Разам супраць пажараў. Рэспубліканская пажарна-прафілактычная акцыя «За бяспеку разам!» праходзіць і на Ляхавіччыне

Рэспубліканская пажарна-прафілактычная акцыя «За бяспеку разам!» праходзіць і на Ляхавіччыне.

Дзеля павышэння ўзроўню бяспекі насельніцтва, актывізацыі пажарна-прафілактычнай работы, аналізу яе эфектыўнасці і ацэнкі гатоўнасці тэрыторый да вясенне-летняга перыяду супрацоўнікі РАНС сустракаюцца з працоўнымі калектывамі прадпрыемстваў і арганізацый, наведваюць домаўладанні адзінокіх пажылых землякоў, нагадваюць правілы пажарнай бяспекі і акцэнтуюць увагу на пільнасці і ўважлівасці падчас карыстання электра- і газавымі прыборамі, печкамі і г. д.
Начальнік райаддзела па надзвычайных сітуацыях Юрый Буйкевіч пабываў на малочнатаварнай ферме СУП «Ліпнянка» і расказаў працаўнікам пра аператыўную пажарную сітуацыю ў раёне, агучыў найбольш частыя прычыны ўзгаранняў і важнасць выканання правілаў пажарнай бяспекі. Падчас сустрэчы ўзнята і тэма небяспечнасці выпальвання сухой расліннасці, а таксама адказнасці за такія дзеянні. Так, за выпальванне сухой расліннасці, травы на корані, а таксама за непрыняцце мер па ліквідацыі палаў на зямельных участках прадугледжана адміністрацыйная адказнасць у выглядзе штрафу ад 10 да 30 базавых велічынь.
Райбальніца, камунгас, ААТ «Нача», «Жарабковічы», «Ляхавіцкі кансервавы завод» і іншыя прадпрыемствы і арганізацыі на маршруце акцыі «За бяспеку разам!».

Навучальны семінар па асновах бяспекі жыццядзейнасці ў межах акцыі і дзейнасці «школы сацыяльнага работніка» прайшоў на базе аддзялення комплекснай падтрымкі ў крызіснай сітуацыі і дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту ТЦСАН. Намеснік начальніка РАНС Кірыл Красоўскі расказаў, у тым ліку, пра трагедыю, якая адбылася ў Столінскім раёне, дзе падлетак распальваў лёгкаўзгаральнай вадкасцю печку-буржуйку ў цяпліцы, і на ім загарэлася адзенне. Падлетак з апёкамі быў шпіталізаваны. Разглядваецца версія – неасцярожнае абыходжанне з агнём.
Каб не стаць ахвярай пажару, варта няўхільна выконваць супрацьпажарныя правілы.

Юлія ЛЕШЫК, спецыяліст РАНС.