Навука перамагаць, ці Як стаць кадравым ваенным. Ляхавічане падзяліліся з «ЛВ», якім павінен быць абаронца Айчыны

У дзяцінстве ў кожнага свае мары, кім стаць. Хтосьці бачыць сябе настаўнікам ці лётчыкам, іншы – будаўніком ці ўрачом. А многія юнакі мараць насіць ваенную форму і быць кадравымі афіцэрамі. Сярод іх ёсць і нашы землякі, якія навучаюцца ў Ваеннай акадэміі Беларусі ці на ваенных факультэтах ВНУ. Чаму вырашылі звязаць свой прафесійны шлях з арміяй, і якім павінен быць абаронца Айчыны, яны расказалі «ЛВ».

Ілья Панасюк

Ляхавічанін Ілья Панасюк – без пяці хвілін выпускнік факультэта сувязі і аўтаматызацыі сістэм кіравання Ваеннай акадэміі. Актыўны і нераўнадушны курсант мае высокі рэйтынг навучання.
– Выкладчыкі нас па-бацькоўску падтрымліваюць і зацікаўлена ставяцца да нашых дасягненняў. Сёння магу з упэўненасцю сказаць, што чатыры гады назад зрабіў правільны прафесійны выбар. Быць кадравым ваенным – ганарова і адказна, – падкрэслівае наш зямляк, які нядаўна праходзіў стажыроўку ў воінскай часці.
Прыкладам служэння Айчыне для Ільі сталі родныя людзі: дзядзька – падпалкоўнік, які таксама некалі заканчваў гэты факультэт, і цётка – у арміі праходзіць службу на кантрактнай аснове.
Будучы інжынер адзначае: хоць у навучальнай установе дзень літаральна распісаны па хвілінах, але часу хапае і на добрую вучобу, і на заняткі спортам, а таксама адпачынак. З плюсаў вучобы ў акадэміі – выдатная матэрыяльна-тэхнічная база і практыка-арыентаваны падыход да навучання. Канешне, гэта і забяспечанасць бясплатным інтэрнатам, амуніцыяй і высокай стыпендыяй – амаль 600 рублёў.
Дарэчы, спецыяльнасць, якую атрымлівае курсант, актуальна не толькі ў арміі, але і ў цывільным жыцці.

Хутка атрымае дыплом Ваеннай акадэміі яшчэ адзін наш зямляк – Яўгеній Цярпіцкі, які пасля заканчэння факультэта ўнутраных войскаў стане спецыялістам па кіраванні падраздзяленнямі ўнутраных войскаў, юрыстам. Час навучання лічыць добрай школай жыцця: набыў трывалыя веды, прафесійныя навыкі і спартыўныя дасягненні, а яшчэ цудоўнае сяброўства.
– Ваенная служба – справа нялёгкая, але ў акадэміі нас навучылі перамагаць, умець браць на сябе адказнасць і вырашаць складаныя задачы. Напярэдадні выпуску магу з упэўненасцю сказаць, што вучыцца ў Ваеннай акадэміі прэстыжна. Шмат часу аддаецца практычным заняткам. Калі хтосьці яшчэ думае, куды паступаць, то адназначна – у акадэмію. Не ў кожнай ВНУ можна паралельна засвоіць дзве спецыяльнасці. Напрыклад, адначасова ваенную і юрыдычную, а яшчэ атрымаць і лейтэнантскія пагоны, – дзеліцца Яўгеній і адзначае, што быць ваенным, абаронцам, адстойваць інтарэсы краіны – дастойная справа сапраўдных мужчын.

На трэцім курсе ваеннага факультэта Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы вучыцца выпускнік Крывошынскай СШ імя  Г. С. Здановіча Ягор Гатоўчыц.
На пытанне, чаму паступаў на ваенны факультэт, адказвае, што з дзяцінства захапляўся людзьмі ў пагонах. Сваю ролю адыграла і школа, дзе ў музеі праходзілі шматлікія сустрэчы і ўрокі мужнасці.
– Да ваенных у нашай краіне ставяцца з пашанай і гонарам. Бачу сябе афіцэрам, які зможа дастойна абараняць сваю Айчыну. Пра Гродзенскі ўніверсітэт чуў толькі станоўчыя водгукі, ды і горад спадабаўся. Таму вырашыў пачаць ваенную кар’еру менавіта ў Гродне. Курсанцкае жыццё насычанае. Умовы такія, што з першых дзён адчуваем сябе ваеннаслужачымі: армейскі распарадак, выкананне статута і г. д. Вучыцца няпроста, але цікава. Ужо быў на практыцы ў Барысаве, і такое сумяшчэнне тэорыі з практыкай вельмі дапамагае. Нашы выкладчыкі – вопытныя ваенныя, якія не толькі навучаюць, але і дзеляцца жыццёвымі парадамі, – адзначае Ягор.
Ягор паспяхова атрымлівае спецыяльнасць «тылавое забеспячэнне войскаў», мае высокі бал навучання і разнастайныя заахвочванні, сябруе са спортам, а ў вольны час захапляецца музыкай. Гітара, у тым ліку, дапамагла яму знайсці аднадумцаў і надзейных сяброў. Жыццярадасны і адказны курсант адзначае, што ваенны факультэт дае высокую падрыхтоўку і загартоўвае характар, навучыў многім бытавым рэчам.
Пасля заканчэння ВНУ – абавязковае працаўладкаванне, дастойная аплата працы, пакет сацыяльных гарантый, у якім і перспектывы вырашыць жыллёвае пытанне, і, канешне, прафесійная кар’ера.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

У адасобленай групе Ляхавіцкага раёна ваеннага камісарыята г. Баранавічы, Баранавіцкага і Ляхавіцкага раёнаў па вуліцы Чкалава, 8 чакаюць выпускнікоў, якія сёлета плануюць звязаць сваё жыццё з арміяй. Тут растлумачаць падрабязнасці дзеянняў пры паступленні ў Ваенную акадэмію і на ваенныя факультэты ВНУ. Тэрміны паступлення туды падоўжаны да чэрвеня, але лепш не адцягваць да апошняга і падысці ў адасобленую групу як мага хутчэй, падкрэслівае яе начальнік Арцём Кірута.