Прафесія з рызыкай і вогненным запалам. Супрацоўнікі Ляхавіцкагага РАНС адзначаюць сваё прафесійнае свята

Намеснік начальніка Кірыл Красоўскі (другі справа) з калегамі Дзмітрыем Новікам, Сяргеем Рабцэвічам і Аляксеем Клетаніцай.

«Прафесіяналізм, адвага і гонар» – дэвіз выратавальнікаў Беларусі. З ім па працоўным шляху крочаць і супрацоўнікі Ляхавіцкага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях.
19 студзеня яны адзначаюць сваё прафесійнае свята, але сустрэнуць яго, як заўсёды, на службе. Смеласць, рашучасць і мужнасць – спадарожнікі нялёгкай і рызыкоўнай, але жыццёва неабходнай прафесіі выратавальніка.

Уладзіслаў Сазановіч і Сяргей Рылко.

Сёлета ў цэнтры аператыўнага кіравання РАНС зарэгістравана 1948 выездаў выратавальнікаў. Пяць з іх на тушэнне тарфянікаў, 98 – сухой расліннасці, 21 – смецця. Дзіця забыла ключ, а кватэра на другім ці трэцім паверсе.
А яшчэ горш, калі ключ зламаўся ў замку. Што рабіць? Звычайна, спадзяюцца на дапамогу выратавальнікаў, у якіх для такіх выпадкаў маецца трохкаленная лесвіца. Так было летась у Ляхавічах і ў Ліпску, Задвор’і, іншых населеных пунктах.
За 2022 год нашы выратавальнікі спяшаліся на дапамогу насельніцтву і арганізацыям 28 разоў: падчас снегападу выцягвалі з кювета транспартны сродак, буксіравалі аўто, здымалі з дрэва ката, дапамагалі даставіць хворага да машыны хуткай дапамогі, спілоўвалі аварыйныя дрэвы і г. д.
Супрацоўнікам РАНС падуладна і водная стыхія – працуе група выратавання на вадзе, у распараджэнні якой сучаснае плавальнае абсталяванне. 
У складзе групы Павел Радзюк, Ігар Русакевіч, Аляксей Кузняцоў і Руслан Бурак.

Дзяжурная змена ПАВЧ № 1.


