Штучны ажыятаж вакол даведкі. У жніўні сапраўдны ажыятаж быў у дзіцячай кансультацыі Ляхавіцкай паліклінікі. У чым прычына?

У жніўні сапраўдны ажыятаж быў у дзіцячай кансультацыі Ляхавіцкай паліклінікі. Прычына не ўсплёск вострай рэспіраторнай інфекцыі.

Па традыцыі менавіта ў апошні месяц лета бацькі спяшаюцца ў медустановы, каб атрымаць медыцынскую даведку аб стане здароўя дзяцей для прадастаўлення ў дзіцячыя садкі і школы. Наплыў пацыентаў справакаваў чэргі і незадаволенасць. Цяжка даводзілася і медработнікам, якім неабходна было прыняць усіх жадаючых.
За каментарыем «ЛВ» звярнуўся ў Ляхавіцкую ЦРБ.
Сітуацыю патлумачыла раённы ўрач-педыятр Інэса ДРАЗДОВІЧ:
– Згодна з пастановай Міністэрства аховы здароўя аб парадку правядзення дыспансерызацыі дарослага і дзіцячага насельніцтва, штогадовае абследаванне здароўя праводзіцца пераважна ў месяц нараджэння дзіцяці. Пры дыспансерызацыі ўлічваюцца вынікі меды-
цынскіх аглядаў, праведзеных урачамі-спецыялістамі, медыцынскіх умяшанняў, праведзеных на працягу 12 месяцаў. Згодна з дзеючым заканадаўствам, тэрмін дзеяння даведкі аб стане здароўя для атрымання дашкольнай адукацыі і агульнай сярэдняй адукацыі – ад шасці месяцаў да аднаго года. 
Калі маленькі пацыент атрымаў даведку аб праходжанні дыспансерызацыі і стане здароўя 28 красавіка 2023 года, то дакумент дзейнічае да 28 красавіка 2024 года, і няма неабходнасці паўтараць медыцынскае абследаванне перад пачаткам навучальнага года ў жніўні. Канешне ж, гэта не забараняе прыход на прыём да ўрача, калі дзіця захварэла.
Школьнік ці выхаванец дзіцячага садка можа наведваць дашкольную ўстанову ці школу да заканчэння тэрміну дзеяння даведкі. Гэтую інфармацыю штогадова даводзім да кіраўніцтва ўстаноў адукацыі раёна, вядзецца растлумачальная работа і сярод бацькоў. Але, на жаль, далёка не ўсе
прыслухоўваюцца да рэкамендацый, адсюль і жнівеньскія чэргі на прыём да педыятра. Уявіце, калі за даведкай на працягу месяца прыйдуць усе 2 445 школьнікаў і каля 580 дашкольнікаў Ляхавіччыны…
Запісала Галіна КАНЬКО.