Пісьмо супергерою. Пяцікласнік СШ № 1 заваяваў дыплом III ступені рэспубліканскага конкурсу

Пяцікласнік СШ № 1 Дзяніс Маслоўскі заваяваў дыплом III ступені рэспубліканскага этапу 52-га Міжнароднага маладзёжнага конкурсу сачыненняў эпісталярнага жанру, які арганізоўвае Сусветны паштовы саюз. На Брэстчыне работа нашага земляка адзначана дыпломам I ступені.

Арганізатарам конкурсу з’яўляецца рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства паштовай сувязі «Белпошта» пры садзейнічанні Міністэрства адукацыі. Сёлета ўдзельнікам творчага іспыту прапанавалі паразважаць на тэму: «Уявіце, што вы супергерой, і ваша місія – зрабіць усе дарогі па ўсім свеце больш бяспечнымі для дзяцей. Напішыце пісьмо каму-небудзь, растлумачыўшы, якія звышздольнасці вам спатрэбяцца для выканання вашай місіі». Дзяніс напісаў пісьмо супергерою, у якім выказаў заклапочанасць праблемай гібелі людзей на дарогах. Асаблівую занепакоенасць юнага земляка выклікае тое, што ахвярамі ДТЗ становяцца дзеці. У сачыненні Дзяніс расказаў, што можна зрабіць для вырашэння праблемы і якія б звышздольнасці і для чаго ён пазычыў бы ў супергероя. Навучэнец ведае, што важнымі момантамі дарожнай бяспекі з’яўляюцца бездакорнае выкананне ПДР, павышаная ўважлівасць, наяўнасць флікераў і многае іншае. Таксама дзеліцца ўласнымі ідэямі па павышэнні дарожнай бяспекі, сярод якіх, напрыклад, з’яўленне гукавога ці светлавога сігналу пры перавышэнні вадзіцелямі скораснага рэжыму і г. д.
Днямі намеснік начальніка вузла сувязі Баранавіц-кага РУПС Святлана Тарабеш уручыла «бронзаваму» пераможцу рэспубліканскага конкурсу Дзянісу Маслоўскаму і яго настаўніцы Людміле Курловіч адпаведна дыплом і падзячнае пісьмо. Прыемным дапаўненнем сталі і падарункі ад «Белпошты».
– Дзяніс – вельмі таленавіты, здольны і творчы навучэнец. Заўсёды адгукаецца на прапанову паўдзельнічаць у разнастайных іспытах. Нядаўна ў раённым конкурсе чытальнікаў «Зорны спеў» заняў першае месца, – ганарыцца сваім навучэнцам настаўніца беларускай мовы і літаратуры Людміла Курловіч.
Таксама Дзяніс заваяваў дыплом II ступені ў інтэрнэт-праекце «Інтэлектуальны марафон па матэматыцы «Школа геніяў» (настаўнік Анастасія Барташэвіч).

Наталля ПЕРАПЕЧКА.