Манеж інтэлектуальнасці. Выставу «Беларусь інтэлектуальная» наведала і Ляхавіцкая дэлегацыя

У нядзелю ў Брэсце завяршылася выстава «Беларусь інтэлек-
туальная», якую ў мінулую пятніцу наведала і Ляхавіцкая
дэлегацыя

Пасля доўгага і пад нязменна гучныя апладысменты шматлікай публікі падарожжа-выстава завітала ў наш абласны цэнтр. Першы рэгіён стаў фінішным прыпынкам на шляху дэманстрацыйнага паказу дасягненняў айчынных распрацоўшчыкаў.

«Брэсцкі» перыяд «Беларусі інтэлектуальнай» прадаўжаўся на працягу трох дзён – мінулай пятніцы і наступных двух выхадных. Гэта ўдакладненне мае значэнне ў яшчэ і ў тым сэнсе, што арганізатары, як здаецца, імкнуліся наладзіць «сяброўства» паміж працоўнымі выхаднымі і наведваннем выставы, «упісаць» яе ў выхадны расклад працаўніка.
На пляцоўцы перад уваходам ў легкаатлетычны манеж былі
зладжаны зоны рэлакса, сцэна з якой публіку радавалі выступленнямі музычныя калектывы і сольныя выканаўцы. Непадалёку – зона фудкортаў, дзе кожны наведвальнік меў магчымасць падмацавацца яшчэ і энергетычна.
Выстава пачыналася з агляду экспанатаў, выстаўленых на адкрытай пляцоўцы – ўсё тое, чаму, у літаральным сэнсе, не было месца пад зводам закрытай легкаатлетычнай арэны. У асноўным самая новая, пакуль яшчэ не канвеерная тэхніка машынабудаўнічых
заводаў краіны. Напрыклад,
лінейку «Беларусаў» прадстаўляла машына пад індэксам 4522. Як расказаў адзін з прадстаўнікоў кампаніі, «Беларус-4522» уяўляе сабой трактар агульнага прызначэння восьмага цяглавага класа. Гідрамеханічная з фрыкцыённымі муфтамі каробка перадач дазваляе «пераключацца» пад нагрузкай, дае магчымасць рухацца наперад з хуткасцю ад 3, 4 да 38 кіламетраў у гадзіну. Яшчэ адна асабліва «разумная» навінка МТЗ – трактар без трактарыста ці машына-беспілотнік. У параўнанні з экзэмплярам, які можна было назіраць на леташняй «Белагра», ён некалькі змяніў свой «лічбавы» камуфляж. Але гэтак жа здаецца нечым цацачным, што ў полі з плугамі ўявіць няпроста.
Ці ўзяць «амкадораўскі» харвестар. Гэты тып самаходнай, пры-
значанай для работы ў лесе тэхнікі складаны ў распрацоўцы, няпросты з пункту гледжання тэхналогіі вытворчасці асобных камплектуючых вузлоў і механізмаў. Тым не менш – змаглі, гаворым мы сёння ў адрас Мінскага завода «Амкадор».
«Поле» манежа, дзе размясцілася аснова «Беларусі інтэлектуальнай», складана назваць вялікім. Але схема размяшчэння на ім выставачных стэндаў была вельмі шчыльнай. У выставе прынялі ўдзел ці не паўтары сотні прадпрыемстваў, экспанавалася больш за 400 навукова-практычных распрацовак і вытворчых вырабаў. Так што вызначыцца
з арыенцірам агляду было няпроста. Зразумець усё прадстаўленае – тым больш.
Значнае месца на манежы займала навука і тэхніка Брэстчыны.
Напрыклад, размешчаны ў Баранавічах 558-ы авіярамонтны завод выставіў адну са сваіх распрацовак – ударны беспілотны комплекс «Чэкан».
Аб’яднаны інстытут машынабудавання Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі прадстаўляў на выставе,
у тым ліку, «зялёны» аўтамабіль уласнай распрацоўкі. У якасці крыніцы сілкавання – акумулятарная батарэя, аднаго зараду якой хопіць, каб ажыццявіць зусім не кароткую паездку.
Навукоўцы Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта прадэманстравалі свае дасягненні ў галіне медыцыны. Напрыклад, штучны сустаў, пратэзы крывяносных сасудаў чалавека – ад 15–20-міліметровага дыяметру трубак аорты да больш дробных штучных заменнікаў участкаў вен і артэрый. Сярод экспанатаў быў нават штучны клапан сэрца.
Ці было цікава? Безумоўна. Гэта пацвердзяць і ляхавічане,
якім пашчасціла пабываць на выстаўцы.

Іван КАВАЛЕНКА.
Фота аўтара.