Пра сувязь навучэнцаў Ляхавіцкага дзяржаўнага аграрнага каледжа з навукай — у інтэрв’ю з дырэктарам

У апошнюю нядзелю студзеня сваё прафесійнае свята адзначаюць беларускія навукоўцы. І не трэба думаць, што для Ляхавіч гэта не актуальная дата. Ва ўсякім выпадку, у мясцовым дзяржаўным аграрным каледжы з такім не пагодзяцца. На працягу 18 гадоў установу паспяхова ўзначальваў кандыдат сельскагаспадарчых навук Вячаслаў Сельмановіч (цяпер старшыня райвыканкама). Дарэчы, у снежні 2013 года рашэннем Вышэйшага атэстацыйнага савета Рэспублікі Беларусь Вячаславу Сельмановічу прысвоена вучонае званне дацэнта.

З 14 лістапада мінулага года на пасаду кіраўніка ЛДАКа заступіла кандыдат сельскагаспадарчых навук Алена Абарава, якая да гэтага ўзначальвала кафедру аграрных дысцыплін у Баранавіцкім дзяржаўным універсітэце.

Пра сувязь нашых каляджан з навукай – у сённяшнім інтэрв’ю з дырэктарам адасобленага структурнага падраздзялення БарДУ “Ляхавіцкі дзяржаўны аграрны каледж” Аленай АБАРАВАЙ.

— Алена Эдуардаўна, два з паловай месяцы вы на пасадзе дырэктара ЛДАКа. Якія першыя высновы і ўражанні?

— Уражанні, канешне, самыя добрыя. ЛДАК заўсёды высока каціраваўся ў вобласці. Трывалыя веды, запатрабаваныя выпускнікі, цесная сувязь тэарэтычнага навучання з практычным. Каледж – адзіная ў сістэме Міністэрства адукацыі ўстанова аграрнага напрамку з вялікай гаспадаркай: вучэбнай жывёлагадоўчай фермай і 400-гектарным участкам зямлі. Іншыя абмяжоўваюцца вучэбнымі майстэрнямі і лабараторыямі. Зразумела, нашы навучэнцы ў выйгрышным становішчы і маюць больш магчымасцяў для практыкі. Ну і, адпаведна, атрымліваецца, што дырэктар – кіраўнік не толькі ўстановы, але і гаспадаркі. Такое сумяшчэнне абавязвае да многага, патрабуе дадатковых ведаў і навыкаў, шмат часу. Але мне пашанцавала – прыйшла ў сфарміраваны высокапрафесійны калектыў з кампетэнтнымі і вопытнымі намеснікамі, загадчыкамі аддзяленняў, педагогамі. З такімі кадрамі можна вырашаць задачы любой складанасці.

— Як навукоўцу, чалавеку з вучонай ступенню ўдаецца сумяшчаць адміністрацыйную, кіраўніцкую, гаспадарчую дзейнасць? Ці не на шкоду гэта навуковым даследаванням?

— Я займаюся навуковымі даследаваннямі ўсё жыццё. Таму Дзень беларускай навукі лічу сваім прафесійным святам. Узначальваючы кафедру ў БарДУ, даводзілася сумяшчаць адміністрацыйную дзейнасць з навуковай. Праца ў каледжы – выдатная магчымасць развіць і ўдасканаліць свае навыкі ў гэтым накірунку.

Што датычыць навуковай работы, то тут поле дзейнасці (у прамым і пераносным сэнсе) шырокае. На тэрыторыі доследнага поля выдзелены ўчастак для правядзення агранаміч-ных эксперыментаў, доследаў. Задзейнічаны ў іх правядзенні выкладчыкі ўніверсітэта і каледжа. Студэнты тут праходзяць практыку, праводзяцца практычныя заняткі. У мінулым годзе закладзены палявы дослед у севазвароце каледжа “Экалагічнае сортавыпрабаванне сельскагаспадарчых культур”: высаджана калекцыя са 140 розных сартоў сельскагаспадарчых культур. Насенны матэрыял нам прадаставіў навукова-практычны цэнтр НАН Беларусі па земляробстве. Сёлета высаджаны азімыя культуры, будуць пашырацца пасевы яравых. Навучэнцы каледжа даглядаюць дзялянкі. У планах правядзенне навуковых семінараў на доследным полі не толькі для студэнтаў і навучэнцаў, але і для спецыялістаў гаспадарак. Таму навуковыя даследаванні ў каледжы праходзяць і праходзілі ў непарыўнай сувязі з адукацыйным працэсам.

Каб укараняць перадавыя тэхналогіі ў адукацыйны працэс, у БарДУ ўведзены эксперыментальны курс “Асновы арганічнага земляробства”. У наступным годзе падобны факультатыўны курс будзе выкладацца і ў каледжы.

— Алена Эдуардаўна, ведаю, што вы сталі сааўтарам першага сігнальнага курса лекцый па арганічным земляробстве. Не ўсе чулі, што гэта такое…

— Арганічная сельская гаспадарка без выкарыстання хіміі і хімічных сродкаў, удабрэнняў – новы накірунак у сельскай гаспадарцы рэспублікі. Для мяне арганічнае земляробства – своеасаблівае хобі. Не сакрэт, што многія аддаюць перавагу якасным і карысным прадуктам. Лічу, за гэтым напрамкам будучыня. Усе згодны, што добра спажываць экалагічна чыстыя садавіну і агародніну, але пакуль, на жаль, у нас не вучылі, як правільна іх вырошчваць. Таму і ўводзіцца новы курс для падрыхтоўкі спецыялістаў-аграрыяў. На базе каледжа ў сярэдзіне снежня прайшоў навуковы семінар, прысвечаны выкладанню гэтай дысцыпліны, яе ўвядзенню ў адукацыйны працэс.

— Часта адбываецца так, што выпускнікі сельскагаспадарчых навучальных устаноў атрымліваюць дыплом, адпрацоўваюць час і ў прафесіі не застаюцца. Як зацікавіць маладых людзей прафесіяй аграрыя?

— Зараз столькі робіцца для сельскіх працаўнікоў: умовы пражывання ў вёсцы набліжаны да гарадскіх. Канешне, ёсць больш моцныя гаспадаркі, ёсць і параўнальна слабыя з нізкай заработнай платай. Але прымаюцца пэўныя меры па паляпшэнні сітуацыі. Такая палітыка дзяржавы будзе садзейнічаць замацаванню маладых спецыялістаў у вёсцы. А яны – будучыня аграрнай галіны. Канешне, не ўсе нашы выпускнікі застаюцца працаваць па атрыманай спецыяльнасці, хтосьці вырашае працягнуць навучанне ў ВНУ, некаторыя разумеюць, што памыліліся з выбарам прафесіі, і мяняюць яе. Але многія застаюцца, а з часам, мне здаецца, будзе заставацца больш і больш. Гэта пытанне не імгненнага вырашэння і не толькі наша. У ім павінны быць зацікаўлены і работадаўцы.

Калі мы пасадзілі экалагічную калекцыю, нашы навучэнцы адчувалі шчырае задавальненне. Спадзяюся, што і такія вось рэчы дапамогуць юнакам і дзяўчатам стаць сапраўднымі патрыётамі прафесіі.

Вельмі важна, каб чалавек адбыўся ў прафесіі. Сучаснае навучанне ва ўстанове нацэлена на практыкаарыентаваных навучэнцаў – 70 працэнтаў вучэбнага часу аддадзена практыцы. Юнакі і дзяўчаты працуюць у падсобнай гаспадарцы, тэхналагічную практыку праходзяць у перадавых сельгаспрадпрыемствах, а пераддыпломную – па месцы будучай працы. Больш таго, і пасля атрымання дыплома нашы выкладчыкі забяспечваюць суправаджэнне маладых спецыялістаў. Куратар падтрымлівае з імі цесныя сувязі і ў выпадку, калі выпускніку неабходна дапамога, прадстаўнікі каледжа выязджаюць на месца яго працы.

— Вялікая ўвага ў каледжы надаецца навуковым распрацоўкам. Раскажыце пра гэта, калі ласка.

— Педагогі нашай установы – прафесіяналы сваёй справы, якія, акрамя выкладчыцкай дзейнасці, актыўна публікуюцца, удзельнічаюць у навуковых эксперыментах і канферэнцыях, семінарах. Яны аўтары метадычных рэкамендацый па вучэбных дысцыплінах, тэставых заданняў. Педагогі Іван Біза, Рыгор Войцік, Яўгенія Рытвінская і Кацярына Юрчык – актыўнейшыя ўдзельнікі навуковых даследаванняў. Выкладчык агранамічных дысцыплін Яўгенія Рытвінская знаходзіцца ў статусе саіскальніка, рыхтуецца да абароны дысертацыі. Яшчэ 2 чалавекі маюць ступень магістра.

Стала традыцыяй правядзенне напрыканцы кожнага вучэбнага года канферэнцыі “Паспяховы той, хто стварае”, на якой педагогі разам з навучэнцамі выступаюць з канчатковымі ці прамежкавымі вынікамі праве-дзеных даследаванняў. Традыцыі навучальнай установы, навуковая дзейнасць і далей будуць працягвацца і памнажацца. Тым больш, што ёсць неабыякавыя да навукі калегі.

Гутарыла Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

One thought on “Пра сувязь навучэнцаў Ляхавіцкага дзяржаўнага аграрнага каледжа з навукай — у інтэрв’ю з дырэктарам

  • 27/01/2014 в 23:02
    Permalink

    Приятно читать о родной альма-матер. Коллектив колледжа всегда отличал высокий преподавательский уровень и стремление работать, передавать знания. Успехов и в научных достижениях!

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *