У заліку – зробленае, планы – унушальныя. Якімі новабудоўлямі папоўнілася Ляхавіччына

Якімі новабудоўлямі папоўнілася Ляхавіччына, хто прыняў наведвальнікаў пасля капітальнага рамонту і рэканструкцыі, наколькі аператыўна і якасна вырашаюцца дарожныя пытанні і пытанні добраўпарадкавання населеных пунктаў, ці паўсюдна чыстая пітная вада, дзе чакаць прыродны газ – гэтыя тэмы былі і застаюцца аднымі з самых запатрабаваных і актуальных у землякоў. Менавіта яны даволі часта гучаць падчас зваротаў у розныя інстанцыі.
Вырашаюць пытанні такога кшталту і прадпрыемствы, арганізацыі раёна. Курыруе гэты важны накірунак дзяржаўнай палітыкі намеснік старшыні райвыканкама Аляксей ГАЛЯК. На старонках «ЛВ» ён спыніўся на зробленым у падведамаснай галіне ў 2022 годзе і агучыў планы на сёлета.

Будаўнічыя жыллёвыя прыярытэты
Пачнём з будаўніцтва. У першую чаргу, адзначу, што, нягледзячы на разнастайныя праблемныя моманты, раён выканаў даведзенае заданне 103,7 працэнта па тэмпах росту аб’ёмаў будаўніча-мантажных работ. У асноўным гэта аб’екты сельгаспрызначэння (31,3 працэнта), індывідуальнае жыллёвае будаўніцтва (21,5 працэнта), жыллёва-камунальная гаспадарка (14,4 працэнта). Сёлета даведзена заданне на выкананне будаўніча-мантажных работ усімі арганізацыямі раёна рознай формы ўласнасці на 104,5 працэнта да ўзроўню мінулага года.
У мінулым годзе ў эксплуатацыю ўведзена 4 513 квадратных метраў жылля – 100,3 працэнта гадавога задання. Прычым навасельцамі на 726 квадратных метрах сталі грамадзяне, якія стаялі на ўліку маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў і будаваліся з дзяржаўнай падтрымкай. У межах рэалізацыі Указа № 240 аказана дзяржпадтрымка тром мнагадзетным сем’ям, якія будавалі індывідуальныя дамы. Што тычыцца арэнднага жылля, то летась будаўніцтва не было, але адрамантавана за кошт сродкаў, выдаткаваных Брэсцкім аблвыканкамам, восем арэндных жылых памяшканняў. У 2022 годзе арандатарамі кватэр і дамоў сталі 40 сем’яў.
Зараз на ўліку тых, каму неабходна паляпшэнне жыллёвых умоў, 772 чалавекі, з іх 140 – мнагадзетныя сем’і, 180 – маладыя сем’і, 73 прэтэндэнты на сацыяльнае жыллё. Частцы з іх пашчасціць стаць навасельцамі 60-кватэрнага жылога дома па вуліцы Южакова ў Ляхавічах, будаўніцтва якога пачалося летась, а завершыцца сёлета.
Жыллё не толькі будуецца, але і капітальна рамантуецца, прычым як у горадзе, так і ў сельскай мясцовасці.
У 2022 годзе капітальна адрамантавана 3,5 тысячы квадратных метраў жылля: дамы № 7 па вуліцы Заводскай у Тухавічах, № 7 па вуліцы Чкалава і № 6а па вул. Южакова ў райцэнтры. На гэтыя мэты пайшло 370 тысяч рублёў з раённага бюджэту, 565 тысяч рублёў – адлічэнні грамадзян на капітальны рамонт.
У бягучым годзе капрамонт запланаваны для дамоў № 1 па вуліцы Маякоўскага ў Каранеўшчыне, № 8 па вул. Южакова ў Ляхавічах, № 9 па вул. Заводскай у Тухавічах.

Актуальная дарожная
І ў райцэнтры, і ў сельскіх населеных пунктах нямала аўтамабільных дарог і вуліц, якім патрабуецца рамонт і пастаянны клопат. Але па розных прычынах, у тым ліку звязаных з несвоечасовым і недастатковым фінансаваннем, прывядзенне дарожных аб’ектаў у належны стан не заўсёды праводзіцца. Разам з тым у мінулым годзе адпаведна з Дзяржаўнай праграмай «Дарогі Беларусі» ДРБУ-200 адрамантавала 14,3 кіламетра мясцовых аўтамабільных дарог
і 1,5 кіламетра вуліц сельскіх населеных пунктаў. Акрамя таго,
уласнымі сіламі і сродкамі арганізацый добраўпарадкава-
на вулічна дарожная сетка раёна на суму 2 505,85 тысячы руб-
лёў (асфальтавана 9,5 кіламетра дарог, адрамантаваны профіль гравійнага пакрыцця з дабаўленнем новага матэрыялу – 4,7 кіламетра).
Многіх землякоў хвалюе, якія дарогі сёлета дачакаюцца рамонту. Усяго ДРБУ-200 плануе заасфальтаваць 5,6 кіламетра дарог раёна, яшчэ на 4,2 кіламетра плануецца выправіць гравійнае пакрыццё. У прыватнасці, гэта тычыцца аўтадарог: Н-26622 пад’езд да в. Падбарочча ад аўтадарогі Р-43 мяжа Расійскай Федэрацыі – Крычаў – Бабруйск – Івацэвічы; Шчэрбава – Галаўнінцы; Ганчары – Куршынавічы – Ганцавічы; Галаўнінцы – Стральцы – Востраў. У планах і ўтрыманне 40 прыпыначных аўтобусных пунктаў на аўтамабільных дарогах. Усяго на ўладкаванне мясцовых дарог на бягучы год пакуль выдаткоўваецца 842 880 рублёў. 

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.