Ацяпляльны сезон паспеў прынесці некаторым ляхавічанам непрыемнасці

«Цяпло патрабуе ахвяр?»

Ацяпляльны сезон, можна сказаць, толькі пачаўся. Але паспеў прынесці некаторым нашым землякам нямала непрыемнасцяў.

У мінулую суботу позна вечарам спрацаваў аўтаномны пажарны апавяшчальнік на вуліцы Горкага ў Ляхавічах у доме пенсіянеркі 1925 года нараджэння. Суседзі адчулі пах дыму і выклікалі пажарных. Як аказалася, не дарэмна: у дымаходзе загарэлася сажа, што прывяло да разбурэння азбестацэментнай трубы. Дарэчы, выкарыстанне такога матэрыялу для дымаходу наогул забаронена правіламі пажарнай бяспекі: дымаход павінен быць толькі цагляным! У гэтым выпадку дапамога аказалася своечасовай: жанчына нават спалохацца не паспела.

Але так, на жаль, бывае не заўсёды. А палове адзінаццатай гадзіны вечара 1 снежня на цэнтральны пункт кіравання РАНС паступіла паведамленне, што з-пад даху дома № 27 па вуліцы Садовай у вёсцы Федзюкі прабіваецца полымя. Выратавальнікі, што прыбылі на месца здарэння, выбілі дзверы (яны былі зачынены знутры) і знайшлі цела гаспадара без прыкмет жыцця. Па папярэдняй версіі, узгаранне адбылося з-за перапальвання печы. Ад печы, што ўшчыльную стаяла да ложка, загарэліся пасцельныя рэчы…

Не паспела пажарна-выратавальная тэхніка выехаць з Федзюкоў, як паступіў новы трывожны сігнал – гарыць жылы дом на вуліцы Цэнтральнай у Дамашах. Дах, ахоплены агнём, моцнае задымленне ўнутры будынка… На шчасце, людзі не пацярпелі – паспелі самастойна выбрацца з дома. Найбольш верагодная прычына пажару – няспраўнасць дымаходу.

Гэтая ж прычына паслужыла зыходнай кропкай для здарэння ў аграгарадку Русінавічы, дзе па вуліцы Шасейнай у мінулую сераду “задыміўся” дом. Людзі, што кватаравалі ў ім, эвакуіраваліся самастойна. Падраздзяленні РАНС дом выратавалі, гаспадары панеслі нязначныя страты. Але магло быць і па-іншаму.

Наперадзе яшчэ некалькі месяцаў ацяпляльнага сезона. Таму ёсць пільная патрэба зноў агледзець прыборы ацяп- лення, адрамантаваць тое, што не паспелі раней. Элементарныя правілы – не перапальваць печ, прапальваць яе да адыходу да сну, не складаваць побач гаручыя матэрыялы, адсунуць фіранкі… Але гэтыя элементарныя дзеянні могуць выратаваць чыёсьці жыццё.

Валерый РАВІНСКІ,

начальнік РАНС.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *