Меркаванне пра Пасланне Прэзідэнта беларускаму народу і Парламенту выказала мнагадзетная маці ляхавічанка

Культ паўнацэннай сям’і з двума і больш дзецьмі павінен быць стылем жыцця беларусаў

Меркаванне пра Пасланне Прэзідэнта беларускаму народу і Парламенту выказала мнагадзетная маці ляхавічанка Таццяна Калгушкіна:

– Нягледзячы на клопаты з трыма дзецьмі, імкнуся быць у курсе падзей, якія адбываюцца ў грамадстве. Пасланне Прэзідэнта беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу слухала ў прамым эфіры і вельмі ўважліва, асабліва тэмы, якія датычаць сям’і, адукацыі, аховы здароўя, эканомікі і міру. Мяне цікавіць заўтрашні дзень нашай Беларусі і бяспека краіны.
Цалкам падтрымліваю сцвярджэнне Кіраўніка дзяржавы пра тое, што культ паўнацэннай класічнай сям’і з двума і больш дзецьмі павінен быць стылем жыцця нашага народу. Ніякія іншыя адносіны, акрамя традыцыйнага шлюбу паміж мужчынам і жанчынай, для нас сапраўды не прымальныя. Прадаўжэнне роду, сямейных традыцый, пераемнасць пакаленняў, шчасце быць не толькі маці і бацькам, але і бабуляй і дзядулем – сэнс нашага жыцця. І гэтыя каштоўнасці, лічу, трэба з першых крокаў жыцця перадаваць дзецям.
Наша дзяржава клапоціцца пра абарону інтарэсаў дзяцей, мнагадзетным сем’ям выдзяляецца не малая дапамога. І вельмі важна, каб яна даходзіла па адрасе – да дзяцей, нават калі сям’я ненадзейная. Да дэкрэтнага водпуску па працоўных абавязках не раз прымала ўдзел у раённых рэйдах па праблемных сем’ях і магу сказаць, што сітуацыя бывае рознай, калі бацькі не думаюць пра абед дзяцей, а толькі пра свае патрэбы. У першую чаргу, неабходна абараніць інтарэсы дзяцей.
Упэўнена, усе мнагадзетныя сем’і адчуваюць дзяржаўную ўвагу і падтрымку. Летась наша сям’я атрымала статус мнагадзетнай, а з ім сямейны капітал. Яго мы выкарысталі на вырашэнне жыллёвага пытання, якое вельмі важнае для любой сям’і, дзе выхоўваюцца дзеці. Добра, што дзяржаўную падтрымку можна выкарыстоўваць і на аздараўленне членаў сям’і, вучобу дзяцей. Мае дзеці атрымліваюць бясплатнае харчаванне ў школе, не плацім за падручнікі і заняткі ў школе мастацтваў. Вельмі цэнім дзяржаўную падтрымку і выхоўваем сваіх дзяцей у павазе да нацыянальнай гісторыі і каштоўнасцяў, да старэйшага пакалення і любві да малой радзімы.