Нашы алімпійскія «Вытокі». Ляхавічане адзначыліся актыўнасцю на «Вытоках»

Спартыўна-культурны фестываль «Вытокі. Крок да Алімпу» чакаюць і мараць сустрэць у кожным горадзе нашай краіны. Мінулыя выхадныя суседнія Баранавічы сталі сёлета другой кропкай на маршруце спартыўнага свята. Алімпійскае аблічча так пасуе маладзёжнаму гораду. У цэнтры разгарнуўся самы сапраўдны гарадок для юных спартсменаў.
Прэзідэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэта Беларусі Віктар Лукашэнка разам з кіраўніцтвам Брэсцкай вобласці Мінспорта, ФПБ, Баранавіцкага рэгіёна пазнаёміліся са спартыўнымі аб’ектамі горада.
Літаральна ўсе дарожкі вялі ў спартыўны цэнтр Баранавічаў. За ўражаннямі спяшаліся і юныя ляхавічане. Наша спартыўная дэлегацыя была ўнушальна вялікая – каля 300 гарэз – і прывабна-сімпатычная. Справа ў тым, што ляхавічане стыльна выдзяляліся: белыя кепачкі з надпісам «Беларусь» і сімвалічным васільком пасавалі дызайну «Вытокаў».

БОЛЬШ ФОТА ПА СПАСЫЛЦЫ

Увагу прыцягвала ўсё. Ад шматлікіх спартыўных пляцовак да шэрага выстаў, гандлёвых радоў. Дарэчы, і нашы саламяныя вырабы з Адахаўшчынскага СДК, і сувеніры Дараўскага Дома рамёстваў годна выглядалі ў агульнай карціне. Спявала і «Вечарніца» Навасёлкаўскага СДК: як заўжды, сабрала нямала слухачоў. Свая пляцоўка была ў аграрнага каледжа. Нямала пакупнікоў было ў ляхавіцкага райпо.
Пяць соцень рабят стартавалі ў алімпійскім забегу. Гэта варта было ўбачыць. У кожнага ўдзельніка – свой медаль. Магчыма, ён стане пачаткам спартыўнай кар’еры.
Святочнае адкрыццё падарыла прыемныя словы і важ-кія падарункі. Прэзідэнт НАК Беларусі Віктар Лукашэнка падчас урачыстай цырымоніі ўручыў гораду сертыфікат на Br100 тысяч на развіццё фізічнай культуры і спорту.
Апладысменты – і старт дадзены! Удзельнікі квэста разляцеліся па сваіх пляцоўках. Сотні-тысячы дзетак з невычарпальнай энергіяй рухаліся па плошчы, пераадольваючы спартыўныя выпрабаванні. Скакалі на скакалках, гулялі ў мяч, забівалі галы, будавалі вежы з пластыкавых скрыняў, спрабавалі сябе ў барацьбе, стральбе з лука. Давялося пазмагацца і ў інтэлектуальным туры. Дваровыя гульні вярнуліся: дзіцячы смех, феерыя іх эмоцый і паток энергіі – усё гэта пра
«Вытокі».

Ляхавічане імкнуліся паспрабаваць свае сілы ва ўсіх магчымых лакацыях. Толькі і паспявалі ззяць нашыя кепачкі ў аб’ектыве «ЛВ». Дамоў вярталіся шчаслівыя і стомленыя, але ж з падарункамі. Бесправадныя навушнікі, калонкі, стыльны абутак.
Увечары «Вытокі» падрыхтавалі не менш энергічную праграму. Танцавалі і падпявалі госці фестывалю беларускім зоркам. А яркі салют падмацаваў і замацаваў святочны эфект. Дыскатэка таксама зараджала і бадзёрыла.
Маргарыта КУХТА-МАСЛОЎСКАЯ.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Вольга Папчэня, навучэнка Навасёлкаўскай СШ:

– Упершыню бачыла спартыўнае свята такога маштабу. Класна, што ў нас была магчымасць стаць удзельнікамі «Вытокаў», разам з сябрамі пабываць у гэтай атмасферы. Столькі вядомых спартсменаў, да кожнага можна было падысці. Віталі мы прэзідэнта НАК Віктара Лукашэнку. Столькі лакацый, столькі дзяцей – адразу і не прывыкнеш да такой вясёлай мітусні! Спадабалася лакацыя з каратэ, не менш здзівіла пляцоўка з баскетболам. Яшчэ доўга будзем пад уражаннямі. Запомніўся і наш стыль, кожны раён чымсьці выдзяляўся. У нас былі кепкі – і ўсе ведалі, што мы з Ляхавіцкага раёна.

Станіслаў Сакуць, навучэнец Малагарадзішчанскай СШ:

– Дзякуй нашай Беларусі, што ёсць такія святы. Тыя, хто арганізаваў фэст, прадумалі літаральна кожны момант. У адным месцы сканцэнтравалася столькі ўсяго спартыўнага, хацелася абсалютна да ўсяго дакрануцца, усюды паспець, каб нічога не прапусціць. Здаецца, так і адбылося. Калі атрымаў картку іграка, праходзіў розныя спартыўныя выпрабаванні. Асабліва атрымалася ў мяне фігурнае катанне. Нядрэнна прайшоў спарборніцтвы па настольным тэнісе, барацьбе. Як жа радаваўся, калі ў падарунак атрымаў бесправадныя навушнікі. Дарэчы, мае сябры таксама без падарункаў дадому не паехалі. Бачылі нашых беларускіх спартсменаў. А колькі нарабілі фотаздымкаў і відэа ў цікток. Кранула, што спаборніцтвы былі, скажам так, індывідуальныя, але ж мы камандна адзін аднаго падтрымлівалі.