Дзякуй 2022-му! У 2023 год – з новымі надзеямі

Вось і ўсё. Сёння апошні лісток календара скажа: бывай, 2022-і. Якім быў адыходзячы ў гісторыю год для некаторых нашых землякоў – герояў публікацый раёнкі, пацікавіўся «ЛВ».

Уладзімір ГУНЬКО, дырэктар ААТ «ТБЗ Ляхавіцкі»:
– Наш калектыў сёлета добра папрацаваў і дасягнуў дастойных вынікаў у здабычы торфу, у вытворчасці брыкетаў і ў рэалізацыі. Адпаведна, павялічылася заработная плата работнікаў і дабрабыт іх сем’яў. Так што 2022-і для торфабрыкетнага завода хоць і выдаўся складаным, але даволі паспяховым.
Гавораць, як год пачнеш, такім ён і будзе. А пачаўся 2022-і для прадпрыемства выдатна – па выніках мінулага года завод быў чарговы раз занесены на раённую Галерэю славы. Так што спрацаваць горш мы не мелі права.
Канешне, за паўсядзённымі вытворчымі клопатамі ста-раліся не забывацца і пра дапамогу тым, каму яна патрэбна. Па магчымасці падтрымлівалі тухавіцкія школу і дзіцячы садок, днямі з задавальненнем далучыліся да рэспубліканскай дабрачыннай акцыі «Нашы дзеці» – з падарункамі завіталі ў дамы сямейнага тыпу.
Шаноўныя землякі, напярэдадні Новага года жадаю вам плённа працаваць на карысць нашай любімай Беларусі і на ўласны дабрабыт. Няхай работа будзе ў радасць, здароўе моцным, настрой бадзёрым. Усім жадаю міру, дабра і шчасця!

Іван ПАТАПОВІЧ, аператар па штучным асемяненні жывёл СВК «Ляхавіцкі»:
– Канешне, самай запамінальнай падзеяй для мяне стала атрыманне з рук Прэзідэнта нашай краіны ордэна Працоўнай Славы. Эмоцыі, уражанні, атрыманыя падчас узнагароджвання ў Палацы Незалежнасці, непаўторныя, яны на ўсё жыццё. Прыемна, што звычайнага працаўніка сельскай гаспадаркі так урачыста ўшаноўвалі. Так, гэта не першая мая ўзнагарода дзяржаўнага ўзроўню, амаль 10 гадоў назад атрымаў медаль «За працоўныя заслугі». Але перакананы – любая асабістая ўзнагарода – заслуга ўсяго калектыву. Ганаруся тым, што працую ў такой гаспадарцы, як
СВК «Ляхавіцкі». Тут створаны ўсе ўмовы для плённай працы, клапоцяцца і пра дабрабыт работнікаў.
Напрыклад, мая сям’я жыве ў «прэзідэнцкім» доміку. Ганаруся тым, што з’яўляюся прадаўжальнікам сямейнай дынастыі, мой бацька таксама працаваў амаль чвэрць стагоддзя асемянатарам у «Ляхавіцкім».
Спрыяльным год стаў і для маіх блізкіх. Дачка працуе педагогам у Баранавічах і паралельна вучыцца ў магістратуры, сын – студэнт.
Няхай і наступны год будзе такім жа выдатным, як і сёлетні. Няхай у нашай краіне пануюць мір і згода, а кожны чалавек атрымае для сябе ўсё тое, што жадае.

