На фінішы адны рэкорды. У «Шляху новым» ушаноўвалі лепшых

Расклад працоўнага дня 17 жніўня ў «Шляху новым» падкарэкціравалі рэкордныя падзеі. Менавіта ў гэтай гаспадарцы экіпаж камбайна першым у раёне намалаціў другую тысячу тон збожжа, там жа зафіксавана яшчэ адна нагода для ўшанавання – вадзіцель перавёз з поля 3000 тон зерня.

Жніво-2023 для ААТ «Шлях новы» афіцыйна скончана. Сёлета гаспадарка ўзначальвае топ трох лепшых сельгаспрадпрыемстваў раёна на жніве. І ўвогуле ва ўборачных рэйтынгах імёны тутэйшых рупліцаў сустракаюцца ў кожнай намінацыі. Заслужана!
На мехмайстэрнях гучыць беларуская песня – гэта святочны тон задае навасёлкаўская «Вечарніца». Свята тут – у «Шляху новым»!
– Дзякуй за такія лічбы, вы паказалі, на што здольны нашы хлебаробы. Ляхавіччына вамі ганарыцца. У фіналь-
ных акордах жніва прыемна віншаваць з такімі вынікамі! – словы падзякі прагучалі ад першага намесніка старшыні райвыканкама – начальніка ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Васілія Пыжыка.
Падарункі і словы падзякі гучалі ад старшыні прафсаюзнай арганізацыі АПК раёна Ірыны Чуры.


Падзячныя лісты для камбайнераў Андрэя Юруця і Івана Царыкава ў гэтым гарачым сезоне першыя. А вось у вадзіцеля Уладзіміра Пабягайлы ўзнагарода – другая! Сёлета ён першым у раёне дасягнуў двухтысячнай мяжы перавезенага зерня.
Знаёмцеся з «трохзорным» экіпажам. Дасягнутая лічба для
абодвух хлебаробаў – мара, а яе здзяйсненне – шчасце.
– Яшчэ ў юнацтве сеў на камбайн. Першым быў – СК-4, а гэты сезон пачалі на новенькім КЗС GS2124. Не тэхніка – казка! Шчыра прызнацца, марыў пра гэта, да гэтага побач са старшым камбайнерам і ішлі.
З напарнікам пашанцавала на ўсе 100 працэнтаў. І вынік паказалі адпаведны, – не шкадуе эмоцый Іван Царыкаў.
За галоўнага ў тандэме – Андрэй Юруць. І хоць у сельскай гаспадарцы ён чалавек не новы, у «Шляху новым» – другі сезон і адразу за штурвалам новага КЗСа.
Як сцвярджаюць, пратэсціравалі тэхніку таксама рэкордна: пакуль яшчэ не зафіксавана, каб па вобласці КЗС GS2124 намалаціў больш
за 2000 тон. За дзень самы вялікі намалот склаў каля 220 тон.
– Гэты сезон асаблівы. Хваляваліся перад стартам, каб не падвесці
гаспадарку. Хоць тут і навічкі на фоне іншых вопытных калег, але ж першы сумесны сезон з Іванам Царыкавым адстаялі добра. І тэхніка сябе праявіла, і надвор’е напрыканцы ўсё ж дало гарачыні – працуй, глядзі за тэхнікай, будзь на адной хвалі з калегам – вось і ўвесь сакрэт! – расказвае Андрэй Юруць.


Між іншым, яго імя ў 2009 годзе гучала і на рэспубліканскіх
«Дажынках». Так што іх поспех – гэта не ўдача, а стаўка на майстэрства і прафесіяналізм.
Як ісці да поспеху – паэтапна, напорыста, мэтанакіравана – ведае вадзіцель на адвозцы зерня Уладзімір Пабягайла. Трыццаты жніўны сезон ён сустрэў з двума рэкордамі – яго імя ўзначальвае рэйтынг лепшых у раёне на адвозцы зерня. І гэту прыступку Уладзімір трымае ўпэўнена. Пасля збожжа пяройдзе на кукурузу і зноў жа будзе рупліва наматваць кіламетры, каб не падвесці родную гаспадарку.
– Першыя віншаванні прыляцелі ўжо ад родных – яны таксама хвалююцца і ніколі не сумняваюцца. А гэта галоўнае – адчуваць падтрымку! Значны момант – харчаванне: у нас яно смачнае і своечасовае, – дзеліцца Уладзімір Пабягайла.


Некалькі зорных хвілін перапынілі звыклую работу. І хоць жніво
тут фінішавала, працы хапае. За справу і да сустрэчы на раённых
«Дажынках»!

Маргарыта КУХТА-МАСЛОЎСКАЯ.