Тайны машыннага двара. Што паказаў маніторынг машынных двароў сельскагаспадарчых арганізацый Ляхавіччыны?

У пятніцу спецыялісты ўпраўлення па сельскай гаспадарцы
і харчаванні райвыканкама чарговы раз «праехаліся»
па машынных дварах, зернесушыльна-ачышчальных комплексах і некаторых іншых вытворчых аб’ектах сельскагаспадарчых арганізацый Ляхавіччыны. Гэта быў заключны этап маніторынгу на прадмет утрымання іх у належным парадку. Глядзелі таксама паўнату, правільнасць і ашчаднасць пастаноўкі сельгастэхнікі на міжсезоннае захоўванне, падымаліся пытанні аховы працы і іншыя падобныя. На гэты раз разам з прафесіяналамі ў тайнах машыннага, і не толькі, двара спрабаваў разабрацца і карэспандэнт «ЛВ».

Акрамя таго, данае мерапрыемства можна і патрэбна разглядаць у кантэксце падрыхтоўкі нашых сельгаспрадпрыемстваў да раённага агляду-конкурсу машынных двароў. Конкурс, нагадаем, праводзіцца штогадова, а, акрамя прызавых выплат, гаспадарка-пераможца атрымлівае яшчэ і «пуцёўку» на ўдзел у такім жа, але ўжо абласнога маштабу, конкурсе.
Пад пятнічны маніторынг трапілі тры сельскагаспадарчыя арганізацыі – ААТ «Жарабковічы» і «Шлях новы»,
а таксама ЗАТ «Белпрампрыбор».
З улікам таго факта, што абодва з адкрытых акцыянерных таварыстваў валодаюць не адной машынна-трактарнай базай, маршрут хоць і выдаўся даволі працяглым, быў дастаткова інфармацыйным, даў магчымасць паглядзець на машдвары і іншыя тэрыторыі ў дынамічным параўнанні.
Першым пад агляд трапіў машынны
двор «Тальмінавічы» ААТ «Жарабковічы». Хоць, калі не ведаеш, у прыналежнасці тэрыторыі «Жарабковічам» могуць узнікнуць і сумненні. Размешчаная на ўездзе ў перыметр таблічка з план-схемай аб’ектаў і ўказаннем маршрутаў руху транспарту ўсё яшчэ нагадвае пра мінулае – сведчыць аб прыналежнасці машдвара СВК «Тальмінавічы».
У той жа час памяшканне дыспетчарскай, на якім яна знаходзіцца, актыўна і дастаткова глыбока рамантуецца. Члены рэйдавай групы звярнулі на гэты факт увагу работнікаў гаспадаркі, выказалі надзею на тэрміновасць выпраўлення неадпаведнасці.
А на тэрыторыі двара нельга не заўважыць як саму работу, так і яе адносна нядаўнія вынікі. Людзі працягваюць наводзіць чысціню на вытворчых пляцоўках і ў памяшканнях рамонтна-механічнай майстэрні, асобныя заняты падрыхтоўкай да пастаноўкі на між-
сезоннае захоўванне збожжаўборачных камбайнаў, для якіх палявая вахта ўжо завяршылася. Астатнія з умоўна
замацаваных за ўчасткам «Тальміна-
вічы» камбайнаў ужо занялі сваё законнае зімовае месца – належна
падрыхтаваны і пастаўлены пад навес
на працяглае захоўванне.
Стан пляцовак для складзіравання металічнага лому і зношаных шын спецыялісты райсельгасхарчу знайшлі здавальняючым. Як, дарэчы, і машынны двор увогуле.
Заўвагі, і ўжо не ўпершыню, прагучалі ў дачыненні дахаў.
– Верх навеса для працяглага захоўвання складанай сельскагаспадарчай тэхнікі патрабуе рамонту, а дах будынку цэнтральных раммайстэрняў – капітальнага рамонту, – адзначыў галоўны інспектар Дзяржтэхнагляду ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Сяргей Шушпаннікаў.
