Лясныя будні і віншаванні. Сёння Дзень работнікаў лесу

Ляхавіцкі лясгас сёння – гэта шэсць лясніцтваў і два цэхі дрэваапрацоўкі – у Крывошыне і Ляхавічах. У падраздзяленнях лясгаса працуе 240 чалавек. Сярод іх нямала тых, хто сваёй сумленнай працай заслужыў павагу і аўтарытэт і складае гонар прадпрыемства. Напярэдадні прафесійнага свята – Дня работнікаў лесу – многія работнікі лясной гаспадаркі атрымалі ўзнагароды і словы падзякі за прафесіяналізм і вернасць справе.

32 гады працуе бухгалтарам у цэху дрэваапрацоўкі ў Крывошыне Святлана Гатоўчыц. Яна прыклад для пераймання, прычым не толькі ў тым, як звесці дэбет з крэдытам, але і як згуртаваць калектыў і разам вырашаць пастаўленыя задачы. Святлана Гатоўчыц сёлета ўзнагароджана Ганаровай граматай Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.
Нямала ў падраздзяленнях лясгаса работнікаў, для якіх арганізацыя стала на многія гады адзіным месцам працы і сапраўды другім домам. Нагрудны знак «10 гадоў бездакорнай службы ў дзяржаўнай лясной ахове» ўручаны майстру лесу Востраўскага лясніцтва Дзмітрыю Лук’янчыку, вядучаму інжынеру па ахове і абароне лесу Аляксандру Лебядзеўскаму, лесніку Навасёлкаўскага лясніцтва Вячаславу Курловічу.
Сапраўдны профі ў сваёй справе – вопытнейшы трактарыст Крывошынскага лясніцтва Міхаіл Зубік, які ўзнагароджаны Граматай Міністэрства лясной гаспадаркі, а Сяргей Адамчык атрымаў Падзяку міністра лясной гаспадаркі. Гаспадар лесу і яго надзей-
ны абаронца, чалавек, які не ўяўляе сябе ў іншай прафесіі і любіць справу, якой займаецца, – такім ведаюць вопытнага лесніка Мядзведзіцкага лясніцтва Сяргея Плескацэвіча, які адзначаны Ганаровай граматай Міністэрства лясной гаспадаркі.
У Ляхавіцкім лясгасе рады маладым спецыялістам і стараюцца, каб яны замацаваліся тут. Трэці год у лясгасе
працуе выпускніца Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта Кацярына Бародзіч (на здымку), якой
даверылі ўзначаліць Востраўскае лясніцтва. І малады ляснічы не толькі трымае зададзеную папярэднікамі планку ў вытворчых паказчыках, пад яе кіраўніцтвам шмат зроблена ў плане добраўпарадкавання тэрыторыі каля адміністрацыйнага будынка.
На высокім узроўні – стварэнне належных умоў працы для ўсіх работнікаў. Па выніках мінулага года Ляхавіцкі лясгас заняў другое месца ў аглядзе-конкурсе стану аховы працы ў лясгасах Брэсцкага ДВЛГА.