Летась ляхавіцкія эмэнэснікі не менш за чатыры дзясяткі разоў праводзілі дэзынсекцыю памяшканняў і збудаванняў ад небяспечных насякомых. Адзін з такіх выпадкаў трапіў на фота і відэа-
кадры «ЛВ». Тады выратавальнікі ліквідавалі асінае гняздо на дрэве прама ў цэнтры горада. Дзейнічалі прафесіянальна і аператыўна. Унікальнае відэа актыўна лайкалі землякі і ў цік-току.
У журнале дыспетчараў цэнтра аператыўнага кіравання РАНС зарэгістравана 162 выезды падраздзяленняў на пажары.
Прычым нашы выратавальнікі тушылі агонь не толькі на тэрыторыі Ляхавіччыны, але і ў Баранавіцкім, Ганцавіцкім і Клецкім раёнах.
Чалавек яшчэ паведамляе пра ўзгаранне, а пажарныя-выратавальнікі ўжо спяшаюцца па адрасе. А было і так, што супрацоўнікі ПАВЧ № 1 выехалі ў Падлессе на тушэнне агню ў гаспадарчай пабудове, а калі вярталіся назад, заўважылі ўзгаранне па іншым адрасе. У змене разам тады былі старшы інструктар-выратавальнік Сяргей Рылко і пажарны-выратавальнік Уладзіслаў Сазановіч. Сяргей Рылко ў прафесіі з 2019 года, і за гэты час зарэкамендаваў сябе адказным і нераўнадушным супрацоўнікам, не раз даказваў сваё майстэрства ў надзвычайных сітуацыях. Уладзіслаў Сазановіч сярод калег паўгода, але ў складаных сітуацыях не губляецца, дзейнічае рашуча і вынікова. Такую характарыстыку дае супрацоўнікам намеснік начальніка РАНС Дзмітрый Берташ.
На рахунку выратавальнікаў і пошукі людзей у лясах і іншых экасістэмах. Летась было пяць такіх выпадкаў. Пра адзін узгадвае начальнік РАНС Юрый Буйкевіч: напрыканцы ліпеня ра-
зам з калегамі і іншымі службамі шукалі пенсіянера, які пайшоў у ягады і заблудзіў. Знайшлі толькі на трэція суткі, на шчасце, жывым. На старонках раённай газеты заўсёды публікуецца інфармацыя пра падобныя здарэнні для таго, каб кожны задумаўся над сваёй бяспекай, над тым, колькі службаў падымаецца па камандзе дзеля выратавання жыцця аднаго чалавека.
Супрацоўнікі РАНС не толькі спяшаюцца на дапамогу тым, хто трапіў у бяду, але і працуюць на прафілактыку надзвычайных сітуацый. У склад райаддзела, акрамя пажарнай аварыйна-выратавальнай часці ў Ляхавічах і пастоў у населеных пунктах раёна, уваходзіць і сектар арганізацыі і функцыянавання дзяржаўнай сістэмы папярэджвання і ліквідацыі надзвычайных сітуацый і грамадзянскай абароны, таксама інспекцыя нагляду і прафілактыкі. 
Прадстаўнік сектара старшы інжынер Дзмітрый Новік у прафесіі 15 гадоў, цяпер займаецца вывучэннем стану гатоўнасці аб’ектаў і населеных пунктаў да выканання патрабаванняў у галіне абароны насельніцтва і тэрыторый ад надзвычайных сітуацый прыроднага і тэхнагеннага характару і грамадзянскай абароны. У пераліку яго працоўных абавязкаў і папярэджванне фактаў гібелі людзей на вадзе, узаемадзеянне з Асводам. Колькі праведзена тэматычных рэйдаў, прафілактычных гутарак з рыбакамі і адпачывальнікамі! Дзмітрый Новік упэўнены, што кожная размова ўсё ж такі мае значэнне дзеля забеспячэння бяспекі жыццядзейнасці насельніцтва.
Інспекцыя нагляду і прафілактыкі прадстаўлена спецыялістамі вопытнымі і кампетэнтнымі – Сяргеем Рабцэвічам і Аляксеем Клетаніцай. Гэта яны настойліва рэкамендуюць устанавіць пажарны апавяшчальнік і праверыць стан вогнетушыцеля, у адпаведнасці з усімі нормамі пажарнай бяспекі падрыхтаваць печку да сезона, ажыццяўляюць кантроль за выкананнем супрацьпажарных патрабаванняў, будаўнічых нормаў і правілаў на аб’ектах, якія ўзводзяцца і рэканструююцца, і многае іншае.
На чале РАНС з 2021 года Юрый Буйкевіч – кіраўнік, які імкнецца быць у цэнтры падзей, валодаць сітуацыяй і ўнікаць ва ўсе праблемы і справы асабіста. Ён то ў рэйдзе, то у складзе назіральнай камісіі, то прымае ўдзел у пошукавай аперацыі, то вывучае прычыны і ўмовы, якія прывялі да пажарнай сітуацыі…
Напярэдадні Дня выратавальніка начальнік РАНС шчыра віншуе калег са святам:
– Прыемна адзначыць, што калектыў Ляхавіцкага РАНС – каманда, якая дэманструе высокую падрыхтоўку, зладжанасць і майстэрства. Шчыра жадаю выратавальнікам, ветэранам нашага аддзела моцнага здароўя і бадзёрасці, міру, поспехаў у справе служэння на карысць землякоў і Айчыны.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Нагрудным знакам МНС «Выдатнік» адзначаны вадзіцелі ПАВЧ № 1 РАНС Мікалай Страмавус і ПАВП № 13 Аляксандр Грачыха.
Юбілейным медалём «20 гадоў органам і падраздзяленням па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь» узнагароджаны старшы інструктар-выратавальнік ПАВЧ № 1 Вадзім Дыдышка, дыспетчар цэнтра аператыўнага кіравання РАНС Уладзімір Будчанін, вадзіцель ПАВЧ № 1 Аляксей Коктыш, старшы інструктар-выратавальнік ПАВП № 14 Аляксандр Кісляк, вадзіцель ПАВП № 13 Вадзім Трусевіч.