Галіна КАЗЛОВА, мнагадзетная маці:
– Нават цяжка пералічыць, колькі прыемных момантаў прынёс нашай сям’і адыходзячы 2022 год. Столькі новага атрымалася зрабіць у нашым вялікім доме ў Альхоўцах. Акрамя таго, мы яшчэ больш добраўпарадкавалі вялікі двор, пабудавалі лазню. Прыбаўленне і ў сямейным аўтапарку – купілі мікрааўтобус. А яшчэ нямала абновак для дзетак, іх у нас з мужам шасцёра. Але бадай самая-самая падзея – ордэн Маці, якім я сёлета была ўзнагароджана. Канешне ж, вялікі гонар, але і адказнасць. Мы з мужам зробім усё, што ў сілах, каб дзеткі выраслі добрымі, працавітымі, шчырымі людзьмі. Выдатна, што дзяржава не пакідае без увагі мнагадзетныя сем’і.
У надыходзячым 2023 годзе жадаю землякам моцнага здароўя, шчасця, радасці і дабрабыту. Няхай усё задуманае абавязкова спраўдзіцца, у вашых сем’ях і асабістым жыцці заўжды будуць гармонія, шчасце і радасць, работа прынясе задавальненне, жыццё напоўніцца душэўнай цеплынёй і пяшчотай.

Вольга БУРАК, дырэктар Жарабковіцкай СШ
імя М. Г. Мінкевіча, старшыня раённай арганізацыі
ГА «Беларускі саюз жанчын»:

– Якім быў для мяне 2022 год? Як для дырэктара школы –
выніковым і асаблівым. Шмат дыпломаў і грамат атрымалі
нашы навучэнцы і педагогі. Жарабковіцкая СШ – пакуль адзіная ў раёне, якой прысвоены статус «Школа міру». Каб ісці ў нагу з часам, кіраўніку неабходна самаўдасканальвацца. Атрымаўшы дыплом Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Беларусі, вырашыла, што трэба развівацца і далей – паступіла ў магістратуру Акадэміі кіравання.
Плённым стаў год і як для дэпутата. Усе запыты, адрасаваныя выбаршчыкамі, вырашаліся.
Як для старшыні РА ГА «БСЖ» – год стаў стабільным у развіцці жаночага руху. Раённая арганізацыя папоўнілася чатырма новымі пярвічкамі. Зараз нас – 300 актывістак.
Хвалюючым 2022-і стаў для мяне як для мамы. Сын перайшоў у дзявяты клас, дачка атрымала дыплом Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, у яе пачалося самастойнае дарослае жыццё. А яшчэ я шчаслівая жанчына – у мяне любімы муж.
Усім жадаю здароўя, поспехаў і ўдачы, няхай усё задуманае збываецца, мары ператвараюцца ў мэты, настрой будзе добрым, а мір пануе ва ўсім свеце.

Надзея ЦЯМЧЫК, паўфіналістка рэспубліканскага праекта «Зорны шлях»:
– Шчыры дзякуй адыходзячаму 2022 году! Ён для мяне быў выдатным і ў прафесійным, і ў асабістым плане – насычаным, яскравым, багатым на вопыт і падзеі, а яшчэ – тэлевізійным. Збылася мая творчая мара – я выступіла на адной з галоўных рэспубліканскіх канцэртных пляцовак – паўдзельнічала ў праекце «Зорны шлях». Пра што марыла? Добра выступіць на пачатковым этапе. І сапраўдным падарункам стаў выхад у паўфінал. Удзячна лёсу за такі шыкоўны падарунак – вучыцца ў лепшых педагогаў. Разумела, якая адказнасць на мне, бо выступала не толькі за сябе, а за ўсю Ляхавіччыну і не толькі творчую. Люблю сваю работу і калектыў СВК «Ляхавіцкі», дзе працую заатэхнікам-селекцыянерам.
Рада, што ўсё добра ў маёй сям’і – заўжды побач любімыя муж і сынок. У мяне цудоўныя сябры, а свае творчыя здольнасці з задавальненнем рэалізую, выступаючы ў складзе народнай арт-групы «ВІНС-акорд».
Пажадаю ўсім мець заўсёдную падтрымку з боку тых, хто побач. Менавіта дзякуючы такой падтрымцы мне і пакарыліся прыступкі «Зорнага шляху». Жадаю кахаць і быць каханымі, верыць у цуды, і яны абавязкова збудуцца. І няхай будзе мір і ў свеце, і ў краіне, і ў сем’ях, і ў душы.

Падрыхтавала Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.