Матуліна цяпло. Галіна Казлова з Альхоўцаў – адна з трох зямлячак, якія напярэдадні свята Указам Прэзідэнта Беларусі ўзнагароджаны ордэнам Маці

Мама, мамачка, матуля – колькі цяпла ў такіх родных словах. У разы павялічваецца сіла любві і душэўнасці ў вялікай сям’і. І гэта сапраўдная ўзнагарода жанчыне, якая сваё сэрца аддае дзецям.

У жыхароў Альхоўцаў Галіны і Руслана Казловых шасцёра дзяцей: Караліна, Яна, Арцём, Ева, Аліта і Цімафей. Бацькоўская любоў, клопат і ўвага не дзеляцца, а, як моцны прамень, абаграюць усіх разам.
На пытанне, што значыць быць маці, Галіна адразу адказвае – бязмежнае шчасце.


– У кагосьці сусвет канцэнтруецца на новым аўтамабілі, сукенцы ці, напрыклад, на паездцы на мора. У мяне ж гэта дзеці. Мая малышня, мой батальён, мае самыя лепшыя дочкі і сыны. Быць мнагадзетнай маці, можа, і нялёгка, але гэта класна. Усе шасцёра розныя, са сваім характарам, звычкамі і паводзінамі. Кожны дзень адкрываеш у іх новае, бачыш у іх сябе і чуеш паўтарэнне сваіх слоў. Лічу, што чалавеку важна стварыць моцную сям’ю, а для кожнай маці яшчэ і выхаваць добрых, спагадлівых дзяцей, – дзеліцца наша зямлячка.
Пра вялікую сям’ю і мнагадзетны статус Галіна нават і не марыла. Вяселле з мужам некалі згулялі на Дзень закаханых і вельмі радаваліся, калі даведаліся, што стануць бацькамі. Пасля нараджэння дочак Караліны і Яны вырашылі, што праграма максімум выканана. А калі нарадзіліся пляменнікі, зноў з’явілася  жаданне вазіцца з пялёнкамі, распашонкамі, выбіраць цацкі і чытаць на ноч казкі.
Сёлета Арцём пайшоў у першы клас, Аліце два гады, Еве ўжо тры, а Цімафею 9 лютага будзе год. Шчасце стала поўным, адзначае Галіна, і падкрэслівае, што сама з мнагадзетнай сям’і – з чатырох сёстраў яна старэйшая.
Раніца маці шасцярых дзяцей пачынаецца з іх пад’ёму і прыгатавання сняданка. Старэйшых адпраўляе на школьны аўтобус, дашкольнікаў адвозіць у дзіцячы сад. Майстарскі водзіць мікрааўтобус, і для яе адлегласць да горада не праблема. Кругаварот дамашніх клопатаў прыпыняюць расказы дзяцей пра школу і дзіцячы сад, падрыхтоўка дамашніх заданняў, сумесныя гульні і іншае. Жыццё ў вёсцы дае значныя плюсы – дзецям раздолле, садавіна, агародніна, мяса з падсобнай гаспадаркі.
Для прыгатавання катлет на сям’ю патрэбна кілаграмы два фаршу, на пюрэ – вядро бульбы, для салата, напрыклад, бурачнага – шэсць караняплодаў… А на дзень нараджэння дзяцей пячэ торт на некалькі кілаграмаў.
Дамашнія клопаты з гаспадыняй дзеляць старэйшыя дзяўчынкі. Яны і бульбу абяруць, і засмажаць для супу моркву з цыбуляй, і малодшых, калі трэба, дагледзяць. Адным словам, памочніцы! Што гаварыць, калі двухгадовая Аліта збірае цацкі за сабой і за братамі.
Ці стамляецца мнагадзетная маці? Канешне. Але гэта, па яе словах, прыемная стомленасць. У выхадныя яна можа на цэлы дзень затрымацца на кухні, каб зварыць-выпечы рабятам нешта смачненькае. Прызнаецца: ні з чым не параўнаць тое асаблівае задавальненне ад радасных вачэй сыноў і дочак, ад іх вясёлага смеху, пяшчотных абдымкаў і мілых пацалункаў.
У дамашняй мітусні маці не забывае і пра сябе. Падкрэслівае, што шафа сукенак ёй не патрэбна – дастаткова мець варыянты на розныя жыццёвыя выпадкі. Каб не траціць шмат часу на прычоску, абрэзала пакарацей валасы. Навучылася сама сабе рабіць манікюр і іншыя маніпуляцыі – прыгажосць можна ствараць без наведвання салонаў. Да водпуску па доглядзе дзіцяці Галіна працавала ў ПМК-13 тынкоўшчыкам-маляром. Так што пры неабходнасці побач з мужам займаецца рамонтнымі работамі. Мнагадзетная маці марыць дабудаваць у доме другі паверх, каб у кожнага з дзяцей быў асобны пакой, а ў цэнтры дома вялікі стол, дзе збіраюцца сям’я і госці.
Галіна – жыццярадасная і энергічная, бязмежна любіць дзяцей і іх капрызы лічыць справай жыццёвай. Таму павышаны голас тут чуецца зрэдку. У спрэчнай сітуацыі правядзе «следства» і вызначыць правых-вінаватых. Вельмі даражыць падарункамі, зробленымі дзецьмі. Малюнкі, вырабы, кветкі, фотаздымкі – скарбніца сям’і. Першакласнік Арцём нядаўна зрабіў пярсцёнак, і маці яго захоўвае як самы дарагі.
Сям’я для Галіны Казловай – не толькі муж і дзеці. Так атрымалася, што нашай зямлячцы давялося замяніць маці малодшай сястры, калі той было 14 гадоў. Нягледзячы на дзесяцігадовую розніцу, сталі разам з мужам для дзяўчыны вернымі дарадцамі, бацькамі, аплачвалі яе адукацыю і зараз з’яўляюцца адной сям’ёй, дапамагаюць гадаваць і пляменніцу. У людзях мнагадзетная маці цэніць шчырасць, надзейнасць, добразычлівасць, і гэтыя якасці з мужам выхоўваюць у сваіх дзяцей. Галіна ўжо сёння ўяўляе, як праз шмат гадоў іх сыны і дочкі разам з сем’ямі будуць з радасцю прыязджаць дадому, а ў пакоі ўся сцяна ўпрыгожана фотаздымкамі не толькі з дзецьмі, але і з зяцямі, нявесткамі і шматлікімі ўнукамі.
Навіну пра тое, што ўзнагароджана ордэнам Маці, Галіна Казлова даведалася ад знаёмых – у тэлефоне ці камп’ютары завісаць няма часу. З дзяржаўнай адзнакай гераіню віншавалі і дзеці, і родныя. «ЛВ» далучаецца!

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота Маргарыты КУХТА-МАСЛОЎСКАЙ.