Школа патрыятызму і доблесці. У Ляхавічах урачыста адкрылі ваенна-патрыятычны клуб «Доблесць пакаленняў»

7 красавіка ўзаемадзеянню ўстаноў адукацыі раёна і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь нададзены новы імпульс: на базе гімназіі адкрыты ваенна-патрыятычны клуб «Доблесць пакаленняў».
Ва ўрачыстай цырымоніі прынялі ўдзел шматлікія госці.

БОЛЬШ Фота па спасылцы

Сярод іх старшыня райсавета дэпутатаў Юрый Чаранкевіч, камандзір 8-й радыётэхнічнай брыгады Ваенна-паветраных сіл і войскаў супрацьпаветранай абароны Ігар Цішчанка, камандзір батальёна кіравання Дзмітрый Брадніцкі, начальнік аддзела па ідэалагічнай рабоце, культуры і па справах моладзі райвыканкама Ніна Прыхач, начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Святлана Якубоўская і іншыя. Кожны з іх шчыра павіншаваў рабят з адметнай падзеяй.


Кіраўнік дэпутацкага корпуса пажадаў, каб клуб стаў пачынальнікам яркіх і добрых традыцый, каб рабяты ганарыліся, што стаялі ля вытокаў яго стварэння.
– Сімвалічна, што клуб «Доблесць пакаленняў» нарадзіўся ў Год міру і стварэння. Прэзідэнт падчас Паслання беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу падкрэсліў, што Год міру і стварэння павінен стаць працягам Года гістарычнай памяці. Упэўнены, што ў клубе вялікае значэнне будзе нададзена захаванню гістарычнай памяці, фарміраванню ў навучэнцаў любві да Радзімы, пачуцця
патрыятызму, – пажадаў Юрый Чаранкевіч.
Прадстаўнікі Узброеных Сіл далі рабятам наказ быць патрыётамі сваёй Айчыны, захоўваць юнармейскае братэрства, добра вучыцца і ведаць сваю гісторыю.
«Абяцаю няўхільна выконваць статут клуба, паважаць і шанаваць бацькоў, настаўнікаў і старэйшых, праяўляць клопат пра малодшых, даражыць таварыствам і прыналежнасцю да клуба, для якога вышэйшая каштоўнасць – быць патрыётам Рэспублікі Беларусь», – гучаць урачыстыя абяцанні падчас прыняцця прысягі юнармейцамі атрада. Ад камандавання брыгады і батальёна кіравання рабятам уручаны падарункі і знакі, якія сімвалізуюць прыналежнасць да ваенна-патрыятычнага клуба «Доблесць пакаленняў».
У клубны атрад аб’яднаны васьмікласнікі з трох устаноў адукацыі Ляхавічаў. Заняткі будуць пачаргова праводзіцца ў кожнай са школ. Плануецца, што раз у два тыдні мерапрыемствы пройдуць у вайсковай часці, у праграме – тэарэтычныя і практычныя заняткі, знаёмства з гісторыяй станаўлення беларускай арміі і яе традыцыямі, асновамі ваеннай службы, тактычная і фізічная падрыхтоўка, заняткі па стральбе і медыцынскай падрыхтоўцы і г. д.
Вялікая ўвага будзе нададзена ваенна-патрыятычнаму выхаванню. Таксама ў планах і паездкі па мясцінах воінскай славы.
Начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Святлана Якубоўская адзначае, што такая форма занятасці накіравана і на выхаванне, і на развіццё навучэнцаў, умацаванне іх здароўя, павышэнне прэстыжу ваеннай службы і службы ў праваахоўных органах. У школьнікаў з’яўляецца выдатная магчымасць падрыхтавацца да службы ў арміі, а, можа, і зрабіць прафесійны выбар.
У СШ № 2 дзейнічае ваенна- патрыятычная група, і сёлета многія з яе выпускнікоў – адзінаццацікласнікі – будуць паступаць менавіта ў ваенныя ўстановы адукацыі.
Падкрэсліў урачыстасць падзеі і падарыў цудоўны настрой канцэрт, у якім прынялі ўдзел навучэнцы ўстаноў адукацыі райцэнтра і вакальна-інструментальны ансамбль вайсковай часці 29969.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Дзіяна КУДЗЯЛЕВІЧ, навучэнка ваенна-патрыятычнага класа СШ № 2:
– Уступленне ў клуб мне цікава, перш за ўсё, разнастайнымі заняткамі, бо ў будучыні хачу стаць ваеннаслужачай. Дадатковая падрыхтоўка будзе, лічу, вельмі дарэчы.

Ягор БОГДАН і Даніла МАСЛОЎСКІ, гімназісты:
– Сёння для нас дзень памятны і хвалюючы. Ганарова стаць юнармейцам. З нецярпеннем чакаем заняткі ў вайсковай часці па страявой і агнявой падрыхтоўцы.