Ветэранам Вялікай Айчыннай акажуць дапамогу

Ветэранам Вялікай Айчыннай вайны да 70-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў акажуць матэрыяльную дапамогу. Адпаведны Указ № 54 «Аб аказанні аднаразовай матэрыяльнай дапамогі» Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка падпісаў 29 студзеня.

Больш як Br262 млрд. з рэспубліканскага бюджэту будзе выплачана матэрыяльнай дапамогі ветэранам, паведаміла журналістам міністр працы і сацыяльнай абароны Мар’яна Шчоткіна, каменціруючы Указ № 54.

Выплаты ветэранам Вялікай Айчыннай вайны будуць ажыццёўлены ў перыяд з 1 чэрвеня да 1 ліпеня ў тым жа парадку, як і пенсіі, адзначыла міністр.

У Беларусі цяпер пражываюць больш як 22 тыс. ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, у тым ліку 15 тыс. інвалідаў і ўдзельнікаў вайны, а таксама больш як 31 тыс. пацярпелых ад наступстваў войнаў.

У адпаведнасці з Указам матэрыяльная дапамога ў памеры Br10 млн. будзе аказана Героям Савецкага Саюза, кавалерам ордэнаў Славы трох ступеняў, Героям Сацыялістычнай Працы, удастоеным гэтага звання за заслугі ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

У памеры Br8 млн. будзе аказана матэрыяльная дапамога інвалідам і ўдзельнікам Вялікай Айчыннай вайны, асобам, якія прымалі ўдзел у складзе спецыяльных фарміраванняў у размініраванні тэрыторый і аб’ектаў пасля вызвалення ад нямецкай акупацыі ў 1943-1945 гады.

Аднаразовую матэрыяльную дапамогу ў памеры Br3,5 млн. акажуць асобам, узнагароджаным ордэнамі або медалямі СССР за самаадданую працу і бездакорную воінскую службу ў тыле ў гады Вялікай Айчыннай, тым, хто ўдзельнічаў у будаўніцтве абаронных збудаванняў, хто ствараў ваенныя аб’екты, абслугоўваў прыфрантавыя ўчасткі чыгуначных і аўтамабільных дарог, блакаднікам Ленінграда,членам сем’яў ваеннаслужачых, партызан і падпольшчыкаў, якія загінулі або прапалі без вестак у час баявых дзеянняў у гады вайны, інвалідам з дзяцінства ў выніку ранення, кантузіі і калецтва, звязаных з баявымі дзеяннямі ў перыяд вайны або з іх наступствамі, а таксама былым вязням фашысцкіх канцлагераў, турмаў, гета і іншых месцаў прымусовага ўтрымання, створаных фашыстамі і іх саюзнікамі ў гады Другой сусветнай вайны, якім устаноўлена павышэнне пенсіі па гэтай падставе.

БЕЛТА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *