Знак нашага краю. Падведзены вынікі раённага конкурсу на лепшы лагатып Ляхавічаў і Ляхавіцкага раёна

«Каляндар-спадарожнік», «Сувенірная талерка», «Гісторыя малой радзімы: з мінулага ў будучыню», «Мой горад»… Так назвалі работы навучэнцы ўстаноў адукацыі раёна, якія прынялі ўдзел у раённым конкурсе на лепшы лагатып Ляхавічаў і Ляхавіцкага раёна «Малая радзіма вачамі дзяцей», прысвечаным Году міру і стварэння.

Рабяты ўключыліся ў дзейнасць разам з педагогамі і бацькамі. Матэрыял і тэхніку выканання выбіралі розныя.
Па ўмовах конкурсу знак павінен адлюстроўваць патэнцыял горада і выкарыстоўвацца ў якасці сімволікі. Пад лагатыпам меўся на ўвазе стылізаваны вобраз, які адлюстроўвае сутнасць і індывідуальнасць сімвала Ляхавіччыны.
Па меркаванні камісіі, у якую ўвайшлі кіраўніцтва раёна, прадстаўнікі аддзела па ідэалагічнай рабоце, культуры і справах моладзі райвыканкама, аддзела па адукацыі, а таксама настаўнік Ляхавіцкай дзіцячай школы мастацтваў, усе 16 работ дастойныя ўвагі і высокіх ацэнак.
Але конкурс – гэта заўсёды вызначэнне пераможцаў. У намінацыі «выраб з дрэва» лепшай прызнана работа «Гісторыя малой радзімы: з мінулага ў будучыню» (ідэю 11-класніка Данііла Зелянеўскага ўвасобіла ў жыццё яго мама і па сумяшчальніцтве настаўнік пачатковых класаў Востраўскай СШ Людміла Зелянеўская). У намінацыі «вырабы з тэкстылю» першай стала работа навучэнцаў ЦДАДіМ Дар’і Тарлюк і Арыны Ксёнжык (аўтар ідэі – педагог дадатковай адукацыі Наталля Махляр) – лялька з ільну і саломкі «Ляхавічанка». Работа «Я люблю свой край» (аўтары – педагог дадатковай адукацыі Ірына Клімовіч і рабочы Дараўскай СШ Дзяніс Валчкоў) абышла сапернікаў у намінацыі «вырабы з розных відаў матэрыялаў».
У бліжэйшы час да творчага іспыту па стварэнні лагатыпу падключацца дзіцячыя школы мастацтваў, Дамы народнай творчасці і ўсе нераўнадушныя землякі.
– Прадстаўленыя на конкурс работы дастойныя і цікавыя, іх прыемна падарыць гасцям. Важна прыдумаць такі сімвал горада і раёна, які падкрэсліць адметнасць нашага рэгіёна і вылучыць сярод іншых. Лагатып павінен быць нескладаным у вырабе і інфарматыўным, – адзначыў старшыня райвыканкама Мікалай Мароз.
Старшыня райсавета дэпутатаў Юрый Чаранкевічладкрэсліў, што Ляхавіччына – раён, багаты сваімі гістарычнымі і культурнымі традыцыямі, мае свае вызначальныя рысы. Лагатып усё гэта павінен падкрэсліць і абагульніць.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.