АГРАзапатрабаваны СЭРВІС

Яшчэ гадоў дзесяць назад рамонт сельскагаспадарчай тэхнікі, набыццё і размеркаванне мінеральных удабрэнняў асыцыявалі выключна з шырокапрофільнымі прадпрыемствамі сельгастэхнікі. Такога кшталту арганізацыя была і ў Ляхавічах.

Час унёс змены ў спецыфіку дзейнасці райсельгастэхнікі і ў яе назву. Цяпер у Ляхавічах гэта адкрытае акцыянернае таварыства “Ляхавіцкі райаграсэрвіс”, якое падпарадкоўваецца абласному камунальнаму ўнітарнаму вытворча-гандлёваму прадпрыемству па аказанні комплекса агратэхнічных, агратэхналагічных, аграхімічных і гандлёвых паслуг “Брэстаблаграсэрвіс”.

Што сабой уяўляе гэта абласная служба, яе асноўныя функцыі і планы, высвятляем у размове з генеральным дырэктарам Уладзімірам Махначом. Дарэчы, ён – наш зямляк, нарадзіўся і вырас у Ляхавічах, на працягу некалькіх гадоў узначальваў райаграсэрвіс.

– Уладзімір Уладзіміравіч, якія накірункі дзейнасці “Брэстаблаграсэрвіса”?

– Прадпрыемства было арганізавана ў 2002 годзе па рашэнні Брэсцкага аблвыканкама з мэтай удасканалення структуры кіравання галіной, якая абслугоўвае сельскагаспадарчы комплекс вобласці. Сёння гэта 27 прадпрыемстваў: 16 райаграсэрвісаў, якія дзейнічаюць у кожным раёне, а таксама мота- і трактара-рамонтныя заводы, ільнозаводы і інш. Галоўныя функцыі звязаны з сельскай гаспадаркай: арганізацыя работ па рамонце і тэхнічным абслугоўванні тэхнікі, абсталявання жывёлагадоўчых фермаў, аграхімічнае забеспячэнне раслінаводства. Да таго ж, “Брэстаблаграсэрвіс” у адказе за забеспячэнне сельскагаспадарчых прадпрыемстваў Брэстчыны запчасткамі і камплектуючымі для рамонту тэхнікі, непасрэдна тэхнікай, абсталяваннем, матэрыяламі, мінеральнымі ўдабрэннямі і сродкамі хімічнай абароны. Створаны дылерскія цэнтры флагманаў айчыннай прамысловасці. У Кобрыне, Івацэвічах і Лунінцы паспяхова працуюць прадстаўніцтвы РУП “Мінскі трактарны завод”. У Бярозе наладжана тэхнічнае абслугоўванне і рамонт аўтамабіляў “МАЗ”. Мы даказалі сваю запатрабаванасць.

Сёння ў калектыве “Брэстаблаграсэрвіс” працуе больш як 6000 чалавек.

– Прадпрыемства, якое вы ўзначальваеце на працягу 5 гадоў, каардынуе работу падпарадкаваных раённых. Як эканамічна развіваюцца яны, як выконваецца праграма імпартазамяшчэння?

– У Беларусі і ў Брэсцкай вобласці, у прыватнасці, пастаянна пашыраецца парк замежнай сельскагаспадарчай тэхнікі. У гэтай сувязі, пачынаючы з 2004 года, ажыццяўляецца праграма імпартазамяшчэння. Напрыклад, асвоена вытворчасць запасных частак для зернеўборачных камбайнаў “Бізон”, “Мега”, “”Кейс” і кормаўборачнай тэхнікі – камбайнаў “Ягуар”, касілак “Дыска”, грабляў “Лайнер” і многага іншага. Кошт запасных частак, прычым даволі складаных па вытворчасці, як мінімум, у нас на 20-30 працэнтаў ніжэй кошту замежных. А якасць і тэрмін службы практычна аднолькавыя. Толькі за мінулы год для сельгаспрадпрыемстваў вобласці вырабілі і рэалізавалі запасных частак на 3,7 мільярда рублёў, у тым ліку да імпартнай тэхнікі – на 784 мільёна рублёў.

Адначасова на нашых прадпрыемствах наладжаны выпуск сельскагаспадарчай тэхнікі і абсталявання. Гэта машыны для ўнясення мінеральных удабрэнняў, многафункцыянальныя прычэпы, камбінаваныя агрэгаты для баранавання, даільныя перасоўныя ўстаноўкі з малакапровадам і іншыя, якія запатрабаваны і пастаўляюцца ў рэгіёны не толькі Брэстчыны. Свой уклад у рэалізацыю гэтай праграмы ўносіць і ААТ “Ляхавіцкі райаграсэрвіс”. У 2013 годзе прадпрыемства выпусціла 50 навясных дыскавых касілак КНД-9,4 КТ, 10 варушылак прычапных ротарных ВРП-8,3, 40 адзінак валкаўтваральнікаў-грабляў ротарных ВГР-7,0.

Па заказах сельгасарганізацый краіны выпускаем агрэгаты баранавальныя праполачныя АБ-9, касілкі навясныя КНД-3,9Т.

