Памяць, што адкрывае сэрцы. Традыцыя адзначаць патрыятычным аўтапрабегам важнейшыя даты і падзеі для Ляхавіччыны адносна новая, але ўжо трывалая

БОЛЬШ ФОТА ПА СПАСЫЛЦЫ і тут

Паўсотні аўто і больш за 150 удзельнікаў, беларускія чырвона-зялёныя сцягі і расійскі трыкалор – апоўдні ў мінулую нядзелю ад стадыёна «Колас» стартаваў аўтапрабег «Адзінства народаў – мір і згода», прымеркаваны да дзяржаўнага свята – Дня яднання народаў Беларусі і Расіі, што адзначаецца ў дзвюх брацкіх краінах. На маршруце – райцэнтр і некалькі вёсак, канчатковая кропка – Курган Славы.
Кветкі да падножжа Кургана, хвіліна маўчання, пранікнёныя словы пра мужнасць, самаахвярнасць і гістарычную справядлівасць – не проста даніна павагі. Гэта, без перабольшання, ужо наша духоўная патрэбнасць, генетычная памяць беларусаў, фундамент народнага адзінства. А менавіта яго – адзінства, што дае сілы для перамогі над ворагамі і абставінамі ў пераломныя моманты гісторыі, – Аляксандр Лукашэнка падчас Паслання народу і Парламенту назваў першай умовай суверэнітэту і незалежнасці.

Традыцыя адзначаць патрыятычным аўтапрабегам важнейшыя даты і падзеі для Ляхавіччыны адносна новая, але ўжо трывалая. За апошнія два з паловай гады калона аўтамабіляў з дзяржаўнымі сцягамі «засвяцілася» на многіх дарогах і ў многіх населеных пунктах. За прыгожай і захапляльнай знешне карцінай – магутны патрыятычны пасыл і свядомая грамадзянская пазіцыя ўдзельнікаў аўтапрабегаў, а яшчэ канкрэтныя справы на карысць малой радзімы, сярод якіх добраўпарадкаванне Кургана вечнай Славы, закладка Алеі народнага адзінства ў Ліпску.

І заўсёды – ушанаванне памяці ахвяр і герояў вайны, тых, дзякуючы каму нам пашчасціла жыць пад мірным небам. У гэты дзень на Кургане гучалі песні пра мір, радзіму, любоў да Айчыны. Любы жадаючы мог паспрабаваць сілы на спартыўнай пляцоўцы.


А для актывістаў раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання «Белая Русь» святочны дзень працягнуўся яшчэ адной важнай падзеяй.
Віншаванні ад «Белай Русі» з Днём яднання народаў Бела-
русі і Расіі прымаў ветэран Вялікай Айчыннай вайны Уладзімір Пракапенка. Па яго ваенных узнагародах можна вывучаць не толькі гісторыю, але і геаграфію. Гэта сёння назвы гарадоў і вёсак, якія назаўсёды ўрэзаліся ў памяць франтавіка цяжкімі баямі і горкімі стратамі, падзяляе дзяржаўная мяжа. А тады яны былі агульнай і адзінай Радзімай. Такімі для Уладзіміра Васільевіча і застаюцца і беларуская Гомельшчына, і расійскія Бранск і Запаляр’е. Таму Дзень яднання народаў Беларусі і Расіі для ветэрана –
вельмі дарагое свята.


Дарагое і сімвалічнае яно і для соцень тысяч беларусаў і расіян – прадстаўнікоў розных пакаленняў, нацыянальнасцяў і народнасцяў, веравызнанняў і прафесій. Тых, хто памятае ўрокі гісторыі і шануе памяць продкаў. Тых, хто здольны супрацьстаяць патокам пагроз і бруднай хлусні, зрабіць правільныя высновы і падтрымаць слабейшых. Тых, хто разумее, што не існуе частковага і выбарачнага патрыятызму, а любоў да Радзімы павінна быць не на словах,
а на справе. Тых, хто перакананы, што беларуска-расійскае адзінства – дзеля міру і згоды ў нашых краінах і за іх межамі.
Дарэчы, яшчэ раз нагадаць пра ўсё гэта падрастаючаму пакаленню ставілі мэтай арганізатары канцэртнай праграмы і кінапаказу для гарадскіх школьнікаў у кінатэатры «Кастрычнік» напярэдадні Дня яднання народаў Беларусі і Расіі.

Святлана СТЫКУЦЬ.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.