Палымяны «марафет». З пачатку года ў Ляхавіцкім раёне падраздзяленні РАНС дзесяць разоў выязджалі на тушэнне сухой расліннасці

Спальванне сухой травы і мінулагодняга лісця часта заканчваецца па адным сцэнарыі – агонь пачынае пагражаць домаўладанням і гаспадарчым пабудовам.

Так было паўтара тыдня назад у Дайняках, дзе дачнікі наводзілі вясновы марафет, і агонь выйшаў з-пад кантролю. Калі б не выратавальнікі, вынік быў бы даволі сумны. Вінаватыя прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці.
З пачатку года падраздзяленні РАНС дзесяць разоў выязджалі на тушэнне сухой расліннасці.
20 сакавіка днём выратавальнікі спяшаліся ў напрамку Зубелевічаў, дзе невядомая асоба падпаліла траву ўздоўж дарогі за вёскай, і агонь падбіраўся да дамоў па вуліцы Леніна. Невялікі ўчастак узгарання мог закончыцца вялікай бядой.
А праз некалькі дзён выратавальнікі двойчы выязджалі на тушэнне сухой расліннасці. Першы выклік быў у Падлессе: гарэла трава ў полі за аграгарадком, агонь дайшоў да дамоў па вуліцы Камсамольскай. З-за пажарнай сітуацыі супрацоўнікам РАНС давялося дзяжурыць у пойме ракі паміж Востравам і Любейкамі – узгаранне сухой травы было небяспечным для лесу і населенага пункта.
І гэта толькі некалькі прыкладаў нядбайнасці чалавека, якая магла прывесці да пажару.
Палы сухой травы з’яўляюцца прычынай узнікнення пажараў і сапраўдным экалагічным бедствам: у агні гінуць насякомыя, жывёлы і птушкі, збядняецца відавы склад расліннасці і г. д.
У адпаведнасці з артыкулам 16.40 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях за незаконнае выпальванне сухой расліннасці, травы на корані, а таксама ржышча і пажніўных рэшткаў на полі ці непрыняцце мер па ліквідацыі палаў вінаватыя асобы прыцягваюцца да адміністрацыйнай адказ-насці ў выглядзе штрафу ад 10 да 30 базавых велічынь. Парушэнне патрабаванняў пажарнай бяспекі на прысядзібным участку цягне накладанне штрафу ў памеры да пяці БВ.
МНС настойліва рэкамендуе выконваць правілы бяспекі: не кідаць падпаленыя запалкі і недакуркі паблізу смецця, зараснікаў чароту і ў лесапаласе. Нельга пакідаць кучы смецця, якія падпалілі, без нагляду, у непасрэднай блізкасці ад дамоў і гас-падарчых пабудоў.
Бацькам абавязкова правесці гутарку з дзецьмі і растлумачыць, што ні ў якім разе нельга самастойна распальваць вогнішча, кідаць у яго невядомыя прадметы і аэразольныя ўпакоўкі.
У выпадку здарэння тэлефанаваць па нумары 101 ці 112.

Юрый БУЙКЕВІЧ, начальнік РАНС.