Грамадзяне мірнай Беларусі. У Ляхавічах урачыста прайшлі мерапрыемствы, прысвечаныя Дню Канстытуцыі

Больш фота па спасылцы

Любіць сваю краіну і малую радзіму, паважаць бацькоў і родных, шанаваць і цаніць дзяржаўныя сімвалы,  быць сапраўднымі патрыётамі Беларусі – адрасаваў наказ юным ляхавічанам старшыня райвыканкама Мікалай Мароз на ўрачыстым мерапрыемстве «Ты носіш імя – грамадзянін краіны», прысвечаным Дню Канстытуцыі.

– Дзень Канстытуцыі – адно з галоўных дзяржаўных святаў. Дзякуючы Асноўнаму Закону, кожны мае сацыяльныя гарантыі, надзелены правамі і абавязкамі. Для моладзі адкрыты ўсе дарогі! З атрыманнем пашпарта, вы становіцеся паўнапраўнымі грамадзянамі Рэспублікі Беларусь, – звярнуўся да моладзі Ляхавіччыны кіраўнік раёна і ўручыў 13 навучэнцам школ раёна галоўныя дакументы – пашпарты.
Выконваючы абавязкі начальніка АГіМ Юрый Дзямід перадаў
сувеніры з дзяржаўнай сімволікай.
15 сакавіка знамянальны дзень і для 12 новых членаў раённай арганізацыі ГА «БРСМ», якія ўрачыста развіталіся са сваім піянерскім гальштукам і ўзняліся на новую прыступку даросласці – уступілі ў БРСМ, атрымалі членскія білеты маладзёжнай арганізацыі,
далі ўрачыстае абяцанне.
Першы сакратар райкама БРСМ Анастасія Дземідовіч сардэчна павіншавала рабят з новым статусам і пажадала, каб яны ганарыліся сваёй роднай Беларуссю і шанавалі традыцыі.
Да Усебеларускай акцыі «Мы – грамадзяне Беларусі» прымеркавана і ўзнагароджанне пераможцаў і ўдзельнікаў раённага конкурсу на лепшы лагатып Ляхавічаў і Ляхавіцкага раёна «Малая радзіма вачамі дзяцей». У фае ГДК аўтары прэзентавалі свае работы. Старшыня райсавета дэпутатаў Юрый Чаранкевіч узнагародзіў удзельнікаў і пераможцаў творчага іспыту, падкрэсліў прафесіяналізм і эстэтычнасць вырабаў («ЛВ» пісаў прозвішчы пераможцаў у нумары 18 за 11 сакавіка).

Юныя таленты Ляхавіччыны напоўнілі святочную ўрачыстасць песнямі і танцамі. Канцэрт падарыў прысутным букет яркіх эмоцый.
Па традыцыі члены БРСМ правялі акцыю «За любімую Беларусь», падчас якой землякі адрасавалі пажаданні сваёй краіне, сярод якіх дружна паўтараліся – міру, дабра і працвітання.
Па ўсёй Ляхавіччыне ў Дзень Канстытуцыі ладзіліся круглыя сталы, сустрэчы і іншыя мерапрыемствы.
У аддзеле загса райвыканкама прайшоў традыцыйны дзень адкрытых дзвярэй, дзе навучэнцам СШ № 2 расказалі пра работу загса, канстытуцыйныя правы і абавязкі, а таксама пра віды пашпартаў, што дзейнічаюць у краіне.
У аддзяленні дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту ТЦСАН адбылася дыялогавая пляцоўка «Мы – грамадзяне мірнай і стваральнай краіны».
У аграрным каледжы гаварылі пра гісторыю Асноўнага Закона і яго значэнне ў жыцці народа.
Дзяржаўнае свята для навучэнцаў школ – важная падзея.
Ірына Траяноўская, дзесяцікласніца СШ № 1, член БРСМ:
– Свята сур’ёзнае, яно добра адлюстроўвае клопат дзяржавы пра нас, моладзь, якая можа вучыцца і планаваць свой заўтрашні дзень, выбіраць сабе справу па душы і здольнасцях.
Алеся МАСЛОЎСКАЯ, адзінаццацікласніца гімназіі:
– Для мяне Дзень Канстытуцыі – свята значнае, ганарова адзначаць яго ва ўрачыстай атмасферы. Сёння я прэзентавала каляндар, які зрабіла на раённы конкурс разам са сваім педагогам Аксанай Віктараўнай Гатоўчыц.
Уладзіслаў СТАНЧЫК, дзесяцікласнік Навасёлкаўскай СШ:
– Сваімі добрымі ўчынкамі і стараннай вучобай мы павінны садзейнічаць росквіту дзяржавы, быць патрыётамі і памятаць пра тых, хто здабыў мір. Люблю свой край і разам з сябрамі і настаўніцай
Жаннай Яраславаўнай Несцяровіч прыняў удзел у раённым конкурсе. Наша работа называецца «Вядзьмянка» – у гонар ракі Ведзьмы.
Эвеліна КЛІМКО і Дзіяна БЕЛЯНОВІЧ, васьмікласніцы Ліпскай СШ:
– Любім свой край і жадаем, каб ён квітнеў. Таму Дзень Канстытуцыі ўспрымаем як гарантыю абароненасці.
Важна, што ў нас у краіне мір. Мір – гэта шчасце.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.