Светла, радасна навокал і ў душы

Свята святаў, якое прыносіць радасную вестку аб збаўленні, сімвалізуе перамогу над усім грахоўным і нават смерцю, – такі ён, Вялікдзень.

9 красавіка вернікі каталіцкай канфесіі ва ўсім свеце адзначылі Светлае Уваскрэсенне Гасподне. А напярэдадні, 8 красавіка, у Вялікую Суботу ва ўсіх храмах прайшлі богаслужэнні, падчас якіх ад святога агню запальваюць вялікую велікодную свечку – сімвал уваскрэсення Хрыста.

І гэты свяшчэнны агонь каталікі з верай, надзеяй і спагадай перадаюць адзін аднаму з пажаданнямі шчасця, міласэрнасці, мудрасці і ачышчэння.
Святочна, радасна, шматлюдна ў мінулыя выхадныя было ва ўсіх каталіцкіх храмах Ляхавіччыны. Землякі, многія сем’ямі, прыходзілі, каб асвяціць галоўныя велікодныя стравы – кулічы, яйкі і іншае, што прыгатавана да святочнага стала. І паўсюдна гучала ўзвышанае, светлае і цудоўнае «Хрыстос уваскрэс!».
Цяпло і святло велікоднага агню саграе сэрцы і душы вернікаў, а свята, якое сімвалізуе радасць жыцця і дабра, заклікае да шчырай дапамогі блізкім, аб’ядноўвае і натхняе на мір і стваральнасць, дабрабыт і разуменне.

Галіна КАНЬКО.