«Нясвіж, Нясвіж, ты мой Парыж… «

Палац Радзівілаў у Нясвіжы

Лета – час адпачынку і вандровак, а восень – час падводзіць вынікі. Вынікам майго адпачынку стала маленькае падарожжа па Беларусі. Мір, Навагрудак, Нясвіж, Брэсцкая крэпасць, Белавежская пушча, Грушаўка, Савейкі – месцы, якія мне пашчасціла наведаць.

Па дарозе да Нясвіжа вочы лашчаць неверагодна прыгожыя пейзажы. Вялікія разгалістыя ліпы паабапал дарогі змяняліся палямі, якія здаваліся такімі неабсяжнымі і залатымі ад жыта, – распасціраліся, нібы сыходзілі далёка ў неба.

І вось ён Нясвіж… Горад, дзе заўсёды многа турыстаў, горад, прыгажосцю і гісторыяй якога нельга не захапляцца. Упершыню ён узгадваецца ў 1446 годзе. Славіцца палацам Радзівілаў, які будаваўся на працягу ХVІ-ХІХ ст. Пасля рэканструкцыі для турыстаў сталі даступныя вялікая камінная, малая сталовая, бальная залы, арсенал, капліца, пакоі князя і іншыя. Нават нягледзячы на тое, што вялікая колькасць экспанатаў з’яўляецца прадукцыяй сучасных беларускіх вытворцаў, атмасфера даўняга часу, калі тут праводзіліся святочныя балі, прыёмы заморскіх госцяў, адчуваецца спаўна. Кожная зала – асобны цуд. Люстры, выкананыя ў розных стылях, мэбля з раскошнымі ўпрыгожваннямі, вялікая колькасць партрэтаў. Каміны, крэслы, посуд нібы пераносяць на стагоддзі назад. Вялікую колькасць трафеяў дэманструе паляўнічая зала.

Палац Радзівілаў у Нясвіжы

Нясвіж можа пахваліцца прыгожым ландшафтным паркам. Не застануцца без увагі і Езуіцкі касцёл Божага Цела, магільны склеп Радзівілаў. Калі наведаеце Нясвіжскі замак – абавязкова пагуляйце па астатняй частцы горада, уражанняў хопіць надоўга.

Хопіць іх і ад наведвання Мірскага замка, які таксама занесены ў Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. Выкананы ў некалькіх стылях – гатычным і стылі рэнесансу, а сад – у італьянскім. Абвеяны мноствам таямніц і легенд, Мірскі замак прыцягвае турыстаў вялікай колькасцю ўнутраных пераходаў і вітых лесвіц. Зацікавіць і легенда пра абярэг замка – гэта каменны выступ з вонкавага боку, які нагадвае галаву барана, і калі яго дастаць са сцяны, замак абрынецца.

Далей у Навагрудак… Рэшткі замка ўяўляюць вялікую гістарычную каштоўнасць. На жаль, замак амаль разбураны. Але якое прыгожае відовішча адкрываецца з Замкавай гары! Мабыць, некалі тут стаяў вялікі князь Міндоўг. А крыху воддаль адкрыты для наведвання Дом-музей Адама Міцкевіча…

Такі ўтульны і спакойны, заўсёды рады гасцям Брэст – адзін з самых старажытных гарадоў Беларусі. Упершыню ўпамінаецца ў 1019 годзе. Славіцца знакамітай усяму свету Брэсцкай крэпасцю. Падпісанне Брэст-Літоўскага міру адбылося менавіта тут. Крэпасць стала адным з першых месцаў, куды нанеслі ўдар фашысты 22 чэрвеня 1941 года. Нельга не захапляцца мужнасцю, стойкасцю і адданасцю Радзіме абаронцаў Брэста і яго крэпасці. Кіжаватаў, Фамін, Зубачоў, Гаўрылаў – гэтыя прозвішчы ведае кожны беларус. Скульптурная кампазіцыя “Смага”, белы палац, галоўны манумент, штык-абеліск, Вечны агонь, ваенная тэхніка – далёка не ўвесь спіс усяго таго, што можна тут пабачыць, што раскажа пра гераічнае мінулае нашага абласнога цэнтра.

Мірскі замак

На тэрыторыі комплексу таксама знаходзіцца археалагічны музей “Бярэсце”, які славіцца вялікай колькасцю драўляных пабудоў ХІ-ХІІІ ст., шматлікіх прадметаў матэрыяльнай культуры таго часу. На глыбіні каля 4 метраў размешчана частка старажытнага горада, дзе можна ўбачыць розныя пабудовы, вулічныя маставыя, рэшткі печаў. Цікава паглядзець, як раней жылі твае продкі.

Немагчыма апісаць казачную прыгажосць Белавежскай пушчы. Самы вялікі лес Цэнтральнай Еўропы насяляюць каля 250 відаў жывёл і птушак. Тут расце 900 відаў раслін – паветра тут гаючае. Узрост старых дубоў – каля 500 гадоў! Магутны і велічны зубр – гаспадар пушчы. Далёка хадзіць не трэба, каб падзівіцца на насельнікаў пушчы – у вальерах абжыліся ваўкі, рысі, ласі, куніцы… Бясспрэчна, Белавежская пушча – адна з галоўных славутасцей краіны, яе візітная картка.

А ў маім родным Ляхавіцкім раёне сярод гістарычных славутасцей – вядомы з ХV ст. маёнтак у Грушаўцы, які належаў некалі роду Рэйтанаў. З ХVІІІ ст., калі гаспадаром стаў Дамінік Рэйтан, быў закладзены двор у стылі класіцызму, пабудаваны мураваны дом, паркавы фасад з тэрасай. Затым гаспадарамі былі Аліна і Юзэф, якія працягвалі развіваць сядзібу. Менавіта пры іх Грушаўка стала даходным маёнткам. Жыў тут і знакаміты праціўнік падзелу Рэчы Паспалітай Тадэвуш Рэйтан.

Незвычайны інтэр’ер: печы з галандскай кафлі, паркет, роспіс столяў, разьба, прыгожыя люстры і дарагая мэбля заўсёды ўпрыгожвалі дом. А што за цуд – ліпавая алея: высокія дрэвы, пасаджаныя паабапал, маюць таемны выгляд. Зачароўвае і грабавая алея. Непадалёку ад сядзібы знаходзіцца пабудаваная ў стылі неаготыкі капліца Рэйтанаў.

Грушаўская капліца

Закладзены ў сярэдзіне ХІХ ст. помнік палацава-паркавай архітэктуры ў в. Савейкі з 1901 г. належаў Тэафілу Навіцкаму. Маляўнічы ландшафт – палац, партэр, штучны вадаём, вялікая колькасць дрэваў і кустоў – робіць яго прывабным месцам. Кампазіцыя з сажалкамі яшчэ раз падкрэслівае рамантычны стыль парку. Нельга перадаць словамі, як там прыгожа, якім чароўным пейзажам можна палюбавацца, калі дрэвы і пабудовы з чырвонай цэглы адлюстроўваюцца ў невялікім вадаёме. Вакол цішыня і не хочацца парушаць гэту ідылію…

У кожнага горада, вёскі ці мястэчка свая гісторыя, свой лёс, таямніцы і легенды. І куды б ты ні завітаў, заўсёды цябе сустрэнуць са шчырай усмешкай. Якая ж яна прыгожая і гасцінная, мая Беларусь!

Маргарыта КУХТА,

студэнтка Інстытута журналістыкі БДУ.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *