Лёс прыроды – наш лёс. 5 чэрвеня – Дзень аховы навакольнага асяроддзя

Мерапрыемствы, якія прымяркоўваюцца да гэтай даты, дапамагаюць прыцягнуць увагу грамадства да праблем навакольнага асяроддзя і падкрэсліваюць вострую неабходнасць змянення адносін чалавека да прыроды.

Тэма Дня аховы навакольнага асяроддзя ў 2023 годзе – «Бой пластыкаваму забруджванню». Чаму гэта тэма так актуальна для ўсяго свету? Адказвае на гэта пытанне начальнік райінспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Іна Траяноўская:
– Штогод у свеце вырабляецца больш за 400 мільё-наў тон пластыку, палова з якога прызначана для аднаразовага выкарыстання. Пры гэтым у далейшым перапрацоўваецца менш за 10 працэнтаў, а ў водныя артэрыі трапляе 19–23 мільёны тон пластыку. Выкінуты ці спалены аднаразовы пластык наносіць шкоду здароўю чалавека і навакольнаму асяроддзю.
Пластык у прыродзе не раскладаецца звычайным шляхам, як астатнія матэрыялы. Замест гэтага ён распадаецца на больш дробныя палімерныя часткі – мікра- і нанапластык, якія даволі лёгка распаўсюджваюцца па вадзе і паветры, трапляюць у грунтавыя воды, далей назапашваюцца ў экасістэмах і па харчовым ланцужку дабіраюцца ў арганізмы жывых істот, у тым ліку і чалавека. У сярэднім кожны дарослы ў год удыхае каля 120 тысяч часцінак мікрапластыку, яшчэ каля 50 тысяч трапляюць у наш арганізм з ядой і вадой. Яны могуць выводзіцца з арганізма звычайным шляхам, а могуць і назапашвацца ў лёгкіх, пячонцы, нырках. Асабліва дробныя часцінкі здольны праз сасуды разносіцца па ўсім целе, іх сляды выяўлены нават у плацэнце нованароджаных. Небяспечна яшчэ адна ўласцівасць мікрапластыку – ён выдатна паглынае і пераносіць з сабой іншыя хімічныя злучэнні, у тым ліку патэнцыяльна таксічныя, якія могуць выклікаць шырокі спектр захворванняў. Вялікую шкоду пластыкавыя адходы наносяць воднай экасістэме і яе жыхарам. Акрамя таго, сама вытворчасць пластыку выклікае змяненні клімату. Палімеры выпускаюць з вуглевадародаў – нафты і газу. Адпаведна, рост тэмпаў вытворчасці пластыку патрабуе і росту здабычы нафты, пашырэння заводаў па яе перапрацоўцы. А ўсё разам –
гэта крыніца парніковых газаў.
На жаль, праблема эфектыўнай утылізацыі пластыку не вырашана нідзе ў свеце. Людзі павінны мяняць свае звычкі і часцей выкарыстоўваць многаразовыя посуд і ўпакоўку, якія больш экалагічныя. А ад некаторых пластыкавых вырабаў можна адмовіцца, зрабіць выбар на карысць папяровых пакетаў, драўляных зубных шчотак, шкляных бутэлек і шклянак…
Гэтай тэме надаецца істотная ўвага і ў Ляхавіцкім раёне. Усталяваны кантэйнеры для паасобнага збору другаснай сыравіны, у тым ліку пластыку. Раёну на сёлета даведзена заданне нарыхтаваць 150 тон пластыку. У наяўнасці за чатыры месяцы – 30 тон, што ў два разы менш, чым неабходна. Таму арганізацыям варта актывізавацца.

Спынімся яшчэ на адным аспекце. З кожным годам на Ляхавіччыне праводзіцца ўсё больш мерапрыемстваў, накіраваных на ўзаемадзеянне з навакольным асяроддзем. Супрацоўнікі райінспекцыі сустракаюцца са школьнікамі, навучэнцамі агракаледжа, праводзім сумесныя акцыі, суботнікі, высаджваем дрэвы, прыбіраемся ў лясных масівах і парках. Адна з апошніх сустрэч – гутарка на тэму «Чалавек і прырода», якая прайшла ў Малагарадзішчанскай школе. Падчас месячніка добраўпарадкавання праведзены сумесныя суботнікі з неабыякавымі землякамі падчас акцый «Чысты вадаём», «Тыдзень лесу» і іншыя. Разам робім нашу Ляхавіччыну больш чыстай і ўтульнай.
Падрыхтавала Галіна КАНЬКО.

У тэму

ТАА «Кампазітная Кампанія» накіравала ў Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя матэрыялы для рэгістрацыі аб’екта па выкарыстанні палімерных адходаў і для атрымання ліцэнзіі для ажыццяўлення такой дзейнасці.