Экзамены здадзены. Рабяты і настаўнікі разважаюць пра цэнтралізаваны экзамен

У мінулую нядзелю ў цэнтры ўвагі зноў былі сёлетнія выпускнікі школ. Прайшоў цэнтралізаваны экзамен па розных прадметах. Як і тыдзень назад, 150 сёлетніх выпускнікоў ляхавіцкіх сярэдніх школ і два экстэрны правяралі свае веды. Найбольшая колькасць – 58 выпускнікоў – здавалі ЦЭ па матэматыцы. 36 юнакоў і дзяўчат экзаменавалі веды па біялогіі, 20 – па грамадазнаўстве, 16 – па гісторыі Беларусі, 10 – па англійскай мове, шэсць – па геаграфіі, па пяць – па хіміі і фізіцы, два – па нямецкай мове. Такім чынам, першая і адказная прыступка для паступлення ў сярэднія спецыяльныя і вышэйшыя навучальныя ўстановы пройдзена. Не менш адказным этапам ЦЭ стаў і для педагогаў – тых, хто быў задзейнічаны непасрэдна падчас правядзення экзаменаў, і для ўсіх, хто на працягу 11 гадоў даваў рабятам веды па розных вучэбных прадметах. Рабяты і настаўнікі разважаюць пра цэнтралізаваны экзамен.

Таісія ШЫБУН, дырэктар гімназіі, старшыня камісіі па арганізацыі і правядзенні ЦЭ ў Ляхавіцкім раёне:
– Праверка ведаў у такім фармаце і на такім узроўні праводзіцца ўпершыню. Таму, безумоўна, хваляваліся і пры падрыхтоўцы да такой адказнай кампаніі, і падчас правядзеня. Прайшло ўсё спакойна, у рабочым рэжыме, ніякіх заўваг не паступала, як і не ўзнікала праблемных момантаў. У многім гэта адбылося дзякуючы таму, што на ЦЭ працавала зладжаная каманда педагогаў. Своечасова ўся неабходная інфармацыя па арганізацыі і правядзенні цэнтралізаванага экзамену паступала ад аддзела па адукацыі райвыканкама. Як педагог, кіраўнік навучальнай установы, лічу плюсам ЦЭ той факт, што яны сталі істотнай разгрузкай для выпускнікоў. Цяпер для таго, каб прэтэндаваць на паступленне ў ВНУ, школьнікам неабходна здаць толькі цэнтралізаванае тэсціраванне па адным прадмеце. Для параўнання: у мінулыя гады было чатыры экзамены пасля заканчэння 11 класаў плюс тры прадметы на цэнтралізаваным тэсціраванні. Нагадаю, што інфармацыю пра вынікі ЦЭ можна атрымаць на сайце Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў у раздзеле «ЦЭ». Сертыфікат удзельніку выдадуць ва ўстанове адукацыі, дзе школьнік вучыўся, пад роспіс пры прад’яўленні дакумента, які сведчыць асобу. Калі вынікі першага ЦЭ (па рускай і беларускай мовах) будуць вядомы ў бліжэйшыя дні, то цэнтралізаваных экза-менаў, што прайшлі 21 мая, – у першыя дні чэрвеня. Калі ўдзельнік ЦЭ набірае ноль балаў, то ён атрымлівае дакумент пра тое, што праслухаў два гады школьны курс і не засвоіў яго.

Вольга ШКУТ, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце СШ № 2, адказны педагагічны работнік на ЦЭ:
– Пасля таго, як прайшлі дзве насычаныя нядзелі, і цэнтралізаваныя экзамены здадзены, можна канстатаваць: усё адбылося згодна з інструкцыямі аб арганізацыі і правядзенні цэнтралізаванага экзамену. Былі створаны належныя ўмовы і для школьнікаў, і для педагогаў. Парушэнняў, заўваг, скаргаў не зарэгістравана. Адзначу высокую дысцыпліну рабят на кожным з экаменаў. Істотнай падтрымкай стала тое, што папярэдне былі праведзены рэпетыцыйныя экзамены і тэсціраванне. Усё гэта дапамагло выпускнікам рацыянальна размеркаваць свой час на ЦЭ, азнаёміцца з заданнямі, падумаць і даць адказы. На базе нашай школы праходзяць рэпетыцыйныя цэнтралізаваныя тэсціраванні для ўсіх школьнікаў Ляхавіцкага раёна. Акрамя таго, да выніковых экзаменаў школьнікі рыхтуюцца на працягу года – наведваюць факультатывы, найбольшы ўпор робяць на прадметы, па якіх збіраюцца здаваць ЦЭ.

Анастасія МАКСІМЧЫК, адзінац-цацікласніца СШ № 1:
– Эмоцыі перапаўнялі. Хвалявалася вельмі-вельмі. 14 мая здавала беларускую мову, а праз тыдзень – матэматыку. Хоць тэсты і адпавядалі школьнай праграме, не скажу, што яны простыя. Мне дапамагло тое, што дадаткова займалася і па мове, і па матэматыцы. Старалася добра думаць, перш чым даць адказ на пытанне. Лічу зручным, што сумясцілі ўступныя і выпускныя іспыты, хаця рыхтавацца трэба было больш інтэнсіўна. Што атрымалася, убачу, калі прыйдуць вынікі, якіх вельмі чакаю. Яшчэ буду здаваць ЦТ па нямецкай мове. Збіраюся паступаць у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, выбрала спецыяльнасць «мытная справа».

Дар’я НАСКАВЕЦ, адзінаццацікласніца Малагарадзішчанскай СШ:
– Хваляванне прысутнічала: і аўдыторыя незнаёмая, і настаўнікі. Але гэта толькі адразу. На кожным іспыце – спрыяльная атмасфера. Здавала беларускую мову і матэматыку. Калі здавала мову, цяжэй далася частка «А», на якую патраціла больш часу, чым частка «Б». А на матэматыцы – усё наадварот. Але на абодвух прадметах хапіла часу, нават выйшла з аўдыторыі раней за адведзены на ЦЭ тэрмін. На працягу навучальнага года амаль штодня дадаткова займалася па гэтых прадметах –
рашала тэсты, вучыла тэмы. Разам з настаўнікамі нашай школы паўтаралі мінулагоднія праграмы. Задаволена, што цяпер трэба здаваць толькі два экзамены замест чатырох, як было раней. На ўсе арганізацыйныя пытанні можна было атрымаць адказ загадзя.

Марыя БУЙКЕВІЧ, адзінаццацікласніца гімназіі:
– Усё добра. У прынцыпе, атрымалася ўсё, як і планавала. Пашанцавала, што ЦЭ праходзілі ў роднай гімназіі, а дома, як вядома, нават сцены дапамагаюць. Сам тэст не скажу, што быў складаным. Добра, што папярэдне былі рэпетыцыйныя экзамены і тэсты, калі можна паспрабаваць, у тым ліку правільна размеркаваць час. З рускай мовай справілася за адну гадзіну 15 мінут, а вось экзамен па матэматыцы завяршыла за 15 мінут да адведзенага часу (афіцый-ная працягласць экзамену 3,5 гадзіны). Падрыхтоўка да ЦЭ займала нямала часу: дадатковыя заняткі і факультатывы ў школе, многа працавала самастойна, а яшчэ займалася з рэпетытарамі. Наперадзе мяне чакае яшчэ тэсціраванне па нямецкай мове. Добра, што школьных экзаменаў толькі два, застаецца больш часу падрыхтавацца да тэстаў. Цяпер чакаю вынікаў, спадзяюся, што яны мяне задаволяць.

Падрыхтавала Галіна КАНЬКО.

21 мая падчас другога цэнтралізаванага экзамена на Брэстчыне працавала 495 аўдыторый у 17 пунктах правядзення ЦЭ. 9,4 тысячы навучэнцаў з усёй вобласці сдавалі экзамен па профільным прадмеце, 40 працэнтаў выбралі матэматыку. Запатрабаванымі сталі замежныя мовы: англійская, нямецкая, іспанская, французская. Для падвозу да пунктаў правядзення ЦЭ было задзейнічана 180 школьных аўтобусаў, 34 аўтобусы аўтапаркаў.
Па інфармацыі тэлеграм-канала Брэсцкага аблвыканкама.