Мёд як мастацтва. Падзяка Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь за шматгадовую плённую працу, высокі прафесіяналізм, значны асабісты ўклад у развіццё лясной гаспадаркі аб’яўлена пчаляру Ляхавіцкага лясгаса

Падзяка Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь за шматгадовую плённую працу, высокі прафесіяналізм, значны асабісты ўклад у развіццё лясной гаспадаркі аб’яўлена сёлета пчаляру Востраўскага лясніцтва Ляхавіцкага лясгаса Івану Навумчыку. 

Пра мёд, яго гаючыя і смакавыя ўласцівасці, гатункі, пра нястомных працаўніц-пчол ён расказвае так цікава і захапляльна, што пчалярства здаецца лёгкім і нават рамантычным промыслам. А на справе ўсё куды больш складана.
– Двойчы на год праводзім выпампоўванне мёду. Але гэта зусім не значыць, што ў астатні час адпачываем. Зімой рыхтуем абсталяванне, ёмістасці, у якія складваецца прадукт пчалярства, клапоцімся, каб усё ў парадку было з вуллямі, нарыхтоўваем запас рамак. А як толькі пачынаецца сезон, наша работа ў асноўным на свежым паветры. Каб лясгасаўскі мядовы ўраджай радаваў, шукаем самыя салодкія і прывабныя для пчол месцы – лясы, лугі, сады, рапсавыя і грэцкія палеткі.
Стараемся ім дагадзіць, таму перавозім вуллі з аднаго месца на другое, каб карыснага ласунку назбіраць як мага больш. У нашых абавязках –
і лячэнне пчол, іх падкормка, – расказвае Іван Навумчык.
Дарэчы, ён яшчэ і адмысловы прадавец смачнага тавару. Абавязкова зазірніце на традыцыйныя восеньскія кірмашы ў Ляхавічах. Каля машыны лясгаса заўжды пакупнікі, якія закідваюць пытаннямі. А ён кожнаму растлумачыць, які гатунак лепш выбраць для лячэння, а які для ўмацавання імунітэту ці проста для смаку
замест цукру.
У Ляхавіцкім лясгасе не адзін мядовых спраў майстар з прозвішчам Навумчык – на пчальніку Востраўскага лясніцтва шчыруе вялікая сямейная дынастыя з сумарным працоўным стажам больш за стагоддзе. А заснавальнікам яе з’яўляецца бацька Івана
Навумчыка – таксама Іван. Тут працаваў і яго брат, а цяпер вось ужо трэці год побач з бацькам – сын Антон, таксама пчаляр і таксама, як бацька і дзядзька, выпускнік Смілавіцкага агракаледжа.
Зараз на пчальніках лясгаса завяршаецца другі за сезон збор салодкага ўраджаю.