Сёння ў нашай хаце свята. У мінулы чацвер аграрыі Ляхавіччыны прымалі віншаванні

У мінулы чацвер аграрыі Ляхавіччыны прымалі віншаванні
з Днём работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці АПК.

БОЛЬШ ФОТА ТУТ

Беларусы заўжды рупліва працавалі на зямлі. І кожнае пакаленне з вялікай увагай і павагай ставілася да чалавека працы, да чалавека зямлі – ад яго залежала многае. І сёння ад тых, хто працуе ў сельскагаспадарчай галіне, залежыць якасць нашага жыцця, тое, што на стале беларусаў. І нашы аграрыі не падводзяць.


Рэкорды, імёны пераможцаў, пажаданні не спыняцца – усё гэта гучала падчас святкавання Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці АПК. У фае ГДК смачная інтрыга –
чый хлебны каравай стане пераможным? Галасавалі, абмяркоўвалі, ацэньвалі дызайн. Побач разгарнулася дэгустацыйная пляцоўка: малочны, кансервавы заводы прэзентавалі сваю прадукцыю, радавалі смачная прапанова кааппрама, шырокі выбар ільнопрадукцыі, РКЦ «Белаграпрамбанка» таксама кансультаваў па паслугах банка, здзіўлялі выставы работ устаноў культуры раёна.
Святочнае ўшанаванне пераняслося на галоўную сцэну ГДК. Важкі жніўны каравай пад гучныя апладысменты ўручылі кіраўніку раёна Мікалаю Марозу.


Першы намеснік старшыні камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама Сяргей Буткевіч адзначыў, што Брэстчына ганарыцца дасягненнямі аграпрамысловага комплексу. Ляхавіччына таксама сёлета паказала істотна лепшыя вынікі:
– За апошнія некалькі гадоў Ляхавіцкі раён знайшоў апору ў аграпрамысловай вытворчасці.
І вынікі гэтага года нам дазваляюць з упэўненасцю глядзець у будучыню наконт развіцця Ляхавіцкага раёна.


Ганаровай граматай Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання ўзнагароджана начальнік аддзела збыту Ляхавіцкага кансервавага завода Святлана Зязюля. Падзяка міністра ў гэты дзень адрасавана трактарысту-машыністу ААТ «Нача» Віктару Кунцэвічу. Шэраг ляхавіцкіх аграрыяў і працаўнікоў перапрацоўчай галіны АПК атрымаў узнагароды абласных органаў улады.
Моцная эканоміка – моцная сельская гаспадарка. Такую формулу агучыў намеснік генеральнага дырэктара дзяржаўнага аб’яднання «Кіруючая кампанія холдынга «Канцэрн Брэстмясамалпрам» Святаслаў Піва, пажаданні і віншаванні віноўнікам свята, і, канешне, заслужаныя ўзнагароды знайшлі сваіх герояў.
Пра тое, што Ляхавіччына не збіраецца спыняцца, гаварыў старшыня Ляхавіцкага райвыканкама Мікалай Мароз:
– Менавіта зладжаная работа кожнага – механізатара, агранома, заатэхніка, камбайнера, кіраўнікоў – усіх, хто мае дачыненне, дазволіла выйсці на годныя вынікі. Ёсць рэзервы, ведаем, як працаваць, а, самае галоўнае, у нас працавітыя, адказныя людзі. Кадры вырашаюць усё! Дзякуй вам за працу, за тое, што можаце немагчымае. Дзякуй ветэранам сельскагаспадарчай і прамысловай галіны за шматгадовую самаадданую і натхнёную працу.

На сцэне віталі і віншавалі пераможцаў раённага спаборніцтва.
Ад усяго сэрца аграрыяў вітаў старшыня раённага Савета дэпутатаў Юрый Чаранкевіч. Падзячныя пісьмы дэпутата Палаты прадстаўнікоў Людмілы Жалнерчык знайшлі сваіх герояў, як і дыпломы другой ступені ў раённым спаборніцтве.
Словы падзякі кожнаму – земляробам, хлебаробам, жывёлаводам, спецыялістам і кіраўнікам сельгаспрадпрыемстваў і перапрацоўчых прадпрыемстваў АПК раёна выказаў першы намеснік старшыні райвыканкама Васілій Пыжык. Кіраўнік райсельгасхарчу таксама ўручыў узнагароды пераможцам за трэцяе месца ў працоўным спаборніцтве.
Сапраўды вялікая колькасць прафсаюзных узнагарод у гэты дзень чакала свайго зорнага часу. Старшыня райкама прафсаюза работ-
нікаў АПК Ірына Чура ўручыла нагрудны знак «За заслугі» Рэспубліканскага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу старшыні ААТ «Нача» Мікалаю Тарлюку. Які ў сваю чаргу, як старшыня раённага аграпрамысловага саюза таксама ўзнагародзіў лепшых з лепшых.
Кадравы складнік – адзін з галоўных у сугуччы паспяховасці. Прыемна, што з кожным годам студэнцкія атрады працуюць на розных прадпрыемствах Ляхавіччыны, у тым ліку аграрных. Першы сакратар райкама БРСМ Анастасія Дземідовіч выказала
ўдзячнасць за шанаванне традыцый і падтрыманне студатрадаўскага руху.
І вось інтрыга ўрачыстасці набліжаецца да раскрыцця. На сцэну запрашаюць кіраўніка ЗАТ «Белпрампрыбор» – у прадпрыемства трэцяе месца ў конкурсе караваяў, другое месца ў начаўскіх хлебапёкаў. А вось самым арыгінальным, смачным, незвычайным сёлета прызнаны каравай майстроў з ААТ «Шлях новы».

Традыцыйны прыз «ЛВ» сёлета падвоіўся. І ў крытэрыях выбару тычыўся галоўных інфармацый-
ных характарыстык – дакладнасці і аператыўнасці. За плённае супрацоўніцтва, актыўнасць падчас падпісной кампаніі дыпломам «ЛВ» узнагароджана  намеснік дырэктара ААТ «Жарабковічы» Алена Навалочка. Яшчэ адзін дыплом знойдзе месца ў райсельгасхарчы. Менавіта адтуль для раёнкі аператыўна даходзяць статыстычныя даныя і лічбы, прозвішчы перадавікоў.
На сцэну за заслужанай узнагародай падымалася  галоўны спецыяліст упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчавання райвыканкама Данута Зубрыцкая.

Маргарыта
КУХТА- МАСЛОЎСКАЯ.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Падведзены вынікі абласнога спаборніцтва за дасягненне высокіх паказчыкаў на нарыхтоўцы травяных кармоў.
Сярод вадзіцеляў транспартных сродкаў, якія ажыццяўляюць перавозку травяных кармоў ад кормаўборачных камбайнаў і машын, сельскагаспадарчых і іншых арганізацый ёсць і прадстаўнікі Ляхавіцкага раёна.
Другое месца – у Аляксандра Мікуліча і Анатолія Петуха.
Трэцяе месца – ва Уладзіміра Татарыновіча.
Усе трое перадавых вадзіцеляў – з ААТ «Жарабковічы».