Палавіна цэлага. Што абмяркоўвалі на чарговым пасяджэнні Ляхавіцкага райвыканкама?

На парадку дня чарговага пасяджэння раённага выканаўчага камітэта значылася тэма жывёлагадоўлі. Удзельнікі прааналізавалі вынікі работы сельгасгаліны за першае паўгоддзе. Ключавое гучанне атрымала пытанне аб мерах па скарачэнні невытворчага выбыцця буйной рагатай жывёлы ў сельскагаспадарчых арганізацыях Ляхавіцкага раёна.

У структуры сельгасвытворчасці важкая роля належыць жывёлагадоўлі: каля 60 працэнтаў фінансавых здабыткаў гаспадаркі атрымліваюць, дзякуючы рабоце фермаў і комплексаў. У сваю чаргу, галоўным актывам жывёлагадоўчай галіны з’яўляецца яе малочны накірунак. Удоі фарміруюць вал, а ад яго аб’ёмаў і паказчыкаў якасці напрамую залежыць сума атрыманай выручкі. Першай неабходнай умовай для інтэнсіфікацыі раёнам вытворчасці прадукцыі жывёлагадоўлі з’яўляецца, па словах першага намесніка старшыні райвыканкама – начальніка ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Васілія Пыжыка, забеспячэнне дынамікі пагалоўя буйной рагатай жывёлы ўвогуле і кароў у прыватнасці. Як было адзначана, у бягучым годзе складваецца іменна такая тэндэнцыя. Прычым, ва ўсіх сельгасарганізацыях раёна і па кожным з названых паказчыкаў.
На пачатак года ў гаспадарках раёна ўтрымлівалася 30 038 галоў БРЖ, з іх 10 224 – каровы. Гэтыя лічбы на 1 247 і 647 адзінак адпаведна
перавышаюць мінулагоднія.
– Асноўны рост дасягнуты за кошт СУП «Ліпнянка» – 283 галавы, – удакладніў начальнік райсельгасхарчу.
Для эфектыўнага развіцця галіны жывёлагадоўлі неабходна забяспечыць утрыманне 100 галоў БРЖ на 100 гектараў сельгасугоддзяў. У тым ліку, не менш за тры дзясяткі кароў. Раённая ж статыстыка наступная: 68 жывёл і 23 каровы на 100 гектараў угоддзяў. Ёсць куды расці, – пракаменціраваў сітуацыю Васілій Пыжык.
Колькасць кароў у раёне ў параўнанні з 2018 годам зменшылася на 450 галоў.
Найбольш значна змінусавалі ААТ «Шлях новы», СУП «Ліпнянка» і «Белазем’е». І гэта на фоне таго, што Брэстчына за пяцігодку «вырасла»
па БРЖ на 3,3 працэнта, а па каровах – на 5,3.
Сярод асноўных прычын зніжэння пагалоўя названы высокі працэнт выбыцця БРЖ; знаходжанне жывёлы ў старых памяшканнях, дзе складана, а, часам, і немагчыма забяспечыць неабходныя ўмовы ўтрымання.
– Толькі 52 працэнты кароў утрымліваюцца на сучасных, абсталяваных даільнымі заламі комплексах, – прагучала ў працяг сказанага.
Прычынамі зніжэння пагалоўя сталі таксама недахоп кармоў, іх нізкая якасць і некаторае іншае.
За першую палову года сельгасарганізацыі Ляхавіччыны атрымалі
29 693 тоны малака. Гэта на 8,3 працэнта больш, чым на тую ж дату мінулага года.
Станоўчым момантам з’яўляецца і факт сёлетняга паўгадавога павелічэння прадукцыйнасці ляхавіцкіх кароў. Аднак на фоне сярэднеабласных 238 наш плюс склаў 188 кілаграмаў. Пры тым, што і абласная «база» даволі адчувальна перавышае раённую.
Саступае раённая жывёлагадоўля абласной і па паказчыку таварнасці малака, які за паўгода зменшыўся на паўпрацэнта і склаў 90 пунктаў. Вобласць прыбавіла 0,4 працэнта і «спынілася» на лічбе 92.
Ключавое значэнне для дынамічнай работы малочнай жывёлагадоўлі мае фактар забяспечанасці сельгасарганізацый спецыялістамі і работнікамі адпаведнага профілю. Сёння ў сельгасарганізацыях Ляхавіччыны знойдуцца вакансіі для спецыялістаў і ветэрынарнага, і заатэхнічнага профілю.

Іван КАВАЛЕНКА.