З днём нараджэння, суседзі! У мінулыя выхадныя Баранавічы адзначылі свой 152-і дзень нараджэння

У мінулыя выхадныя нашы бліжэйшыя суседзі – Баранавічы – адзначылі свой 152-і дзень нараджэння. Як заўжды, гэта было феерычна, ярка і запамінальна. «Баранавіцкая вясна» – гэта фірменны стыль горада абласнога падпарадкавання. Прыгажуня-Вясна з’явілася на галоўнай сцэне свята і павіншавала гараджан і гасцей горада.

Фота Барыса Наваграна

У гэты дзень да віншаванняў далучыліся і ляхавічане. Кіраўніцтва раёна ў мінулую пятніцу было запрошана на ўрачыстае адкрыццё «Баранавіцкай вясны». Са шчырымі віншаваннямі і пажаданнямі звярнуўся да жыхароў і гасцей горада-імянінніка старшыня Баранавіцкага гарвыканкама Міхаіл Бацэнка.


Шчырымі апладысментамі віталі на сцэне ганаровых гасцей – старшыню Савета дэпутатаў гарадской акругі Мыцішчы (Расійская Федэрацыя) Андрэя Гарэлікава, старшыню Баранавіцкага раённага выканаўчага камітэта Сяргея Карпенку, старшыню Ляхавіцкага раённага выканаўчага камітэта Мікалая Мароза.
У якасці падарунка суседзям ляхавічане падрыхтавалі сертыфікат на ўстаноўку крэатыўнага элемента добраўпарадкавання. Ва ўрачыстай абстаноўцы Мікалай Мароз уручыў старшыні Баранавіцкага гарвыканкама падарачны сертыфікат.
На другі дзень свята ляхавічане павіншавалі суседзяў творча. Народную арт-групу «ВІНС-акорд», артыстаў Ляхавіцкага ГДК Андрэя Пранчака, Сяргея Купчынскага, Лізавету Купрыш, арт-групу «А.Л.О.» Падлескага СДК цёпла прымалі гледачы на свяце.

Маргарыта КУХТА-МАСЛОЎСКАЯ