Сумесная дарога даўжынёй у 55 гадоў. Начальнік аддзела загса Ляхавіцкага райвыканкама правяла ўрачыстую сімвалічную рэгістрацыю ізумруднага шлюбу

На дваіх 155 гадоў (з якіх 55 заўжды побач і разам), тры дачкі, шасцёра ўнукаў, праўнучка і мноства самых розных падзей, пераважная большасць якіх шчаслівыя і радасныя. Вось такую шыкоўную скарбонку за ўсю гісторыю сваёй сям’і сабралі Франц і Сафія Татарыновічы з аграгарадка Конькі.

Іх лёсы ішлі поруч з дзяцінства, абодва вучыліся ў Куршынавіцкай школе, потым і на танцы хадзілі разам, а вось жаніхом і нявестай сталі пасля таго, як юнак дэмабілізаваўся са службы ў арміі.
12 лістапада 1967 года ў Куршынавіцкім сельвыканкаме зарэгістравалі нараджэнне новай маладой сям’і – Татарыновічаў. І пачалася чарговая летапісная гісторыя, дзе старонка за старонкай пісаўся і перагортваўся сямейны альбом. Нараджэнне дзяцей, работа (Сафія Антонаўна працавала эканамістам у калгасе «Кастрычнік», а Франц Дамінікавіч – брыгадзірам), агульныя клопаты, потым дачакаліся ўнукаў, дапамагалі дочкам іх гадаваць, шчасціць і з праўнукамі.


– У сям’і бывае рознае, але заўжды стараемся падтрымліваць адзін аднаго. Галоўнае, умець чуць і слухаць. Канешне ж, іншы раз даводзіцца і саступаць, без гэтага ў сямейным жыцці ніяк, – упэўнена Сафія Татарыновіч.
– Пражыўшы столькі гадоў разам, нават і характары сталі падобнымі. Як і ў маладосці, і цяпер скажу: кахаю сваю жонку. Жывём мы дружна. Дзеці і ўнукі нас не забываюць. Акружаюць клопатам, часта прыязджаюць у бацькоўскі дом. Што яшчэ для шчасця патрэбна? У нас усё добра, – дадае Франц Татарыновіч.
Калі бачыш, з якой любоўю і пяшчотай гэтыя немаладыя людзі і сёння глядзяць адзін на аднаго, разумееш, каханне – сапраўды пачуццё на многія гады і здольна пераадольваць любыя перашкоды.
У вялікай сям’і Татарыновічаў вельмі цёплыя і пяшчотныя адносіны, але асаблівыя любоў і клопат да заснавальнікаў сям’і. І не дзіўна, што дзеці і ўнукі вырашылі стварыць сапраўднае свята для сваіх самых блізкіх людзей у такі памятны і значны для іх сям’і дзень.
У мінулую суботу ў цёплай сардэчнай атмасферы ў літаратурнай гасцёўні раённай купалаўкі начальнік аддзела загса Вольга Новік правяла ўрачыстую сімвалічную рэгістрацыю ізумруднага шлюбу. Як і 55 гадоў назад, была дадзена згода на тое, каб стаць мужам і жонкай, кожны з віноўнікаў урачыстасці распісаўся ў кнізе рэгістрацый, ізумрудныя маладажоны атрымалі пасведчанне, што пацвярджае рэгістрацыю 55-годдзя шлюбу, і прагучала традыцыйнае вясельнае «горка!». Вольга Новік пажадала, каб чароўная сіла кахання і далей была асновай асноў сям’і Татарыновічаў, а праз пяць гадоў у такой жа цудоўнай атма-сферы Сафія Антонаўна і Франц Дамінікавіч адзначылі брыльянтавае вяселле.
Колькі шчымлівых момантаў было падчас рэгістрацыі. Вось юбіляры сталі на ручнік – сімвал сямейнага дабрабыту. Прыгожа, душэўна, з любоўю віншавалі сваіх бацькоў, бабулю з дзядулем дочкі, зяці, унукі і праўнучка.
Аўтарам яшчэ аднаго прыемнага моманту стаў калектыў
ААТ «Шлях новы», прадстаўнікі якога таксама павіншавалі ізумрудных маладажонаў і пажадалі ім здароўя, любві, згоды і радасці.
І вось Франц Дамінікавіч запальвае агонь сямейнага ачага, і кожны з сям’і Татарыновічаў узяў для сябе часцінку-іскрынку дабрыні, цеплыні, павагі, любві і ўзаемаразумення.

ПРАЦЯГ ЧЫТАЙЦЕ Ў «ЛВ» за сераду, 16 лістапада.

Галіна КАНЬКО.
Фота аўтара
.