На прадпрыемстве меліярацыйных сістэм г.Ляхавічы замацоўваюцца маладыя спецыялісты, не спяшаюцца пакідаць яго і ветэраны

Экскаватаршчык Іван Краўчук – адзін з лепшых працаўнікоў ПМС.

«Выдатны прыклад маладым».

Працаўнікі УП “Ляхавіцкае ПМС” сабраліся, каб павіншаваць з юбілейнай датай ветэрана вытворчасці экскаватаршчыка Івана Краўчука. Словы ўдзячнасці, пажаданні, а кульмінацыйным момантам сустрэчы было ўручэнне юбіляру Граматы абласнога выканаўчага камітэта. Сардэчна віншаваў Івана Мікалаевіча і начальнік ПМС Сяргей Юшкевіч: нягледзячы на тое, што ветэран адпрацаваў на прадпрыемстве 36 гадоў, папрасіў не пакідаць калектыў, маўляў, такія работнікі на вагу золата – выдатны прыклад маладым.

А іх, дарэчы, за апошнія год-два прыйшло ў ПМС нямала. Дасканала асвоіў работу на экскаватары Аляксандр Васілько – працуе старанна і паспяхова, Андрэю Стэцко даверылі новенькі бульдозер. Ветэран-бульдазерыст Георгій Сайко сабе падрыхтаваў змену – сына Сяргея.

Пасля заканчэння ВНУ прыйшлі на прадпрыемства Вячаслаў Кірыковіч і Андрэй Шулік, якія працуюць майстрамі ўчасткаў. Пры іх здольнасцях і старанні кар’ерны рост забяспечаны. Такая пераемнасць кадраў характэрная для моцнага, згуртаванага калектыву прадпрыемства меліярацыйных сістэм.

Летась тут выканана работ на 17,5 мільярда рублёў (164 працэнты да года папярэдняга), выпрацоўка на аднаго работніка склала 230 мільёнаў рублёў, рэнтабельнасць вытворчасці – 11,2 працэнта, а сярэдняя зарплата за год – 4,8 мільёна рублёў.

Зіма – адносна спакойны перыяд для меліяратараў. Але за гэты час патрэбна правесці ўсе падрыхтоўчыя работы да пачатку сезона (звычайна гэта красавік): адрамантаваць тэхніку, шлюзы, помпавыя станцыі і, самае галоўнае, – распрацаваць канкрэтны план гадавой дзейнасці, заключыць дагаворы на выкананне сезонных работ. Аднак ужо і цяпер не сядзіцца. У Свяціцы і Зубелевічах пачалі высечку кустоўя на меліярацыйных каналах, да работы прыцягнулі і мясцовых жыхароў. Прадпрыемства прапануе транспартныя і іншыя паслугі насельніцтву, індывідуальным прадпрымальнікам, прычым, не толькі ў сваім раёне.

Сезон пачнецца завяршэннем распачатых работ на Ганцавіччыне, дзе вядзецца рэканструкцыя меліярацыйнай сістэмы, прадоўжыцца ў сваім раёне і за яго межамі. Сёлета на прадпрыемстве мяркуюць выканаць работ не менш як на 18-19 мільярдаў рублёў.

І невытворчы штрых, які расказвае пра жыццё калектыву. Зіма для меліяратараў – час актыўнага правядзення вольнага часу: спартыўных спаборніцтваў і паездак у сталіцу ў якасці балельшчыкаў на хакей…

Не дзіўна, што ў такім калектыве замацоўваюцца маладыя спецыялісты, не спяшаюцца пакідаць прадпрыемства і ветэраны. Разам больш надзейна.

Аліна ЛАПІЧ.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *