

Была я тады зусім маладой, без вопыту. Кантора далёка – у Баранавічах, матуля яшчэ далей, і сувязі амаль ніякай.

Вязуць матэрыялы з Баранавічаў – кожную цаглінку пералічваю, пішу акты на недахоп. Шафёры на мяне крычаць, а я пішу і плачу ад крыўды. Бывала, хтосьці з рабочых вып’е – вядома ж, ад дому з’ехалі, свабода. Я іх з працоўных месцаў адпраўляю, яны слухаюцца, але прыгаворваюць: “Дзіця ты яшчэ, нічога ў жыцці не разумееш”. А колькі трэба было кожны месяц напісаць нарадаў на зарплату, не пагубіць дзясяткі дакументаў на матэрыялы і своечасова іх спісаць. Вельмі падтрымліваў мяне ў той час начальнік БУ-145 Іван Сцяпанавіч Колчын.

Школу да наступнага навучальнага года мы пабудавалі. Калі 1 верасня 1963 года ўбачыла шчаслівых дзетак і іх настаўнікаў, адчула ў сабе ўжо сапраўднага будаўніка і вырашыла паступаць у Мінскі політэхнічны інстытут толькі па гэтай спецыяльнасці.

Самі Ляхавічы спачатку захаплення ў мяне не выклікалі – не Мінск і нават не Баранавічы. На той час было тут некалькі цагляных будынкаў – універмаг, 2 адміністрацыйныя, школа № 1, Дом культуры, адзіны корпус веттэхнікума, 4 двухпавярховыя жылыя дамы.

Бліжэй з Ляхавічамі пазнаёмілася ў 1964 годзе, калі выйшла замуж. Муж на той час працаваў першым сакратаром райкама камсамола, а да гэтага настаўнікам фізікі ў Ліпскай школе (не дарма ж я яе будавала!). На той час у раёне дзейнічала невялікая міжкалгасная будаўнічая арганізацыя, аб’екты якой знаходзіліся ў асноўным у калгасах. Неўзабаве стварылі спачатку ПМК-46 Міністэрства сельскага будаўніцтва, пасля ПМК-13 Галоўпалессеводбуда. Тады і пачало рэзка мяняцца аблічча горада і раёна. На вуліцы Леніна выраслі чатырохпавярховыя жылыя дамы, кінатэатр, будынак школы № 2, інтэрнаты і вучэбныя карпусы веттэхнікума.

У раёне ўзводзіліся новыя сярэднія школы: Крывошынская, Востраўская, Падлеская, Куршынавіцкая, Малагарадзішчанская, дзіцячыя садкі. А ў Тухавічах і Куршынавічах яны былі з плавальнымі басейнамі.

Будавалі жывёлагадоўчыя фермы, сельскія дамы культуры, невялікія, але з усімі выгодамі жылыя дамы для вяскоўцаў.

У той час на месцы, дзе цяпер знаходзіцца цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, былі райкам партыі, райкам камсамола, рэдакцыя газеты “Будаўнік камунізму”. У будынку, дзе размяшчалася да нядаўняга часу міліцыя, яшчэ мясціліся і райвыканкам, і пракуратура. Першым сакратаром райкама партыі працаваў Мікалай Лукіч Сцепанюк – выдатны кіраўнік і чалавек. У той час узраслі ўраджайнасць і іншыя паказчыкі сельгасвытворчасці. Раён атрымліваў саюзныя пераходныя сцягі. Многія нашы землякі былі ўдзельнікамі ВДНГ у Маскве. Прадоўжылі гэтую работу таленавітыя кіраўнікі раёна Віктар Іванавіч Бурскі і Аляксандр Антонавіч Цупрык. Запомніўся сваімі паважлівымі адносінамі да будаўнікоў намеснік старшыні райвыканкама Вячаслаў Мацвеевіч Шакальян.

Пасля з’явіліся яшчэ 2 будаўнічыя арганізацыі – СПМК-130 і ДСПМК-189, завод ЖБВ. У будаўніцтве было шмат граматных інжынерна-тэхнічных кадраў з вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыяй.

Я шмат гадоў працавала начальнікам вытворча-тэхнічнага аддзела спачатку ў ПМК-13, пасля ў ПМК-46. Вучылася завочна ў політэхнічным інстытуце. Меўшы дваіх дзяцей, ездзіла ў камандзіроўкі, выконвала, акрамя асноўнай работы, грамадскія абавязкі. Цяпер дзіўлюся, адкуль мы тады бралі сілы, энергію, жаданне працаваць?!

Асабліва яркі след у маім жыцці пакінула праца ў ПМК-46. На той час гэта была моцная арганізацыя, у якой налічвалася больш за 300 чалавек. Узводзілі ў асноўным будынкі сацыяльна-культурнага прызначэння, школы, Дом Саветаў, дом сувязі, ільнозавод, пасля бальнічны комплекс у райцэнтры. Былі створаны моцныя будаўнічыя брыгады, якія доўгі час узначальвалі Пётр Васільевіч Васілько, Іосіф Казіміравіч Лентнер, Васіль Сяргеевіч Хмарук, Мікалай Іосіфавіч Бондар. А колькі сярод маіх калег было таленавітых жанчын: муляраў, тынкоўшчыц, маляроў, брыгадзіраў! Іх жаночыя рукі перацягалі тоны цяжару, уклалі тысячы цаглін, атынкавалі і пафарбавалі гектары сцен, столі, падлогі.

И стоят, построенные вами,

Здания, наполненные светом.

Вашим добрым сердцем и руками.

Трудно. Но призванье ваше в этом.

Калі атрымала прапанову ўзначаліць калектыў ПМК-46, доўга не згаджалася. Мне 34 гады, дзеці малыя, у мужа работа ў пасяджэннях ды паездках. Перамагло жаданне паспытаць свае сілы.

Прыняла калектыў у няпросты час. Толькі што здалі вельмі адказны аб’ект – другую чаргу льнозавода. Пакінулі на заканчэнне 100 тысяч рублёў на тыя грошы, а незавершаных работ засталося шмат. Але была нейкая ўпэўненасць, што ўсё пераадолеецца. Першы квартал майго кіраўніцтва грошы на зарплату давялося выпрошваць у банка на павер. А пасля з падтрымкай калектыву справы пайшлі. Ды і як мужчынам (а будаўнікі ў асноўным мужчыны) не падтрымаць жанчыну! Калі трэба было працаваць звышурочна ці ў выхадныя дні, аб’язджала брыгады, прасіла, і мне ніколі не адмаўлялі. У калектыве былі граматныя, адказныя інжынерна-тэхнічныя работнікі. Я і цяпер удзячна ім за добрую працу і падтрымку.

Ужо на другі год маёй работы начальнікам наш калектыў пачаў займаць першыя месцы сярод будаўнічых арганізацый у раёне, калона ішла першай на дэманстрацыях. Сталі працаваць з прыбыткам. Быў створаны свой хор. А як хораша будаўнікі раёна адзначалі прафесійнае свята ў раённым Доме культуры!

Адпрацаваўшы два гады на пасадзе кіраўніка, пераканалася, што справы пайшлі добра. Вырашыла перайсці зноў начальнікам вытворча-тэхнічнага аддзела. Прычына – падрасталі дзеці, ім патрэбна было больш увагі. І тады ведала, і цяпер пераканана, што кіраваць вытворчым калектывам – справа не жаночая. Мужчыны прасцей да ўсяго ставяцца і дамашнімі клопатамі менш загружаныя. Мы, жанчыны, да праблемных пытанняў адносімся з хваляваннем і слязамі. Працаваць начальнікам ПМК мне было і цікава, і цяжка. Цікава таму, што нешта атрымлівалася. Цяжка таму, што не хапала тэхнікі, купіць яе было праблематычна. Было усяго 2 сваіх аўтакраны. Але ўсім патрэбен быў той, на якім працаваў Васіль Васільевіч Байбак, а бульдозер – Івана Фёдаравіча Пабягайлы, бо гэта былі сапраўдныя асы сваёй справы. А мне замест старой дабітай “Волгі” міністр Віктар Дзмітрыевіч Даніленка як адзінай жанчыне-начальніку ў міністэрстве выдзеліў новы “УАЗік”. За ім вадзіцель Віктар Іванавіч Булаты ездзіў ва Ульянаўск.

Сёння бачу вынік сваёй працы, з радасцю сустракаюся з былымі калегамі-рабочымі і іншымі супрацоўнікамі.

Дамы прыветна паглядаюць на мяне.

Знаёмая тут кожная цаглінка.

Мяне не будзе, пройдзе час, міне,

Як помнікі застануцца будынкі.

Для мяне прыкладам кіраўніка будаўнічых арганізацый, а пасля і ўсёй будаўнічай галіны раёна быў і застаецца Уладзімір Міхайлавіч Саладуха. Пасля ў раён прыйшло новае пакаленне таленавітых інжынерных кадраў – Васілій Аляксандравіч Мазоль, Віктар Мікалаевіч Стасевіч, Валерый Пятровіч Каваленка, Людміла Мікітаўна Навумовіч, Васілій Уладзіміравіч Азарка, Уладзімір Іванавіч і Жанна Станіславаўна Дарашкевічы, Галіна Уладзіміраўна Ланкуць і іншыя.

У ПМК-13 часта мяняліся начальнікі, але з прыходам Міхаіла Антонавіча Шэйды калона стала адной з лепшых будаўнічых арганізацый не толькі ў раёне і славіцца выдатнымі спецыялістамі, майстрамі сваёй справы. Часта ўспамінаю каваля і майстра на ўсе рукі Івана Аляксандравіча Сяргея.

Шкада, што многіх людзей, з якімі давялося працаваць, няма на гэтым свеце, няма і большасці будаўнічых арганізацый. Але жыццё працягваецца. Калі мой горад–зорка Мінск (там нарадзілася, там прайшло маленства, вучоба ў тэхнікуме і інстытуце), то Ляхавіччына – маё сталае жыццё. Тут пачалася працоўная біяграфія, стварылася сям’я, нарадзіліся і выраслі дзеці, шмат знаёмых і добрых сяброў.

Як пахарашэў горад за нашы агульныя з ім паўстагоддзя, і асабліва сёлета, да абласных “Дажынак”. Уся гэта прыгажосць з’явілася ў тым ліку дзякуючы руплівым і працавітым рукам будаўнікоў.

А якая ў раёна і горада багатая гісторыя!

Над горадам заняўся светлы ранак,

Навокал цішыня і супакой.

Здаецца мне, што даўні крэпасць-замак

Яшчэ стаіць над Ведзьмаю-ракой.

Спрадвеку тут жылі цікавыя і разумныя людзі, якія будавалі і стваралі замкі, касцёлы, цэрквы, паркі, прыгожыя сядзібы. Хацелася б, каб у нас з’явіўся добры музей, а жыхары раёна ведалі, захоўвалі і бераглі сваю спадчыну.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *