Чым ляхавічанкі журы пакарылі. Падведзены вынікі абласнога этапу рэспубліканскага конкурсу «Жанчына года – 2022». Сярод пераможцаў – і ляхавічанкі

З заслужанай перамогай, шаноўная Алена Іванаўна! Такія словы віншаванняў, падтрымкі наша зямлячка намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце ААТ «Жарабковічы» Алена Навалочка ў мінулы аўторак чула неаднойчы. Наша зямлячка стала пераможцай абласнога этапу рэспубліканскага конкурсу «Жанчына года – 2022» у намінацыі «Гаспадыня вёскі». Дарэчы, за званне лепшай у сямі намінацыях змагаліся 36 прадстаўніц прыгожай паловы чалавецтва з усіх куточкаў Брэстчыны. І кожная прадэманстравала журы цікавую прэзентацыю.
– Радасна, узрушана – не тыя словы. Нават не чакала перамогі. У прэзентацыі расказала пра сваю работу, захап-
ленні, жыццёвыя прыярытэты. Задаволена, што адстаяла гонар усіх жанчын Ляхавіччыны, – дзеліцца ўражаннямі Алена Навалочка.
Алена Навалочка бязмежна любіць сваю малую радзіму –Ляхавіччыну, ганарыцца тым, што жыве і працуе ў суверэннай Беларусі, мае вялікі вопыт работы ў сельгасвытворчасці – прайшла ўсе прыступкі ад даяркі да намесніка кіраўніка «Жарабко-
вічаў», шмат увагі надае грамадскай рабоце – без яе ўдзелу не абыходзяцца аўтапрабегі ў гонар знамянальных дат і падзей, конкурсы прафмайстэрства і спартыўныя спаборніцтвы, а яшчэ яна неабыякавы чалавек, цікавы суразмоўца.
Наперадзе ў Алены Іванаўны важная і адказная місія: як уладальніца дыплома І ступені яна будзе прадстаўляць Брэстчыну ў рэспубліканскім фінале конкурсу ў намінацыі «Гаспадыня вёскі».
І гэта не адзіная сёлетняя перамога ляхавічанак на абласным этапе. Паспяховым стала выступленне і яшчэ адной зямлячкі. Неверагодна шчодрай душы чалавек, клапат-лівая і цярплівая, супергас-
падыня, любячая матуля і самая лепшая бабуля. Гэта яна – маці – выхавальнік дома сямейнага тыпу Святлана Страмавус.
– Да конкурсу рыхтаваліся ўсёй нашай вялікай сям’ёй. Дапамагалі і дзеці – іх у нас цяпер шасцёра, і муж. Настройвалі толькі на пазітыў. Увогуле, наша сям’я – аптымісты, таму спадзяваліся на поспех. Але ўсё ж перамога стала нечаканасцю. Віншавалі ўсе, і самае цудоўнае віншаванне прыйшло ад сына: «Мама, ты самая-самая лепшая ў свеце!». Дзякуй усім за падтрымку, – расказвае Святлана Страмавус.
Яна ўзнагароджана дыпломам ІІ ступені ў намінацыі «Мацярынская слава».
Як адзначылі прадстаўніцы Ляхавіччыны, арганізатары конкурсу вельмі пастараліся, каб удзельніцам было камфортна. Выдатная атмасфера, творчы настрой панавалі на працягу сустрэчы, ды і падтрымка ад кожнага раёна вобласці была ўнушальнай. Дарэ-
чы, з года ў год нашы зямлячкі розных узростаў і пра-
фесій паспяхова выступаюць на абласным этапе. У агульнай скарбонцы ляхавічанак нямала прызавых месцаў. А вось пера-
мога Алены Навалочка – першая ў такім прадстаў-
нічым конкурсе.

Галіна КАНЬКО.

Вольга БУРАК, старшыня раённай арганізацыі ГА «Беларускі саюз жанчын»:
– Неаднойчы і падчас конкурсу ўзгадваліся асноўныя моманты сёлетняга Паслання Прэзідэнта краіны Аляксандра Лукашэнкі беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу. Дэлегатам ад Ляхавіцкага раёна на гэтай вызначальнай для ўсёй рэспублікі падзеі пашчасціла быць і мне. І сёння адчувальныя тыя эмоцыі, настрой. Узнятыя пытанні актуальныя для кожнага жыхара нашай Беларусі. Для мяне як для кіраўніка ўстановы адукацыі, грамадскага аб’яднання, маці, жанчыны вельмі важнымі былі тэмы, што тычацца выхавання, сямейных каштоўнасцей. Сапраўды, усё пачынаецца з сям’і, потым каштоўнасці, закладзеныя ў сям’і падхопліваюць дзіцячы садок, школа, піянерская арганізацыя, БРСМ і гэтак далей. Запалі ў душу і словы Кіраўніка дзяржавы, што выхаваць патрыёта можа толькі патрыёт. Роля жанчыны, маці ў выхаванні падрастаючага пакалення была асноўнай і гучала рэфрэнам і падчас фіналу абласнога этапу конкурсу «Жанчына года – 2022». Абедзве прадстаўніцы Ляхавіччыны – Алена Навалочка і Святлана Страмавус – выступілі шыкоўна. І той факт, што абедзве зямлячкі адзначаны ў сваіх намінацыях, гаворыць пра дастойнае выступленне. Упершыню ў фінале рэспубліканскага конкурсу жыхарка Ляхавіцкага раёна!