Дзякуй за дарогу. Як змяніўся аўтамабільны шлях, які злучае вёскі Задвор’е і “курортную” Набярэжную ў Ляхавіцкім раёне

Аўтамабільны шлях, які злучае вёскі Задвор’е і “курортную” Набярэжную яшчэ параўнальна нядаўна назваць дарогай можна было толькі пры вялікім дапушчэнні. Некалі даўно з’яўлялася аўтэнтычна грунтовай, затым – каля паўтара дзясятка гадоў ці больш – не лепшым чынам асфальтаванай. І, нарэшце, з прычыны суцэльнай ямістасці і абсалютнай рамонтанепрыгоднасці асфальтавага пакрыцця была пераведзена ў разрад чорнагравійных. Але дарогай у стандартным гучанні гэтага слова зусім не стала: колавы транспарт не ехаў, а ці не ў літаральным сэнсе “скакаў”. І так было яшчэ год назад.

– Сёння ўсё выглядае кардынальна інакш, – расказвае жыхар вёскі Набярэжная воін-інтэрнацыяналіст  Уладзімір ЖЫГАДЛА. Для мяне, як для аўтамабіліста тры з лішнім кіламетры з Набярэжнай у Задвор’е пралятаюць за пару-тройку мінут камфортнай язды. Сядзіш сабе за “баранкай”, кіруеш і чарговы раз добрым словам узгадваеш кіраўніцтва раёна. Сказалі – зрабілі. І не абы як, не для “адчэпнага”, як кажуць у народзе, а па ўсіх правілах дарожнага будаўніцтва.
Работы праведзены летась. У месцах, дзе таго патрабавала сітуацыя, было выканана спрамленне, крутыя да таго павароты ў Задвор’і і на Набярэжную атрымалі большую плаўнасць. Чытай – бяспечнасць. У самой Набярэжнай асфальтава-плітачнае ўладкаванне атрымаў аўтобусны прыпынак, на асфальце з’явілася дарожная разметка. Усё цудоўна, за ўсё – дзякуй! У першую чаргу, кіраўніцтву раёна за жаданне дапамагчы, уменне слухаць і трымаць слова. І, канешне ж, работнікам Ляхавіцкага ДРБУ-200 – за належнае выкананне дарожнага падраду.
Застаецца спадзявацца, што, нягледзячы на дастаткова інтэнсіўны рух, а карыстаюцца дарогай і жыхары навакольных вёсак, і так званыя дачнікі, якіх у нас нямала, і транспарт арганізацый і прадпрыемстваў, у тым ліку, шматтонныя лесавозы, новы асфальт спраўна праслужыць не адзін год.