Творчы ўраган. І гэта Надзея. Ляхавічанка Надзея Цямчык выступіць у паўфінале праекта
Удзельніца праекта «Зорны шлях» на АНТ Надзея Цямчык падзялілася з «ЛВ» уражаннямі, хваляваннямі і творчымі планамі
Сёння сустракаемся на канале АНТ у 18.00 у тэлешоу «Зорны шлях». Ляхавічанка Надзея Цямчык выступіць у паўфінале праекта.
У рамках сумеснага праекта «ЛВ» і аддзела па адукацыі райвыканкама «Школьны дзённік» ў мінулую сераду на базе рэдакцыі раённай газеты прайшоў чарговы майстар-клас. Ініцыятарамі сталі жарабковіцкія школьнікі, далучыліся рабяты з Востраўскай СШ, СШ № 1 і СШ № 2.
Тэма – складаная, на гэты раз разбіралі сакрэты паспяховага інтэрв’ю. А каб тэорыя замацавалася, юнкары школьных рэдакцый адразу прыступілі да практыкі.
І запрасілі зорную госцю – удзельніцу праекта «Зорны шлях»
Надзею Цямчык.
Такім чынам, у студыі «ЛВ» прайшла самая сапраўдная прэс-канферэнцыя. Вось, што ў нас атрымалася.
– Надзея, у вас заварожваючы голас. Сочым за вашымі выступленнямі, балеем за ляхавіцкую зорачку. Што для вас праект?
– Гэты праект я параўноўваю з нейкай казкай, у якую мне пашчасціла трапіць. Ніколі не магла падумаць, што буду вучыцца ў лепшых, будзе шанц выступіць на вялікай сцэне. Але ж, самае галоўнае, – праект стаў для мяне праектам адкрыццяў. Людзі, з якімі мне пашчасціла пазнаёміцца і стаць блізкімі. Мой настаўнік Святлана Стацэнка, каманда з якой мы кожны дзень на сувязі: перапісваемся, тэлефануем адзін аднаму і ўжо штосьці плануем новенькае ў творчым плане.
– Адкрыйце сакрэт, якая на рэпетыцыях ваш настаўнік Святлана Стацэнка, як з ёй працуецца?
– Мне шчасціць на людзей. І Святлана Стацэнка, без перабольшання, чалавек, які адкрыў новую мяне. З ёй вельмі проста, з першых хвілін здаецца, што ўжо даўно знаёмы. Самае галоўнае, яна бачыць людзей і разумее іх.
З разуменнем ставіцца да таго, што чалавек без музычнай адукацыі. А, значыць, і падыход да навучання – іншы. І пра высокія матэрыі яна можа патлумачыць усё вельмі проста. Нават нотную грамату замянілі лесвічкай, каб я зразумела пэўныя вакальныя моманты. І за сваіх падапечных, сваю каманду Святлана Адамаўна будзе змагацца да перамогі. Галоўнае – яе моцная вера ў наш талент, у магчымасці, у большае. А ты, у сваю чаргу, ужо не можаш падвесці.
– Калі гучыць крытыка, як вы яе прымаеце?
– Я ўдзячна за кожнае слова, за кожную заўвагу, і тым больш за параду. Прымаю ўсё да ведама, і разам з тым расце жаданне паказаць, што ты можаш больш.
– Вы ўсведамляеце, што вы прадстаўляеце Ляхавіцкі раён, за вамі, Надзея, стаяць ляхавічане?
– Разумею, якая на мне адказнасць, што не магу падвесці сваіх землякоў. Але ў гэтым усім я так моцна адчуваю падтрымку родных і блізкіх людзей, калег, сяброў, знаёмых. І ад гэтага адчуваю сябе ўпэўненай.
– На шоу мы бачылі, як вы змянілі імідж, бачылі вашы эмоцыі… Гэта па-сапраўднаму, ці шоу ёсць шоу?
– Так, гэта шоу… І зразумела, што без такіх момантаў не бывае рэаліці. Змена іміджу не мая ідэя, мне проста раніцай сказалі: «Едзем да стыліста». А пасля былі слёзы, вельмі не хацела адразаць і фарбаваць валасы… Але ж даверылася прафесіяналам. І ад эфекту – у прыемным шоку. Мае слёзы былі самымі сапраўднымі, я літаральна развітвалася са сваімі кучаравінкамі. І першыя тыдні не магла нават сябе пазнаць у люстэрку і прыняць факт, што цяпер у мяне карэ.
– Змянілася знешнасць. А што акрамя яе?..
– З’явілася ўпэўненасць. Тое, чаго мне часам вельмі не хапала. І калі параўнаць мае выступленні на першых рэпетыцыях і цяпер, здаецца, гэта дзве Надзеі, якія ніколі не пазнаёмяцца паміж сабой. Святлана Адамаўна заўжды рабіла заўвагі: «Надзя, як ты стаіш», «Падымі позірк», «Не спявай у падлогу». І вось адмотваю гэтыя моманты, і вінавачу сябе за гэту няўпэўненасць. Усё б па-іншаму зрабіла: уварвалася ў праект, як творчы ўраган. Але ж дзякуючы яму я атрымала гэту ўпэўненасць. Я цяпер ведаю, што магу больш.
– Вось вы бачылі адзін маштаб сцэны і, скажам так, другога гледача. Дзе складаней выступаць: тут, на мясцовай сцэне, ці на праекце?
– З якога пункту гледжання разважаць. Як чалавек, які выступае перад ляхавіцкай публікай часцей, мне хочацца кожны раз выйсці да землякоў з новай песняй, па-новаму іх здзівіць. Тут варта многа працаваць. Таму перад сваімі выступаць складаней. На праекце прасцей у плане каманды: твой выгляд – гэта работа грымёраў, само выступленне – таксама работа, не толькі твая, а і каманды,
рэжысёраў, сцэнарыстаў, харэографаў і г. д. Ёсць алгарытм, але на тое ён і праект.
