На прамую лінію “ЛВ” звярнуліся ляхавічане са скаргай, што падчас будаўнічых работ выкарчаваны маладыя дрэвы

Па вуліцы Южакова ў Ляхавічах не першы месяц ідзе будоўля. Зразумела, каб узвесці шматкватэрны дом, патрабуюцца шматлікія падрыхтоўчыя і сумежныя работы.
На прамую лінію “ЛВ” звярнуліся ляхавічане са скаргай, што падчас будаўнічых работ выкарчаваны маладыя дрэвы. Сітуацыю пракаменціраваў намеснік старшыні райвыканкама Аляксей Галяк:

–Калі высаджваліся дрэвы на гэтай тэрыторыі, будаўніцтва дома яшчэ не планавалася. Зразумела, дрэвы, якія давялося выдаліць цяпер, сапраўды шкада. Але без такой ахвяры не атрымаецца пабудаваць дом з усёй патрэбнай інфрастуктурай. Сёння там ідзе вынаска кабельных ліній і водаправодных сетак. І ўсе работы вядуцца згодна праектна-каштарыснай дакументацыі. Пакуль вядуцца будаўнічыя работы, пра прыгажосць гаварыць не выпадае. А калі прыйдзе час добраўпарадкавання, то і дваровая тэрыторыя набудзе новы выгляд, выдаленыя дрэвы будуць “кампенсаваны”: зялёныя насаджэнні з’явяцца ў тых месцах, дзе гэта будзе магчыма, і нават у большай колькасці.