Вітамінныя разнасолы: параўноўваем асартымент і цэны. «ЛВ» пацікавіўся, дзе і па якім кошце ў нашым райцэнтры можна набыць прыродныя вітаміны

Сёлета ласавацца радыскай, агуркамі, клубніцамі з уласных агародаў пачалі пазней. Кожны жадае не толькі купіць якасную прадукцыю, але і максімальна выгадна.

«ЛВ» пацікавіўся, дзе і па якім кошце ў нашым райцэнтры можна набыць прыродныя вітаміны. На маршруце –
гарадскі рынак па вуліцы Леніна, а таксама афіцыйнае месца для вулічнага гандлю па вуліцы Южакова.
Пачынаем вітамінны агляд з гарадскога рынку. Каторы год запар райпо высока падняло планку па забяспечанасці насельніцтва сезоннай і не толькі прадукцыяй. І, трэба аддаць належнае, паспяхова і трывала яе ўтрымлівае. Сёлета на перадрыначнай плошчы размясціўся павільён, які запатрабаваны як ў выхадныя, так і будні.

Аднымі з першых у райпоўскіх кропках у продажы з’явіліся сёлетняга ўраджаю кабачкі, памідоры, агуркі, капуста, клубніцы,
цыбуля.
Тыдзень назад у магазіне «Родны кут» па Леніна, 28 на памідоры (даволі смачныя – праверана на сабе) стаяў цэннік 3 рублі за кілаграм, а ў мінулую сераду –3,81 рубля за кілаграм, 2,50 і 3,44 рублі за кілаграм – такі кошт агуркоў. У мінулую сераду ў павільёне «Агародніна» каля магазіна «Мясная лаўка» чырвоныя буракі сёлетняга ўраджаю прадавалі па 4,29 рубля за кілаграм, цыбулю – па 3,14, капусту – па 2,20, бульбу – па 3,18, яблыкі – па 3,70, дыню – па 5,15 рубля. Для параўнання цэны за кілаграм такой жа прадукцыі ў павільёне райпо на перадрыначнай плошчы: капуста – 1,98 рубля, цыбуля і агуркі – 3,17, памідоры – 3,55, бульба – 2,90, яблыкі – 3,09, перац – 7,45, персікі – 7,40, дыня – 4,35, апельсіны – 3,56, лімоны – 5,70 рубля.
– Геаграфія нашых закупак шырокая. Гэта агракамбінат «Ждановічы», адкуль наладзілі пастаўку памідораў і агуркоў. Нашы нарыхтоўшчыкі прывозяць агуркі са Століншчыны, а вось клубніцы закуплялі ў асноўным у Ляхавіцкім раёне. Каб поўнасцю задаволіць попыт пакупнікоў, не ствараць чэргаў, паставілі дзве палаткі: адна на рыначнай плошчы, другая каля магазіна «Мясная лаўка». Набыць увесь асартымент можна і ў іншых гарадскіх і вясковых гандлёвых кропках райпо, – расказвае вядучы таваразнаўца Ляхавіцкага райпо Віктар Скіндзер.
На сёння адзін з фаварытаў рыначнага вітаміннага гандлю –
клубніцы. Першы ўраджай райпо прадавала па 14-15 рублёў за кілаграм. Пасля таго, як да гандлю гэтай ягадай далучыліся іншыя, цана зменшылася. 10 чэрвеня на перад-рыначнай плошчы прыватнікі з Лунінца прадавалі клубніцы па 5 рублёў за кілаграм, побач садаводы з Ляхавіцкага раёна – па 7 рублёў, а ў павільёнах і магазінах райпо на клубніцы, вырашчаныя ў аграгарадку Дарава, стаяла цана 10 рублёў
за кілаграм. Праз тыдзень, 17 чэрвеня, садаводы паставілі цэннік 7 рублёў за кілаграм вялікай па памерах ягады, у райпо – 5 рублёў (але невялікай, якая пойдзе ў асноўным на варэнне). Ва ўсіх выпадках на кожны тавар знаходзіўся свой пакупнік. Дарэчы, з панядзелка па пятніцу мінулага тыдня клубніц у райпо ўвогуле ў продажы не было. Адзін з прыватнікаў паставіў для райпо закупачную цану
10 рублёў за кілаграм. А з гандлёвай надбаўкай атрымаецца залатая па кошце ягада. У мінулую сераду мясцовы прыватнік прадаваў клубніцы па 8 і 9 рублёў за кілаграм.
– Усю зіму чакала, каб удосталь паласавацца клубніцай, вельмі ж яе люблю. Як толькі напачатку мая з’явіўся першы ўраджай, купіла паўкіло. Аддала без малога 8 рублёў. Праўда, на смак аказалася не вельмі. Вось-вось на дачы паспее свая, – гаворыць ляхавічанка Валянціна Сяргееўна.


Прыватных палатак на рынку і плошчы каля яго некалькі. Але асартымент таксама ўнушальны, цэны амаль аднолькавыя. Попытам карыстаюцца маладая бульба, агуркі, памідоры, цыбуля.
– Прыйшла спецыяльна за маладой бульбай. Купляла па 2,5 рубля за кілаграм. Зялёную цыбулю купіла тут жа. На салат са свежых памідораў бяру «малінаўку», яна хоць і даражэйшая (цяпер па
7,5 рубля за кілаграм), але ж як з уласнага агарода. Кошт бульбы лічу прымальным, вырасціць яе нялёгка, а з мамінага агарода яшчэ доўга чакаць, – разважае ляхавічанка Паліна.
Пацікавіліся і цэнамі на рынку. Па стане на 14 чэрвеня, памідоры каштавалі ад 4,50 да 7,50 рубля ў залежнасці ад сорту, агуркі і чырвоныя буракі – 3 рублі, бульба – 2,50, абрыкосы – 7,50, апельсіны – 6,50, мандарыны – 8,50, вінаград – 12,50 рубля.
Зазірнулі і на міні-рынак па вуліцы Южакова. Там «вітаміны» каштуюць танней: (на 14 чэрвеня) клубніцы – 7 рублёў за кілаграм, памідоры – 5, яблыкі – 3,50, бульба – 3 рублі. У продажы рознае зяленіва: цыбуля, кроп, пятрушка, базілік і г. д.
Прыватныя гандлёвыя кропкі таксама клапоцяцца пра сваіх пакупнікоў, пашыраюць садавінна-агароднінную прапанову. Добрым асартыментам могуць пахваліцца магазіны «Усходні», «Еўраопт», «Разумны выбар», «Санта». А справа кожнага з нас – выбіраць што, дзе і па чым набываць.

Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.