Што датычыцца Ляхавіцкага льнозавода, то, як ведаеце, прадпрыемства ўключана ў пералік ільнозаводаў Беларусі, на якіх ідзе рэканструкцыя з мадэрнізацыяй і ўстаноўка новага тэхналагічнага абсталявання.

Пэўныя праблемы (у тым ліку тыя, якія знаходзяцца ў кампетэнцыі ”Брэстаблаграсэрвіс”) былі ўзняты падчас наведвання завода старшыні Камітэта дзяржкантролю краіны Аляксандра Якабсона. Частка з іх вырашана, у многім дзякуючы падтрымцы старшыні Брэсцкага аблвыканкама Канстанціна Сумара. Кіраўнік вобласці трымае пад асабістым кантролем ход работ па рэканструкцыі і мадэрнізацыі льнозавода. І ўжо ў гэтым годзе наведаў прадпрыемства падчас рабочай паездкі ў Ляхавіцкі раён.

Па стане на 1 студзеня г.г. фактычна асвоена 41,2 мільярда рублёў ільготных крэдытаў на аплату новага абсталявання, якое дазволіць павялічыць перапрацоўку льнотрасты ў 3 разы. Поўным ходам вядуцца будаўніча-мантажныя работы па ўзвядзенні вытворчага корпуса за кошт бюджэтных сродкаў і льготных крэдытаў. На пачатак года на гэтыя мэты зрасходавана 7 мільярдаў рублёў.

– Уладзімір Уладзіміравіч, а што можна сказаць пра каэфіцыент карыснага дзеяння “Брэстаблаграсэрвіса” ў кантэксце так званага суб’ектыўнага фактара?

– За 11 месяцаў мінулага года выпрацоўка па канцэрне склала 267 мільёнаў рублёў ці ў эквіваленце 30 тысяч долараў у разліку на аднаго работніка. Прыкладна такая ж лічба і па Ляхавіцкім райаграсэрвісе, на льнозаводзе яна пакуль ніжэй. Аднак, цвёрда ўпэўнены, што з увядзеннем у эксплуатацыю новага цэха сітуацыя зменіцца кардынальна. Для гэтага, у тым ліку, і задумана мадэрнізацыі.

– Чым вызначальны для “Брэстаблаграсэрвіса” 2013-ты – Год беражлівасці?

– Штогод на прадпрыемствах “Брэстаблаграсэрвіса” распрацоўваюцца мерапрыемствы па энергазберажэнні. У мінулым годзе яны выкананы ў поўным аб’ёме. На ўзроўні і паказчык, у тым ліку, і ў Ляхавіцкім райаграсэрвісе (склаў мінус 7,7 працэнта пры заданні – мінус 6), на Ляхавіцкім ільнозаводзе – мінус 7,4 працэнта пры заданні мінус 7.

Наша маркетынгавая служба пастаянна аналізуе попыт на тэхніку, абсталяванне і паслугі ў аграрным сектары, што дазваляе аператыўна рэагаваць на попыт. Своечасова перабудоўваем работу і адпаведна змяншаем затраты. Гэта і ёсць беражлівасць.

– У “Брэстаблаграсэрвіса” ўстаноўлены цесныя дзелавыя стасункі з партнёрамі з краін блізкага і далёкага замежжа. Якія сумесныя праграмы варта адзначыць?

– Згодна ўскладзеных на прадпрыемства задач (вытворчасць прадукцыі і аказанне паслуг сельгасарганізацыям Брэстчыны і іншых абласцей краіны), у асноўным працуем на ўнутрырэспубліканскі рынак. Але супрацоўнічаем і з іншымі краінамі. Наладжаны дзелавыя кантакты з партнёрамі з Расіі, Германіі, Украіны, Польшчы. Для прыкладу, на Ляхавіцкім ільнозаводзе ў 2013 годзе аб’ём экспарту склаў 196 тысяч долараў. На ўсіх прадпрыемствах дзейнічае сістэма менеджменту па спецыяльнай праграме, якая дазволіла актывізаваць узаемадзеянне з замежнымі кампаніямі, чый вопыт вытворчасці мы пераймаем.

– Уладзімір Уладзіміравіч, якія, на ваш погляд, перспектывы развіцця “Брэстаблаграсэрвіса”?

– У 2014 годзе асноўная ўвага будзе сканцэнтравана на ”класічных” накірунках: рамонт і тэхнічнае абсталяванне машынна-трактарнага парка сельгаспрадпрыемстваў вобласці, забеспячэнне запаснымі часткамі, мінеральнымі ўдабрэннямі, сродкамі абароны раслін і іншае. Апошнія некалькі гадоў рэалізуецца дзяржаўная праграма па мадэрнізацыі і будаўніцтве новых малочнатаварных фермаў і комплексаў. У вёску паступае новае сучаснае абсталяванне, якое аснашчана камп’ютарным кіраваннем і патрабуе высокакваліфікаваных кадраў пры эксплуатацыі і пры абслугоўванні. Таму на базе райаграсэрвісаў ствараюцца сэрвісныя цэнтры па яго тэхнічным абслугоўванні. У іх распараджэнні самыя сучасныя прыборы і прыстасаванні, якія дазваляюць праводзіць увесь пералік рэгламентных работ згодна патрабаванняў заводаў-вытворцаў.

Гутарыла  Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *