На кожнае пытанне канкрэтны адказ. Нямала надзённых пытанняў прагучала на сельскім сходзе, які прайшоў у мінулую пятніцу ў Конькаўскім СДК

У Конькаўскім СДК, дзе ў мінулую пятніцу праходзіў чарговы сход грамадзян па вырашэнні пытанняў мясцовага значэння, сабраліся не толькі жыхары тутэйшага аграгарадка, прыехалі і вяскоўцы з іншых населеных пунктаў Конькаўскага сельсавета. Яшчэ да пачатку мерапрыемства было відавочна: размова чакаецца сур’ёзная, людзі паміж сабой абмяркоўвалі, спрачаліся, вырашалі.

Адкрываючы сход, старшыня райвыканкама Мікалай Мароз падкрэсліў: за час, што прайшоў ад мінулагодніх сходаў, многія пытанні, на якіх акцэнтавалі ўвагу жыхары раёна, вырашаны. Гэта яскрава пацвярджае эфектыўнасць і дзейнасць такіх мерапрыемстваў. Разам з тым, засталіся і праблемныя моманты, узнікаюць новыя сітуацыі, якія патрабуюць выпраўлення.


На тэрыторыі Конькаўскага сельсавета дзейнічае ААТ «Шлях новы». Ад таго, наколькі паспяхова ідуць справы ў сельгаспрадпрыемства, якія вынікі паказваюць жывёлагадоўля і раслінаводства, залежаць заработная плата аграрыяў, сацыяльны дабрабыт іх сем’яў, істотная частка якіх жыве менавіта на гэтай тэрытарыяльна-адміністрацыйнай адзінцы. Пра мінулагоднія здабыткі і сёлетнія перспектывы, ферму-новабудоўлю і развіццё інфраструктуры, пра матэрыяльна-тэхнічную базу гаспадаркі і рост заработнай платы гаварыў кіраўнік «Шляху новага» Андрэй Коктыш.
Для старшыні Конькаўскага сельвыканкама Мікалая Прыхача мінулы год – першы на пасадзе кіраўніка мясцовага органа ўлады. Аднак за такі кароткі час ён не толькі паспеў увайсці ў курс справы, але вырашыць нямала надзённых пытанняў, знайшоў агульную мову з вяскоўцамі, якіх у 13 населеных пунктах сельсавета пражывае 1 605 чалавек.
Намеснік начальніка РАНС Кірыл Красоўскі акрэсліў сітуацыю з пажарамі ў Ляхавіцкім раёне і непасрэдна на тэрыторыі Конькаўскага сельсавета. Калі ў 2021 годзе тут адбылося тры пажары, то летась – пяць: у Літве, Малым Падлессі (два), Зарэччы, Дараве. Асноўныя прычыны не новыя: неасцярожнасць у абыходжанні з агнём, няспраўнасць электрапрыбораў і бытавой тэхнікі. Вяскоўцы пацікавіліся, дзе можна набыць аўтаномныя пажарныя апавяшчальнікі. Адказ наступны: купіць АПА можна ў магазінах райпо, а ўстанавіць самастойна.
Не ўсё спакойна ў плане правапарадку ў Конькаўскім сельсавеце. На гэтым акцэнтаваў увагу начальнік аддзялення аховы правапарадку і прафілактыкі РАУС Сяргей Хмарук. Ён адзначыў, што ўзрасла колькасць злачынстваў у сферы сямейна-бытавых адносін, і заклікаў грамадзян быць уважлівымі, каб не стаць ахвярай зладзеяў ці махляроў, а пры неабходнасці звяртацца за дапамогай да ўчастковага інспектара ці тэлефанаваць у міліцыю.
Пашырэнне паслуг, якія аказваюцца на Конькаўскім ФАПе, магчымасць здачы аналізу крыві ў Дараўскай амбулаторыі ўрача агульнай практыкі, усталяванне камп’ютарнага тамографа ў райбальніцы, і на якіх умовах трапіць на такое медыцынскае абследаванне – пытанні, зададзеныя галоўнаму ўрачу Ляхавіцкай ЦРБ Георгію Хлябовічу.
Адна з топавых тэм, якія гучаць літаральна на кожным сельскім сходзе, – дарожная. Начальніку ДРБУ-200 Ігару Піліногу давялося нялёгка, бо пытанні сыпаліся адно за адным. Калектыўны зварот
паступіў ад жыхароў вёскі Літва, дзе стан многіх вуліц, у прыват-
насці, Палявой, Камсамольскай, даўно патрабуе рамонту
і добраўпарадкавання. Заклапочанасць вяскоўцаў можна зразумець: людзі па разбітай, раз’езджанай дарозе дабіраюцца на работу,
да аўтобуснага прыпынку, дзеці – да школьнага аўтобуса і г. д.
Старшыня райвыканкама адзначыў, што сітуацыя для раённай улады вядомая, і прадумваюцца варыянты, як яе вырашаць. Вельмі многае залежыць ад фінансавання. Для жыхароў аграгарадка Конькі актуальнай застаецца якасць ямачнага рамонту вуліц.
Камунальную тэму ўзнялі таксама прадстаўнікі вёскі Літва. Справа ў тым, што пасля рамонту водаправода большая частка раскапанай тэрыторыі так і не прыведзена ў належны стан. Намеснік дырэктара КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ» Віталій Калупановіч патлумачыў, што рамонтныя работы былі завершаны толькі напрыканцы чацвёртага квартала мінулага года, таму не паспелі добраўпарадкаваць тэрыторыю. Мікалай Мароз звярнуў увагу кіраўнікоў арганізацый, якія праводзяць рамонтныя работы на неабходнасць паўсюднага
навядзення парадку на такіх аб’ектах.
Пытанняў да кіраўніцтва службаў і арганізацый было нямала, тычыліся яны вулічнага асвятлення, правядзення культурна-масавых мерапрыемстваў, арганізацыі дзіцячага харчавання, якасці прадуктаў, што паступаюць у школьныя сталовыя, паслуг, якія прапануе кінатэатр «Кастрычнік», і іншых.

Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Што думаюць удзельнікі сходу наконт такога дыялогу «ўлада – народ»?

Марыя СІЦЬКО, жыхарка аграгарадка Конькі:
– Добра, што праводзяцца такія сходы. Мы, вясковыя жыхары, можам напрамую пагаварыць з кіраўніцтвам нашага раёна, прадстаўнікамі розных службаў і арганізацый. Звычайна з любымі праблемамі мы ідзём да старшыні сельвыканкама. А пры такіх сустрэчах можна з першых вуснаў атрымаць адказы на пытанні, якія найбольш хвалююць.Сёння адбылася цікавая размова на злабадзённыя тэмы. Гэта і медыцынскае абслугоўванне, і як здаць лішкі сельскагаспадарчай культуры, і цэны на прадукты ў магазінах райпо, і многія іншыя.
Сустрэчай задаволена, рада, што трапіла на яе. Спадзяюся, што пытанні, якія задавалі землякі, будуць вырашацца. Калісьці мы на розных узроўнях уздымалі тэму якасці водаправоднай вады. Не скажу, што яна вырашана поўнасцю. Але вада стала больш чыстая. Добра, што нас пачулі і дапамаглі.

Ларыса БУРБІЦКАЯ, жыхарка вёскі Літва:
– У мінулым годзе такі сход праходзіў у Літве. Тады таксама мае землякі задавалі нямала пытанняў, асабліва часта ўздымалася тэма
дрэннага стану вясковых дарог. На жаль, яна пакуль не вырашана. Прыемна, што на сёлетняй
сустрэчы прысутнічаў старшыня райвыканкама Мікалай Мароз. Кіраўнік раёна ўважліва выслухаў нашу праблему – дарогі разбітыя, ні прайсці, ні праехаць, небяспечныя для здароўя і жыцця людзей,
ды і з тэхнікай пасля іх праблемы. Кіраўнік раёна паабяцаў разабрацца. З’явілася надзея, што, у рэшце рэшт, сітуацыя пачне мяняцца.
Не толькі стан дарог хвалюе маіх землякоў, размову вялі і пра бадзяжных сабак, медыцынскае абслугоўванне, вулічнае асвятленне. Такія сходы павінны арганізоўвацца. Будзем чакаць чарговую сустрэчу зноў у Літве.

Мікалай МАРОЗ, старшыня райвыканкама:
– Трэці год практыка правядзення сходаў грамадзян па ўсіх сельскіх саветах раёна паказвае: такі фармат дыялогу запатрабаваны ў жыхароў Ляхавіччыны. Анлайн-сустрэчы даюць магчымасць абодвум бакам весці размову адкрыта, канструктыўна. На частку ўзнятых пытанняў грамадзяне адразу атрымліваюць адказы. Некаторыя патрабуюць больш дэталёвага вывучэння, аналізу. У любым выпадку кожны зварот абавязкова рэгіструецца і будзе трымацца на кантролі. Калі параўноўваць першыя сходы ў 2021 годзе і сёлетнія, то відавочна, давер людзей да ўлады расце, вострых пытанняў становіцца менш.
Важна не даваць пустых абяцанняў. Давер, які аказваюць людзі, неабходна апраўдваць.
Нагадаю, што кожны жыхар раёна можа скарыстацца магчымасцю і задаць хвалюючае яго пытанне на прамыя тэлефонныя лініі, якія кожную суботу праводзіць кіраўніцтва раёна, а таксама звярнуцца на асабістыя прыёмы грамадзян. Зараз існуе мноства спосабаў вырашыць тую ці іншую праблему. Галоўнае, весці змястоўны і прадметны дыялог.

Сяргей ХМАРУК, начальнік аддзялення аховы правапарадку і прафілактыкі РАУС:
– Неабходнасць арганізацыі і правядзення такіх сустрэч прадыктавана часам і паказала ўжо сваю запатрабаванасць. Для супрацоўнікаў райаддзела ўнутраных спраў гэта выдатная магчымасць чарговы раз нагадаць жыхарам
сельскай мясцовасці, як не стаць ахвярай зладзеяў, не трапіць на вудачку махляроў, як трэба клапаціцца пра захаванасць сваёй маёмасці. Іншы раз грамадзяне самі, як гаворыцца, правакуюць злодзея: пакідаюць рэчы без нагляду, не зачыняюць на замок дзверы дамоў і кватэр. Нагадваем і пра адказнасць за незаконны абарот алкаголю, у прыватнасці, пра пакаранне, прадугледжанае за самагонаварэнне. Асаблівую ўвагу супрацоўнікі міліцыі звяртаюць на прафілактыку супрацьпраўных паводзін, у тым ліку тычыцца гэта і насілля ў сям’і, правапарушэнняў у падлеткавым асяроддзі.
Акрамя таго, на сходах грамадзяне даюць адзнаку і нашай міліцэйскай службе. Так што сходы – узаемавыгадная форма супрацоўніцтва і для грамадзян, і для прадстаўнікоў органаў улады, арганізацый, устаноў.