У прафсаюзе –папаўненне. На Ляхавіччыне ў чатырох арганізацыях рознай формы ўласнасці ўтвораны прафсаюзныя пярвічкі

Сёлета на Ляхавіччыне ў чатырох арганізацыях і прадпрыемствах раёна рознай формы ўласнасці ўтвораны прафсаюзныя пярвічкі.
Пасведчанні аб рэгістрацыі 22 снежня выда-дзены пярвічкам ТАА «ЮстаПласт», ТАА «Кампазітная Кампанія», КУП «Ляхавіцкі агра-хімсэрвіс». Яшчэ восенню прафсаюзная пярвічка пачала дзейнічаць у Ляхавіцкай раённай кінавідэасетцы.

– Каб працаўнікі бачылі канкрэтную карысць ад стварэння прафсаюза, на гэтых прадпрыемствах будуць рэалізаваны ўсе накірункі прафсаюзнай работы – ад стварэння калектыўнага дагавора да арганізацыі аздараўлення. Важна, каб прафкам рэальна абараняў інтарэсы работнікаў, – адзначае старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Тамара Пракап’юк.
Сёння ў раёне дзейнічаюць 82 пярвічныя прафсаюзныя арганізацыі, якія аб’ядноўваюць у сваіх радах больш за 7500 чалавек. Сярод пярвічак дзевяць арганізацый з колькасцю членаў да 10 чалавек. Самай масавай прафпярвічкай на Ляхавіччыне з’яўляецца арганізацыя райбальніцы – 682 чалавекі.
– Нягледзячы на шматлікасць, магу з упэўненасцю гаварыць аб наладжанай у райбальніцы сапраўднай прафсаюзнай рабоце. Нашы медыкі заўсёды ў цэнтры грамадскага жыцця – ва ўсіх культурных, спартыўных і іншых мерапрыемствах. Іх можна бачыць на патрыятычных акцыях, спартыўных спаборніцтвах. У іх на высокім узроўні арга-нізавана і прафсаюзнае ўзаемадзеянне з маладымі спецыялістамі і ветэранамі працы, – падкрэслівае Тамара Пракап’юк.
Старшыня прафсаюзнай пярвічкі ЦРБ Сяргей Памазанскі дзеліцца, што калектыў – яшчэ і актыўны падарожнік. Нядаўна, напрыклад, пабывалі ў Белавежскай пушчы. Традыцыйна ладзіцца ўрачыстасць да прафесіянальнага свята, праводзяцца конкурсы прафмайстэрства, святочныя праграмы да Дня маці і многае іншае. Сёлета на абласным турыстычным злёце сярод медыкаў увайшлі ў прызавую дзясятку. Вызначаюцца і ў добраўпарадкаванні – да Дня горада ўзялі шэфства над зубрам, які сустракае ляхавічан і гасцей райцэнтра пры ўездзе.
Наталля ПЕРАПЕЧКА