Грыбы з падарожжам. У Ляхавіцкі РАНС паступіла паведамленне, што ў лесе каля вёскі Рагачы згубілася жанчына

19 верасня ў 16.33 у РАНС паступіла паведамленне, што ў лесе каля вёскі Рагачы згубілася жанчына 1960 г.н.
Папярэдне было вядома, што па грыбы яна пайшла разам з сынам, а з лесу выйшаў ён адзін і адразу пачаў пошукі маці. Сітуацыя ўскладнялася адсутнасцю ў пенсіянеркі тэлефона.
У пошуках былі задзейнічаны 24 чалавекі і сем адзінак тэхнікі, у тым ліку квадрацыкл. Жанчыну разам з яе роднымі шукалі супрацоўнікі РАНС, РАУС, лясгаса, дэпартамента аховы, а таксама выратавальнікі з Баранавіцкага ГРАНС, мясцовыя жыхары.

А палове восьмай гадзіны вечара ў чатырох з паловай кіламетрах ад Рагачоў жанчыну знайшла дачка. Меддапамога вяскоўцы не спатрэбілася.


Выратавальнікі перад выхадам у лес рэкамендуюць апрануць зручнае і яркае адзенне і непрамакальны абутак. Трэба ўзяць з сабой зараджаны тэлефон, ваду, лякарства, нож і запалкі.
Калі зразумелі, што заблудзілі, – не панікаваць, а патэлефанаваць у РАНС па нумары 101 ці 112 і расказаць, з якога населенага пункта ўвайшлі ў лес, апісаць, што бачыце вакол сябе. Калі апынуліся ў лесе без тэлефона, а сваё месцазнаходжанне не можаце вызначыць нават прыблізна, спыніцеся і супакойцеся. Галоўнае ¬- выйсці да людзей, таму важнымі арыенцірамі будуць лініі электраперадачы, прасекі і сцежкі. Знайшоўшы любы з гэтых аб’ектаў, неабходна ісці ўздоўж іх – наперадзе павінны быць людзі.


Кірыл КРАСОЎСКІ, намеснік начальніка РАНС.