Тэрыторыя цэнтральнага машыннага двара ААТ «Жарабковічы» мінулым летам кардынальна пераўтварылася. «Апранулася» ў асфальт, што азначае зусім іншае слова ў рабоце такога важнага і важкага вытворчага аб’екта. Усе расходы па навядзенні асфальту, а гэта прыкладна паўмільёна рублёў, узяло на сябе акцыянернае таварыства, вынік атрымаўся дастаткова хуткім і такім жа
якасным. У дадатак да асфальту былі часткова адрамантаваны дахі размешчаных на тэрыторыі асобных вытворчых аб’ектаў, актыўна працягваецца падрыхтоўка да пастаноўкі на захоўванне не занятых у палявых работах камбайнаў.
Машынны двор «Конькі» ААТ «Шлях новы» ў дзень нашага наведвання рашуча прыбіраўся. Замест звыклага, як можна меркаваць, рукам рамонтна-гаечнага інструментарыя асобныя работнікі ўзброіліся «шанцавымі» прыладамі. Падмяталі, зграбалі «ўчарашняе» лісце і іншае смецце. І не толькі «ў дзень кантрольнай закупкі» – за папярэдні прыкладна тыдзень да маніторынгу было зроблена не так ужо мала: папрацавалі з непатрэбнай на тэрыторыі вытворчага аб’екта расліннасцю, у плане ўпарадкавання пляцоўкі для захоўвання металалому і іншымі.
Аднак і тут вострым пытаннем працягвае заставацца дах будынка рамонтна-механічных майстэрняў. Відавочна –
пакуль, паколькі рамонтныя работы актыўна і настойліва ажыццяўляліся таксама і ў той самы дзень. Пад сцяной майстэрні знаходзіўся будаўнічы матэрыял, на даху па капітальным яго рамонце працавалі людзі. Усё сведчыла пра тое, што дастаткова хутка з гэтым пытаннем будзе завершана. Як і з абяцанай заменай аконных канструкцый.
З мінусаў спецыялістамі быў адзначаны факт не пастаноўкі на захоўванне збожжаўборачных камбайнаў, якія тут знаходзіліся, непарадак у памяшканнях так званага абменнага і пункта тэхнічнага абслугоўвання тэхнікі.
У Галаўнінцах, а гэта мы ўжо перамясціліся ва ўладанні ЗАТ «Белпрампрыбор», удзельнікі рэйдавай групы адразу ж адзначылі факт добрага стану ўязных варот мясцовага машыннага двара. Усе таблічкі і іншыя патрэбныя тут арыенціры-маркеры абноўлены, маюць стандартную інфарматыўнасць і належны выгляд.
– Чаго, на жаль, не скажаш пра сам участак пад’язной да машдвара дарогі. І ёй, як і ці не ўсёй тэрыторыі МТП, патрабуецца падсыпка-выраўноўванне. І гэта як мінімум. А «добрым ходам» было б пайсці ўслед за «Ляхавіцкім» і з сёлетняга года «Жарабковічамі» –
патраціцца на асфальт, – гаворыць Сяргей Шушпаннікаў.
Лакацыя склада паліўна-змазачных матэрыялаў машдвара «Белпрампрыбора» патрабуе расчысткі ад кустоўя і драўнянай расліннасці, пляцоўка для захоўвання зношаных шын і некаторых іншых вытворчых аб’ектаў – данавядзення належнага парадку.
Па меркаванні камісіі, прыкладна
80–90 працэнтаў тэхнікі, якая да гэтага часу павінна знаходзіцца на захоўванні, на яго так і не пастаўлена. Акрамя пералічаных, маршрут рэйду пралягаў таксама праз Навасёлкі (ААТ «Шлях новы») і Сваятычы
(ААТ «Жарабковічы»). Рэальнасць прыбліжана такая ж – парадку магло б быць і больш. Як і больш, высока скажам, эстэтыкі ў афармленні тэрыторыі і асобных лакацый машынных двароў. «Збудаваць» просценькую клумбу, пасадзіць у належным месцы, напрыклад, фруктовае дрэва, упрыгожыць зону адпачынку крэатыўнай лаўкай – гэта ніякія не расходы, а вось настрой падымае.

Іван КАВАЛЕНКА.
Фота аўтара.