Вуліца імя сапраўднага патрыёта. У Ляхавічах вуліца названа ў гонар кіраўніка партызанскага руху — Сцяпана Дзесюкевіча

Калі спытаць у выпадковага прахожага пра знаходжанне ў райцэнтры вуліцы Дзесюкевіча, упэўнена, той без памылак пакажа патрэбны напрамак. На ёй маюць гонар размяшчацца ААТ «Ляхавіцкі кансервавы завод» і раённы аддзел фонду сацыяльнай абароны насельніцтва, сацыяльна-педагагічны цэнтр і цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, раён электрасетак, жылыя домаўладанні і мяжуе з вуліцай, дзе знаходзіцца СШ № 1, іншыя.

Асоба чалавека, у імя якога названа вуліца, легендарная. У час Вялікай Айчыннай вайны быў кіраўніком партызанскага руху. У радах народных мсціўцаў ён з 1942 года, а з красавіка 1943 года – упаўнаважаны міжрайкама КПБ Слуцкай зоны па Ляхавіцкім раёне. Праз паўгода назначаны сакратаром Ляхавіцкага падпольнага райкама КП(б)Б, са студзеня 1944 года – камісар 19-й партызанскай брыгады імя В. Молатава, партызаны якой  з красавіка па чэрвень 1944 года ўчынілі тры дзясяткі дыверсій на чыгунцы і шасэйных дарогах, падарвалі 14 варожых эшалонаў і прынеслі яшчэ шмат праблем акупантам.
Дзякуючы Сцяпану Канстанцінавічу ў Машукоўскім лесе 24 кастрычніка 1943 года быў надрукаваны першы нумар газеты «Савецкі патрыёт» – папярэднік сённяшняга «Ляхавіцкага весніка». Газетчыкі памятаюць і шануюць імя таго, хто паклаў пачатак жыцця раёнкі. У юбілейны для газеты год рэдакцыя «ЛВ» з удзячнасцю ўзгадвае паважанага і аўтарытэтнага чалавека.

 Пасля вызвалення раёна Дзесюкевіч працягваў на Ляхавіччыне партыйную дзейнасць. У 1949 годзе закончыў Вышэйшую партыўную школу пры цэнтральным камітэце ВКП (б), а пасля з Ляхавічаў быў накіраваны ў Баранавічы, Слонім, Гродна.
Рашэннем выканаўчага камітэта Ляхавіцкага раённага Савета дэпутатаў працоўных ад 27 кастрыч-ніка 1967 года завулку Падлескаму было прысвоена імя Дзесюкевіча. Важная падзея адбылася пры жыцці Сцяпана Канстанцінавіча.
Сапраўднаму сыну сваёй Айчыны – ганаровая місія і шчырая ўдзячнасць.
У СШ № 1 у музейным пакоі ёсць экспазіцыя, прысвечаная чалавеку, які сваім жыццём і адданасцю Радзіме заслужыў ганаровае права звацца земляком, хаця нарадзіўся ў Мінскай вобласці.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.