– Падчас першага выступлення вы выходзілі на сцэну пасля чалавека, які набраў максімальны вынік. Як атрымалася сабрацца з думкамі, выступіць і пакарыць гледача?
– Шчыра скажу, хацелася нават развярнуцца і пайсці. А вось падтрымка настаўніка і жаданне выйсці і паказаць, што нездарма займаю месца ў праекце, усё ж пераважылі. Выйшла, убачыла вочы Святланы Стацэнка, злавіла яе хвалю, убачыла сваю сям’ю, ляхавіцкую падтрымку, адчула зарад і выступіла, як гаворыцца, на максімалках. Мне спадабалася, і, самае галоўнае, я адчувала творчую асалоду. А вось вынік усё ж чакала з хваляваннем, маштабы якога не перадаць. І калі гледачы выбралі мяне – здаецца, перавярнуўся свет. Дзякуй кожнаму!
–Ці з’явілася ў вас зорная хвароба?
– Варта разумець, што праекты – гэта і маральнае выгаранне, і фізічнае выпрабаванне. Кожнае выступленне – тытанічная праца, гэта вучоба ў вакальным плане, гэта работа над сабой. Там пра зорнасць няма часу думаць. Тым больш, праект я трактую для сябе як шанц для развіцця. Магчымасць, якую я па максімуму хачу выкарыстаць. А варта разумець, што праект – гэта часовае падарожжа. Дома чакае сям’я, ёсць асноўная праца, якую люблю і дзе я патрэбна. Прыярытэтаў многа, усе галоўныя і важныя. Таму зорнасць не з гэтай катэгорыі.
– Вы з’яўляецеся ўдзельніцай многіх ляхавіцкіх калектываў, а на праекце вы сольная зорка, якая ярка засвяцілася.
Ці складана спяваць у калектыве?
– Для мяне спяваць у калектыве, адназначна, камфортней. Адчуваю падтрымку калег, бачу, што мы можам шматгалоссем стварыць прос-
та музычную феерыю. Люблю эксперыментаваць, а ў калектыве гэта атрымліваецца, тым больш, калі побач сапраўдныя зорачкі.
– Здымкі праекта і тэлеверсію раздзялілі месяцы. Ці складана глядзець на сябе з экрана, і хто быў побач, калі глядзелі «Зорны шлях»?
– Не магла дачакацца, калі ж выступаць будзе Брэстчына. Было вельмі цікава. З экрана па-іншаму ўспрымаецца. Але ж хвалявалася яшчэ больш, чым там, у тэлестудыі. А на этапе галасавання мне здавалася, што зараз не вытрымаю: нервавалася, хадзіла па пакоі, садзілася, уставала, пакуль дачакалася выніку. Хоць і ведала рэзультат. Гля-
дзела з сынам, які прымаў удзел у здымках,
але ж таксама на мурашах са мной ад першай да апошняй хвілінкі перажыў усе моманты.
– У вас творчая сям’я. Мужа Андрэя Цямчыка, здаецца, ведаюць усе ляхавічане і не толькі. Магчыма, і сын выбярэ творчую кар’еру?
– Не магу за яго сказаць. Пакуль інтарэсы Ягора вельмі палярныя: ад ядзернай фізікі да ігры на ўдарных. Адно магу сказаць дакладна: барабаніць ён з дзяцінства. З трох гадоў усё ў кватэры ўспрымаў за ўдарныя ўстаноўкі, барабаніў гучна і ў такт… Вось і цяпер займаецца ў музычнай школе па класе барабана. І калі ён ад гэтага кайфуе, у яго атрымліваецца, мы падтрымаем.
– Ваша асноўная работа далёка ад музыкі, як так?
– Спяваць можна ў любым месцы. Я працую заатэхнікам-селекцыянерам у СВК «Ляхавіцкі». Бязмерна люблю тое, чым займаюся. І па адукацыі – спецыяліст у сельскагаспадарчай сферы. І ўдзел у праекце «Зорны шлях» – гэта ў многім і заслуга майго месца работы. Паколькі менавіта наш прафсаюз у асобе старшыні раённай арганізацыі Ірыны Чура прапанаваў мне ўдзел у праекце, падтрымліваў і працягвае гэта рабіць на кожным этапе.
– Ці адчувальна падтрымка землякоў?
– Мне адназначна зайздросцілі на праекце, менавіта маёй падтрымцы. Калі ты з вялікага горада, падтрымка ўсё ж не такая. А вось калі за цябе хвалюецца і падтрымлівае ўвесь райцэнтр і раён – гэта каласальная падтрымка. Сацыяльныя сеткі ў дзень эфіру ўзрываліся, не паспявала адказваць на ўсе паведамленні ў мэсэнджарах. Гэта да слёз прыемна. Гэта не перадаць словамі.
– А калегі як адрэагавалі?
Кіраўніцтва прадпрыемства аказвала і матэрыяльную, і маральную падтрымку. Я адчувала, што яны бязмерна хваляваліся за мяне. А нашы прафсаюзы літаральна жылі са мной у адным творчым памкненні. Дзякуй кожнаму! Удзел у праекце – гэта камандная работа, у тым ліку, і нашых землякоў.
– Наперадзе навагодні цуд, што б вы пажадалі нашым чытачам?
– Самае галоўнае – мір ва ўсім свеце. І няхай у новым годзе застануцца здаровымі ўсе нашыя родныя і блізкія.
Аўтары пытанняў: юнкары школьных газет раёна.
Запісала Маргарыта КУХТА-МАСЛОЎСКАЯ.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.